Цягам верасьня расейскія войскі фактычна без перапынку атакуюць Кіеў і Кіеўскую вобласьць. Паводле ўкраінскага боку, напярэдадні толькі ў гэтым рэгіёне пацярпелі больш за 20 цывільных аб’ектаў, у тым ліку Нацыянальная акадэмія навук, калі загінуў адзін чалавек і атрымалі раненьні 24 чалавекі.
Украінскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што найбольш складана зьбіваць расейскія рэактыўныя дроны — «Герань-4» і «Герань-5», якія ствараюцца на базе іранскіх бесьпілётнікаў Shahed. Гэтыя дроны маюць турбарэактыўныя рухавікі і могуць разьвіваць хуткасьць ад 500 да 900 кілямэтраў на гадзіну. Пры гэтым яны маюць да 90 кіляграмаў баявую частку, камэры і сыстэмы сувязі для карэкціраваньня маршруту і ўдару.
Экспэрты сьцьвярджаюць, што хуткасьць і якасная сувязь, якую забясьпечвае Беларусь, зьяўляюцца асноўнымі прычынамі дакладнага пацэльваньня расейскіх дронаў па аб’ектах ва Ўкраіне.
Паводле дырэктара па разьвіцьці абароннага прадпрыемства Анатоля Храпчынскага, у Беларусі рэтрансьлятары ставяць на аддзелах памежнай службы.
«Адлегласьць работы такога рэтрансьлятара дазваляе закрыць пэрымэтар 140 кілямэтраў. То бок, калі ўмоўна блізка да чарнобыльскай зоны знаходзіцца антэна сувязі на тэрыторыі Беларусі, над Кіеўскім вадасховішчам прамы радыёгарызонт, які дазваляе пакрыць 140 кілямэтраў. То бок падпадае цалкам уся тэрыторыя Кіева. І таму зразумела, чаму яны так вольна сябе адчуваюць у паветранай прасторы Ўкраіны», — сказаў Анатоль Храпчынскі ў эфіры Ўкраінскай службы Радыё Свабода.
Што папярэднічала
Упершыню аб тым, што Беларусь дапамагае Расеі ажыцьцяўляюць атакі дронамі па Ўкраіне стала вядома сёлета ў чэрвені. Тады прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень на тое, каб зьняць рэтрансьлятары. «Калі ён гэтага ня зробіць, зробім мы», — папярэдзіў Зяленскі. Паводле яго, тады працавалі сама меней чатыры такія рэтрансьлятары ў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях.
Празь некалькі дзён пасьля гэтай заявы Зяленскі паведаміў, што нібыта 22 чэрвеня рэтрансьлятары спынілі працу. «Дэмантавалі ці не, я, шчыра кажучы, пакуль ня ведаю. Але мы над гэтым працуем, і я вельмі ўважліва сачу і штодня атрымліваю даклады. Факт, што рэтрансьлятары на сёньня не працуюць», — сказаў ён 24 чэрвеня.
30 чэрвеня тагачасны галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі заявіў, што беларускі бок не дэмантаваў рэтрансьлятары, аднак адключаў іх на пэўны час.
1 ліпеня прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што рэтрансьлятары адключаныя.
15 ліпеня дарадца Міністэрства абароны Ўкраіны Сяргей Бяскрэснаў сказаў, што, магчыма, рэтрансьлятары ў Беларусі час ад часу працягваюць выкарыстоўваць для атак.
18 верасьня ў Кіеве заявілі, што Беларусь зноў падключыла рэтрансьлятары для расейскіх бесьпілётнікаў.
Форум