OFAC (Управа кантролю замежных актываў Міністэрства фінансаў ЗША) 13 кастрычніка паведаміла, што Bank of America дасягнуў пагадненьня з OFAC на суму 11 662 930 даляраў. Банк пагадзіўся выплаціць гэтую суму «для ўрэгуляваньня сваёй патэнцыйнай цывільнай адказнасьці за 475 відавочных парушэньняў праграмаў санкцыяў OFAC, накіраваных на Расею, Беларусь, Іран, Бірму, Самалі, наркатрафік і глябальны тэрарызм».
Парушэньні адбыліся, паведаміла OFAC, калі Bank of America апрацоўваў плацяжы з удзелам заблякаваных банкаў, не надаваў належнай увагі папярэджаньням тым кліентам, чые імёны і даты нараджэньня дакладна супадаюць са зьвесткамі заблякаваных асобаў, не абнаўляў своечасова сьпісы назіраньня пасьля рашэньняў OFAC і няправільна апрацоўваў два бізнэс-рахункі, зьвязаныя з заблякаванымі асобамі, праз чалавечую памылку.
«Сума ўрэгуляваньня адлюстроўвае перакананасьць OFAC у тым, што відавочныя парушэньні з боку Bank of America не былі грубымі, але пераважна не былі раскрытыя добраахвотна», — заявіла кантрольнае ведамства.
Напрыклад, зь лютага 2022 году па сакавік 2025 году Bank of America зьдзейсьніў 403 трансакцыі праз 35 заблякаваных банкаў. Агульная сума гэтых парушэньняў склала 14 340 100 даляраў.
Тут маюцца на ўвазе таксама два банкі, заблякаваныя ў межах праграмы санкцыяў, накладзеных на Беларусь. Іх назвы і сумы зьвязаных зь імі апэрацыяў не раскрываюцца.
Чаму гэта важна
Супраць уладаў Беларусі ўведзеныя санкцыі за масавыя рэпрэсіі й падтрымку расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне. Апошнім часам урад ЗША ўхваліў некалькі рашэньняў аб зьняцьці некаторых санкцыяў у рамках дамовы аб вызваленьні палітвязьняў.
У ЗША і Эўразьвязе выяўляюць шляхі, якія падсанкцыйныя рэжымы і гандляры наркотыкамі выкарыстоўваюць для атрыманьня сродкаў, кантрабанды і набыцьця крытычных тэхналёгіяў. Гэта дае магчымасьць дзейнічаць санкцыям, уведзеным ЗША супраць такіх рэжымаў, адразае падсанкцыйныя рэжымы ад магчымасьці зарабляць сродкі і выкарыстоўваць заробленыя грошы на супрацьзаконную дзейнасьць, на шкоду ЗША.