Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы і да малой, і да вялікай угоды з ЗША гатовыя». Лукашэнка расказаў, чаго чакае ад прыезду Коўла

Аляксандар Лукашэнка на палігоне пад Баранавічамі, 11 верасьня 2026 году
Аляксандар Лукашэнка на палігоне пад Баранавічамі, 11 верасьня 2026 году

Аляксандар Лукашэнка заклікаў «вярнуць» з амэрыканскага Citybank больш за 40 мільёнаў даляраў і заявіў, што ў ЗША неўзабаве адправіцца першы карабель зь беларускімі калійнымі ўгнаеньнямі.

Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі на Абуз-Лясноўскі палігон пад Баранавічамі расказаў пра пытаньні ў кантактах з ЗША і ўмовы для сустрэчы з прэзыдэнтам Дональдам Трампам.

«Мы адкрытыя. Яны паздымалі санкцыі з шэрагу нашых прадпрыемстваў, гатовыя і далей здымаць. Там куча пытаньняў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Пасольствы — давайце абмяркоўваць, як будзем аднаўляць. Ядзерныя матэрыялы і іншае — там у нас цэлая праграма — калі ласка. Хочаце ў нас калійныя ўгнаеньні (калі хочаце) купляць — калі ласка».

«Я адкрыта казаў, што я трампіст, я падтрымліваў Трампа. Я бачу ягоныя памылкі. Пра гэта кажу наўпрост ягонаму найлепшаму сябру, які павінен прыехаць да нас», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, маючы на ўвазе дарадцу прэзыдэнта ЗША Джона Коўла.

Ён таксама згадаў Раду міру ў справе Газы, пацьвердзіўшы гатоўнасьць працаваць і ў гэтым фармаце.

«Добра, давайце разам. Толькі не падыгрываць там — у выглядзе дэкарацыі. Для мяне гэта не падыходзіць. Я наўпрост ім кажу, што дзеля гэтага я не гатовы сустракацца з Дональдам Трампам».

«Каб зь ім сустрэцца (гэта добра, для Беларусі было б вельмі карысна), трэба разумець: сустрэліся, а што? Павіталіся і разьехаліся?» — сказаў Лукашэнка.

Што да магчымасьці «вялікай угоды» паміж Беларусьсю і ЗША, пра якую гаварылася раней, Лукашэнка пацьвердзіў, што гэта актуальна і сёньня.

«Мы і да малой, і да вялікай угоды гатовыя», — заявіў ён.

Аляксандар Лукашэнка нагадаў, што першапачаткова ў кантактах з ЗША ўсё засяродзілася на палітвязьнях, і ў гэтым пытаньні ён таксама пайшоў насустрач.

«Ды бог з вамі, забірайце. Вось усе перажывалі: „Ах, Ціханоўскага адпусьцілі!“ І дзе Сярожа? Знайсьці ня могуць. Ён нікому не патрэбны», — адзначыў Лукашэнка.

Вяртаючыся да тэмы паставак беларускіх калійных угнаеньняў, ён расказаў, што якраз цяпер ідзе пагрузка судна для адпраўкі ў ЗША. Аднак, паводле яго, Беларусь ня зможа адразу забясьпечыць буйныя пастаўкі.

«Мы ж закантрактавалі іх на гэты год. На наступны год разгледзім. Цяпер зьявілася магчымасьць загрузіць судна (заўтра дакладна скончым пагрузку) — забірайце, — сказаў Лукашэнка. — Але доўг вярніце. $43–44 млн нашых у Citibank затрымаліся — кампанія, якая з намі супрацоўнічала, заплаціла грошы. У багатай Амэрыцы затрымаліся. Вы нам, калі ласка, вярніце гэтыя грошы, — сказаў ён. — Урад мне пісьмова далажыў. Грошы вярніце! Гэта ж ганьба для ЗША. Потым мы з вамі будзем дамаўляцца пра больш сур’ёзныя рэчы».

🛈 Раней у адкрытых крыніцах не было інфармацыі пра нібыта замарожаныя ў амэрыканскім банку грошы Беларуськалія. Міністэрства фінансаў ЗША зьняло зь Беларуськалія санкцыі 26 сакавіка 2026 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG