Прэзэнтацыя сайту прайшла ў Інфармацыйным пункце Рады Эўропы для беларусаў, які з траўня дзейнічае ў Нацыянальнай бібліятэцы Літвы імя Марцінаса Мажвідаса ў Вільні.
Імпрэза была прысьвечана праблеме сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Гэты мэтад пакараньня не прыпыняўся з савецкіх часоў. Толькі з 1994 году сьмерцю пакаралі больш за 300 чалавек, адзначаюць аўтары мапы і задаюцца пытаньнем: а як да гэтага ставіцца беларуская моладзь?
Юлія Ралко — актывістка Беларускага нацыянальнага моладзевага савету «Рада» ў размове з Свабодай патлумачыла, чаму тэма сьмяротнага пакараньня яе тычыцца таксама.
«Прыкладам я супраць сьмяротнага пакараньня, але праблема ў тым, што нашага меркаваньня ніхто ня чуе, бо ў нас не пытаюцца», — зазначыла Юлія Ралко.
Актывісты гэтай арганізацыі працавалі над ідэяй і стварэньнем сайту два гады і пры падтрымцы Рады Эўропы ўдалося зрабіць першы крок: зьявілася «Мапа сьмяротнага пакараньня» ў Менску. Юлія Ралко патлумачыла, чаму менавіта для моладзёвых актывістаў аказалася важнай гэтая тэма.
«Цікавае вынаходніцтва зрабілі падчас працы. Калі прааналізавалі зьвесткі пра тых, каго пакаралі сьмерцю з 1994 году, выявілася, што ўзрост паловы зь іх ад 18 да 31 году. То бок праблема сьмяротнага пакараньня непасрэдна тычыцца моладзі. Таму натуральна, што над праектам працавала моладзь: маладыя дызайнэры, ілюстратары, аўтары тэксту і перакладчыкі», — сказала Юлія Ралко.
Пры гэтым з прычын бясьпекі Юлія не змагла апублічыць большасьць калег, якія зь ёй працавалі і працуюць над праектам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Апошні раз у 2021 годзе? Ці праўда, што ў Беларусі больш не расстрэльваюць людзей«Важна, каб мінакі разумелі, што гэтыя месцы насамрэч маюць і такую гісторыю»
Усяго на мапе 14 менскіх лякацый, зьвязаных з выкананьнем сьмяротнага пакараньня. Гэта ня толькі былая турма «Валадарка», дзе выконвалі сьмяротныя прысуды яшчэ ў нядаўнія гады, але і лякацыі «чырвонага тэрору» 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя і месцы пэрыяду сталінскіх рэпрэсій.
Гэтак на мапе сайту зьявіліся «гатэль „Эўропа“ па вуліцы Энгельса, 18», «Койданаўскі тракт», «Камароўскі лес», «Парк Чалюскінцаў», «Лошыцкая яма». Ня ўсе зь іх сучасны беларус вызначыць без дапамогі адмыслоўцаў, прызнае Юля Ралко.
«Так, ёсьць вядомая турма і Вярхоўны суд, але ёсьць сучасны парк, кінатэатар, школа. Здаецца, прычым тут гэтыя аб’екты? Але сувязь ёсьць. У пошуку лякацый мы кансультаваліся з гісторыкам Ігарам Станкевічам і праваабаронцам Андрэем Палудай з кааліцыі „Не сьмяротнаму пакараньню ў Беларусі“, з іншымі актывістамі. Шлях атрымаўся не кароткі і вельмі цяжкі. Але, мяркую, вельмі важна, каб людзі, калі ідуць міма, разумелі, што гэтыя месцы насамрэч маюць і такую частку гісторыі.
Дарэчы, 14-й, апошняй лякацыяй на мапе стала адміністрацыя Лукашэнкі, дзе вырашаецца, ці памілуе ён каго з прыгавораных на сьмерць людзей. У інфармацыі пра гэтае месца на мапе пазначана, што ў 2010 годзе побач з адміністрацыяй праходзіў пікет за адмену сьмяротнага пакараньня, які закончыўся арыштам удзельнікаў пратэсту. Сярод іх быў і будучы ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Ягонымі словамі мы фактычна пачалі гэтае сумнае падарожжа», — распавяла Юля Ралко.
«Для тых, хто ня быў у вязьніцы, немагчыма зразумець, што гэта. Але яшчэ больш немагчыма ўявіць, як гэта — быць асуджаным на сьмерць і чакаць выкананьня прысуду», — цытуюць аўтары праекту вядомага праваабаронцу «Вясны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская і Бяляцкі гаварылі пра беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць на канфэрэнцыі ў рамках АБСЭ«Без адмены сьмяротнага пакараньня не адбудзецца дэмакратычны пераход»
10 кастрычніка ў сьвеце адзначаўся дзень супраць сьмяротнага пакараньня.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» цягам тыдня прысьвяціў гэтай праблеме шэраг імпрэз, уключна з онлайн-дыскусіяй. Юля Ралко мяркуе, што гэтая тэма яшчэ шмат часу застанецца дыскусійнай, але асабіста яна верыць у перамогу адмены сьмяротнага пакараньня, бо без гэтага немагчымы дэмакратычны пераход.
«Мы перакананыя, што без адмены сьмяротнага пакараньня ня можа быць дэмакратычнай Беларусі, бо такая мера пакараньня непрымальная для эўрапейскай краіны, дзе паважаюцца правы чалавека. Мы прыцягваем увагу людзей да гэтай праблемы, але галоўнае, што такое патрабаваньне мусіць стаяць перад уладай. Так, 30 гадоў таму прайшоў рэфэрэндум, на якім большасьць беларусаў ухваліла сьмяротнае пакараньне. Але што далей? Мой адказ, што калі новы ўрад будзе праводзіць пераход да дэмакратыі, дык мусіць быць палітычная воля вырашыць гэтую праблему», — сказала актывістка «Рады» Юлія Ралко.
На імпрэзе ў Інфармацыйным пункце Рады Эўропы для беларусаў спэцыяльны каардынатар інфармацыйнага пункта Ежы Баурскі адзначыў важнасьць працы па прасоўваньні эўрапейскіх каштоўнасьцей і нормаў на карысьць дэмакратычнай будучыні Беларусі. Удзельнікаў сустрэчы вітала Расма Рамошкайце, дырэктар Дэпартамэнту ААН, міжнародных арганізацый і правоў чалавека Міністэрства замежных спраў Літвы. У круглым стале прынялі ўдзел каардынатар Рады Эўропы па пытаньнях адмены сьмяротнага пакараньня, а таксама прадстаўнікі Беларускага Хэльсынскага камітэту і Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Радзе Эўропы выказалі спадзеў, што ў дэмакратычнай Беларусі ня будзе сьмяротнага пакараньняПазыцыя Рады Эўропы і Эўразьвязу
Мерапрыемства ў Вільні зьяўляецца часткай больш шырокага комплексу дзеяньняў Рады Эўропы дзеля барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня. Генэральны сакратар Ален Бэрсэ і Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага зьвязу Кая Калас выступілі з сумеснай заявай, у якой пацьвердзілі, што ЭЗ і Рада Эўропы адназначна выступаюць супраць сьмяротнага пакараньня ў любых выпадках і пры любых абставінах, а таксама зноў падкрэсьлілі, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе па-ранейшаму ўжываецца сьмяротнае пакараньне.
Пытаньне адмены сьмяротнага пакараньня стала цэнтральнай тэмай абмеркаваньня ў Камітэце міністраў Рады Эўропы. Камітэт міністраў Рады Эўропы 7 кастрычніка ўхваліў комплексную пастанову па пытаньні сьмяротнага пакараньня, у тым ліку ў дачыненьні да Беларусі. Чальцы камітэту, у прыватнасьці, выказалі глыбокае шкадаваньне з нагоды таго, што Беларусь выкарыстоўвае палажэньні аб сьмяротным пакараньні, уключаныя ў Крымінальны кодэкс у 2022 і 2023 гадах, для вынясеньня сьмяротных прысудаў. Яны зноў рашуча заклікалі ўлады Беларусі спыніць усе пакараньні сьмерцю да моманту поўнай адмены гэтага віду пакараньня і прымяняць альтэрнатыўную меру пакараньня, прадугледжаную беларускім крымінальным заканадаўствам.
Камітэт міністраў Рады Эўропы станоўча ацаніў прыняцьце беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў чэрвені 2025 году мэмарандуму аб адмене сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, што адбылося пасьля сэмінара, арганізаванага Радай Эўропы ў рамках дзейнасьці Кантактнай групы паміж Радай Эўропы, беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю. Ён таксама станоўча адзначыў правядзеньне Радай Эўропы публічнага мерапрыемства па праблеме сьмяротнага пакараньня ў Беларусі ў ходзе апошняга Сусьветнага кангрэсу супраць сьмяротнага пакараньня — у рамках ініцыятыў, заплянаваных Кантактнай групай на 2026–2027 гады, — і заклікаў да іх рэалізацыі.
Інфармацыйны пункт Рады Эўропы для беларусаў у Вільні
12 траўня ў Вільні адбылася інаўгурацыя інфармацыйнага пункту Рады Эўропы для беларусаў. Ён размешчаны ў Нацыянальнай бібліятэцы Літвы імя Марцінаса Мажвідаса на праспэкце Гедзіміна.
У цырымоніі адкрыцьця інфармацыйнага пункту ўзялі ўдзел старшыня Сейму Літвы Юозас Олекас, міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс, Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ і кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.
У 1994 годзе Рада Эўропы адкрывала ў мурах бібліятэкі падобны пункт для грамадзянаў вольнай Літвы, які моцна дапамог літоўцам на іх шляху да сяброўства ў Эўразьвязе.
Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс тады назваў адкрыцьцё пункту «значнай падзеяй». Літоўскі палітык бачыць у гэтым пасланьне аб тым, што ў Эўропы павінны быць сябры, якім яна будзе давяраць. Будрыс спадзяецца, што такім сябрам стане будучая дэмакратычная Беларусь. Ён паўтарыў патрабаваньні да цяперашняга ўраду, рэжыму Лукашэнкі вызваліць палітвязьняў, спыніць рэпрэсіі, спыніць дапамогу агрэсіі Расеі супраць Украіны.