12 траўня ў Вільні запрацаваў Інфармацыйны пункт Рады Эўропы для беларусаў. Ягоная лякацыя — Нацыянальная бібліятэка Літвы імя Марцінаса Мажвідаса на праспэкце Гедыміна.
У цырымоніі адкрыцьця інфармацыйнага пункту ўзялі ўдзел старшыня Сейму Літвы Юозас Олекас, міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс, Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ і кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.
«У час прапаганды і дэзынфармацыі асабліва важнай стала магчымасьць наўпрост атрымаць дакладную і праўдзівую інфармацыю», — сказала, адкрываючы цырымонію інагурацыі Інфармацыйнага пункту Аўшрыне Жыленскене, дырэктарка Нацыянальнай бібліятэкі імя Марцінаса Мажвідаса. Яна згадала, што ў 1994 годзе Рада Эўропы адкрывала ў сьценах бібліятэкі падобны пункт для грамадзянаў вольнай Літвы, які моцна дапамог літоўцам на іх шляху да сяброўства ў Эўразьвязе.
Старшыня Сейму Юозас Олекас падкрэсьліў значнасьць падтрымкі дэмакратычных сілаў Беларусі, якія змагаюцца за вяртаньне Беларусі ў сям’ю дэмакратычных краін Эўропы. Паводле Олекаса, Літва будзе даваць беларусам значную падтрымку на гэтым шляху.
Удзельнікаў цырымоніі вітаў Генэральны сакратар Рады Эўропы Ален Бэрсэ. Ён сказаў, што падзяляе меркаваньне пра тое, што Беларусь ня роўная Расеі, а беларусы сваім змаганьнем з дыктатурай давялі, што імкнуцца да свабоды і дэмакратыі. Рада Эўропы, паводле Бэрсе, будзе й надалей падтрымліваць беларускую дэмакратычную супольнасьць у яе змаганьні за аднаўленьне дэмакратычнага ладу ў краіне. Палітык мяркуе, што доказам падтрымкі ёсьць аднаўленьне працы інфармацыйнага пункту Рады Эўропы для беларусаў у Вільні.
«Беларускія дэмакратычныя сілы ўжо прадстаўленыя ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) і Кангрэсе мясцовых і рэгіанальных уладаў. Адкрыцьцё Інфармацыйнага пункту робіць нас яшчэ бліжэйшымі», — заявіў Бэрсэ.
Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, адкрыцьцё Інфармацыйнага пункту Рады Эўропы нагадвае сьвету, што Беларусь — частка Эўропы.
«Сёньняшняя падзея мае важнае сымбалічнае значэньне. Яна вяртае беларускаму народу свабоду дзеяньняў. Яна паказвае, што Беларусь не безнадзейная. І яна пасылае выразны сыгнал: калі надыдзе час, Рада Эўропы адчыніць свае дзьверы для Беларусі», — сказала Ціханоўская.
Паводле лідэркі дэмакратычных сіл Беларусі магчымасьці, якія адкрывае Інфармацыйны пункт Рады Эўропы, дапамогуць зблізіць беларусаў з Эўропай праз мабільнасьць, адукацыю і абмены.
«Мы павінны паказаць, што іншая Беларусь магчымая: свабодная, эўрапейская Беларусь. І гэта магчыма — калі мы будзем працягваць змагацца», — перакананая Ціханоўская.
Паводле яе, інфармацыя, якую можна будзе атрымаць з гэтай крыніцы, будзе асабліва карыснай для беларускіх грамадзкіх дзеячоў, журналістаў і былых палітвязьняў. Палітык заклікала працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі, каб хутчэй дамагчыся вызваленьня ўсіх палітвязьняў і падзякавала за дапамогу ў гэтай справе дыпляматам ЗША, эўрапейскім палітыкам, Радзе Эўропы і асабіста кіраўнікам Літвы за іх прынцыповую пазыцыю.
Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс назваў адкрыцьцё пункту «значнай падзеяй». Літоўскі палітык бачыць у гэтым пасланьне пра тое, што ў Эўропы павінны быць сябры, якім яна будзе давяраць. Будрыс спадзяецца знайсьці такога сябра ў будучай дэмакратычнай Беларусі. Ён паўтарыў патрабаваньні да цяперашняга ўраду, рэжыму Лукашэнкі вызваліць палітвязьняў, спыніць рэпрэсіі, спыніць дапамогу агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Афіцыйны візыт Генэральнага сакратара Рады Эўропы Алена Бэрсэ ў Літву пачаўся 11 і працягнуўся 12 траўня. На сустрэчах з кіраўніцтвам Літвы, як паведаміла прэсавая служба Рады Эўропы, былі абмеркаваныя пытаньні бясьпекі, вяршэнства права, падтрымкі Ўкраіны, а таксама супраца Літвы зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю і дэмакратычнымі сіламі.
Форум