Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: ЗША працуюць над маштабнай угодай у закупцы калійных угнаеньняў у Беларусі

Прадпрыемства Беларуськалій
Прадпрыемства Беларуськалій

21 верасьня за некалькі гадзін да заявы Трампа кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што нават пры жаданьні краіна не магла бы паставіць ЗША патрэбных аб’ёмаў.

«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай у закупцы калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!» — напісаў Дональд Трамп на сваёй старонцы ў Truth Social.

Адметна, што за некалькі гадзін да гэтага допісу прэзыдэнта ЗША пра экспарт беларускіх калійных угнаеньняў выказаўся Аляксандар Лукашэнка.

«Наколькі я інфармаваны прэм’ер-міністрам і ўрадам, нам удалося пераарыентавацца на ўсход. Сьведчаньнем таму — перамовы з амэрыканцамі. І як тут многія крычаць: „Ах, калій!“ Мы нават калі б захацелі кудысьці паставіць на іншыя рынкі, заходнія рынкі, у нас проста гэтых аб’ёмаў няма, усё закантрактавана», — заявіў Лукашэнка.

Што папярэднічала

Беларускі калій, імаверна, уваходзіў у праграму перамоў спэцыяльнага прадстаўніка Трампа Джона Коўла з Лукашэнкам раней у гэтым месяцы.

Ранейшыя перамовы справакавалі пытаньні да Літвы, якая адказвала, што не адчувае ціску ЗША ў пытаньні перавалкі беларускага калію праз порт у Клайпедзе.

ЗША скасавалі санкцыі на беларускі калій у сакавіку 2026 году, калі ўлады Беларусі вызвалілі 250 зьняволеных у рамках пагадненьня, падпісанага пры пасярэдніцтве ЗША. Рашэньне закранула гігант «Беларуськалій», ягоны маркетынгавы падразьдзел — «Беларускую калійную кампанію», а таксама кампанію «Аграразьвіцьцё».

У сваю чаргу, Эўразьвяз скасоўваць абмежаваньні, накладзеныя на беларускі калій, адмовіўся.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG