Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Андрэй Дземчанка паведаміў, што з канца мінулага тыдня Ўкраіна фіксуе актыўную працу рэтрансьлятараў на тэрыторыі Беларусі, якія ўзмацняюць сыгнал для расейскіх бесьпілётнікаў, якія атакуюць Украіну, паведамляе выданьне «Українська правда».
Расея апошнім часам узмацніла ўдары на цывільныя аб’екты Ўкраіны, у тым ліку ў заходніх абласьцях.
З заявай выступіў прэс-сакратар Памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў эфіры тэлемарафону «Аб’яднаныя навіны»:
«Фактычна, з канца мінулага тыдня мы фіксуем ўключэньне рэтрансьлятараў, якія ўзмацнялі сыгнал для расійскіх бесьпілётнікаў, якія вораг пасылае ў нашы заходнія рэгіёны, гэтыя рэтранслятары знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі», — заявіў Дземчанка.
Ён адзначыў высокую актыўнасьць рэтрансьлятараў у пазначаны пэрыяд, што дазваляе Расеі наносіць удары па заходніх рэгіёнах Украіны.
Раней Служба дзяржаўнай бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што нядаўнія атакі расейскіх бесьпілётнікаў на Ровенскую, Валынскую і Львоўскую вобласьці падтрымліваліся з тэрыторыі Беларусі.
Што папярэднічала
11 верасьня кіраўнік начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Алег Івашчанка заявіў, што ў Беларусі зноў запрацавалі рэтрансьлятары для расейскіх дронаў.
Ён адзначыў, што ўкраінская выведка выявіла шэсьць такіх рэтрансьлятараў на поўдні Беларусі ўздоўж мяжы з Украінай.
«Нейкі час яны перасталі іх усталёўваць, але цяпер мы бачым, што некаторыя рэтрансьлятары зноў працуюць. У нас дастаткова магчымасьцяў, каб з гэтым разабрацца», — сказаў Івашчанка.
19 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень на тое, каб зьняць з вышак рэтрансьлятары для навядзеньня расейскіх дронаў уздоўж мяжы з Украінай: «Калі ён гэтага ня зробіць, зробім мы». Зяленскі таксама заклікаў спыніць пастаўкі нафтапрадуктаў расейскай арміі.
На наступны дзень у звароце да суайчыньнікаў ён заявіў, што Ўкраіне вядома «пра чатыры такія рэтрансьлятары ў Беларусі — у Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях», і паўтарыў, што ў Беларусі «ёсьць час, каб дэмантаваць гэтае абсталяваньне».
24 чэрвеня Зяленскі заявіў, што двума днямі раней рэтрансьлятары спынілі працу:
«Дэмантавалі ці не, я, шчыра кажучы, пакуль ня ведаю. Але мы над гэтым працуем, і я вельмі ўважліва сачу і штодня атрымліваю даклады. Факт, што рэтрансьлятары на сёньня не працуюць».
30 чэрвеня цяпер ужо былы Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі заявіў, што беларускі бок не дэмантаваў рэтрансьлятары, аднак адключаў іх на пэўны час.
1 ліпеня прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што рэтрансьлятары адключаныя.
15 ліпеня дарадца Міністэрства абароны Ўкраіны Сяргей Бяскрэснаў сказаў, што, магчыма, рэтрансьлятары ў Беларусі час ад часу працягваюць выкарыстоўваць для атак.
Як улады Беларусі падтрымалі расейскую агрэсію
Улады Беларусі 24 лютага 2022 году дазволілі скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперастанку праводзяць вайсковыя вучэньні.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.