Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні раз у 2021 годзе? Ці праўда, што ў Беларусі больш не расстрэльваюць людзей

Камэра, дзе знаходзяцца прыгавораныя да пакараньня сьмерцю. Архіўнае фота
Камэра, дзе знаходзяцца прыгавораныя да пакараньня сьмерцю. Архіўнае фота
Слухаць
14 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

10 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень супраць сьмяротнага пакараньня. Беларусь застаецца адзінай краінай ў Эўропе, дзе караюць сьмерцю, нягледзячы на магчымыя судовыя памылкі і незваротнасьць такога пакараньня.

За мінулыя дзесяцігодзьдзі пакараньне сьмерцю скасавалі ў 140 краінах сьвету. Гэты працэс закрануў і постсавецкую прастору. У суседняй зь Беларусьсю Расеі апошні сьмяротны прысуд выканалі ў 1996 годзе над сэрыйным забойцам Сяргеем Галоўкіным, а ў 1997 годзе там увялі бестэрміновы мараторый на сьмяротнае пакараньне, які ў 2008 годзе зацьвердзіў Канстытуцыйны Суд РФ. У 2008 годзе пакараньне сьмерцю скасавалі ва Ўзбэкістане. Улады Беларусі, абгрунтоўваючы, чаму не ідуць на скасаваньне кары сьмерцю, спасылаюцца на «голас народу», на рэфэрэндум 1996 году, на якім большасьць грамадзян Беларусі прагаласавала за захаваньне такога пакараньня. Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК Беларусі, тады супраць скасаваньня сьмяротнай кары выказаліся 80,44% тых, хто меў права ў рэфэрэндуме ўдзельнічаць.

Праваабаронца Леанід Судаленка больш за 15 гадоў шчыльна займаецца праблемай сьмяротнага пакараньня і нават дамогся разгляду справы асуджанага на сьмерць беларуса Аляксандра Грунова ў Камітэце правоў чалавека ААН. Суразмоўца Свабоды тлумачыць, што рашэньне таго рэфэрэндуму мела толькі кансультацыйны, неабавязковы характар.

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

«Рэфэрэндум 1996 году меў рэкамэндацыйны характар! Гэта трэба тлумачыць, падкрэсьліваць — рэкамэндацыйны, а не абавязковы характар. Давайце паглядзім на грамадзтва ў 1996 годзе і цяперашняе грамадзтва. Ды ўжо цэлае пакаленьне зьмянілася, з таго часу прайшло 30 гадоў!» — эмацыйна кажа праваабаронца.

400 сьмяротных прысудаў

У Беларусі з 1991 па 2026 гады вынесена каля 400 сьмяротных прысудаў. Былі гады, калі выносілі па 2–3 прысуды. Пік прыйшоўся на 1996 і 1997 гады, тады было прысуджана адпаведна 46 і 47 пакараньняў сьмерцю.

Паводле афіцыйных зьвестак, апошні на гэты момант сьмяротны прысуд у Беларусі вынесьлі грамадзяніну Нямеччыны Рыка Крыгеру ў 2024 годзе, якога Лукашэнка празь некалькі дзён пасьля прысуду памілаваў — для Крыгера «быў выкарыстаны акт гуманізму». Крыгера абмянялі на асуджанага на пажыцьцёвае зьняволеньне афіцэра расейскага ФСБ Вадзіма Красікава, якога пры абмене ля трапа самалёта сустракаў Уладзімір Пуцін.

За 32 гады кіраваньня Лукашэнкі праваабаронцам вядомыя чатыры выпадкі, калі той учыніў акт гуманізму да тых, каго мелі пакараць сьмерцю.

  • У 1990-я быў памілаваны асуджаны на сьмерць Сяргей Паціраеў. Падрабязнасьцяў ягонай справы праваабаронцы амаль ня маюць.
  • У 2021 годзе былі памілаваныя браты Станіслаў і Ільля Косьцевы, якія забілі сваю суседку-настаўніцу. Але іх ня вызвалілі, а перавялі на пажыцьцёвае зьняволеньне.
  • У 2024 годзе быў памілаваны грамадзянін Нямеччыны Рыка Крыгер.


Улада замоўчвае інфармацыю?

Пасьля прысуду Крыгеру ў ліпені 2024 году інфармацыі пра новыя сьмяротныя прысуды, вынесеныя або выкананыя ў Беларусі, у публічнай прасторы не зьяўлялася. Зараз за кратамі можа быць як мінімум адзін асуджаны на сьмерць чалавек — гэта пакараны за забойства свайго трохгадовага сына Аляксандар Таратута. Прысуд у справе Таратуты вынесьлі яшчэ ў 2023 годзе. Напачатку 2024 году Вярхоўны суд пакінуў яго ў сіле. Праваабаронцам невядома дакладна, ці прысуд быў выкананы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, яго маглі расстраляць у 2024 годзе.

Агулам дасяжная статыстыка вынясеньня сьмяротных прысудаў і расстрэлаў прыгавораных да іх злачынцаў у Беларусі пасьля падзеяў 2020 году выглядае наступным чынам:

Рыка Крыгер, скрыншот зь відэа беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня
Рыка Крыгер, скрыншот зь відэа беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня
  • 2020 — Сьмяротныя прысуды братам Станіславу і Ільлю Косьцевым (якіх пазьней памілуе Лукашэнка. — РС) і Віктару Скрундзіку. Зьвестак пра расстрэлы ў гэтым годзе няма.
  • 2021 — Расстраляны Віктар Паўлаў, асуджаны на сьмерць у 2019 годзе.
  • 2022 — Расстраляны Віктар Скрундзік, новых сьмяротных выракаў не выносілі.
  • 2023 — Вынесены сьмяротны прысуд Аляксандру Таратуту, дакладных зьвестак пра яго далейшы лёс у праваабаронцаў няма. Існуе верагоднасьць, што ён быў расстраляны ў 2024 годзе.
  • 2024 — Сьмяротны прысуд грамадзяніну Нямеччыны Рыка Крыгеру, якога памілаваў Лукашэнка ў тым жа годзе.
  • 2025 — Першы за ўвесь час кіраваньня Лукашэнкі год, калі праваабаронцы не атрымалі інфармацыі ні пра вынясеньне новых сьмяротных прысудаў, ні пра выкананьне старых.
  • 2026 — На гэты момант публічна пра вынясеньне cьмяротных прысудаў і іх выкананьне зьвестак таксама няма. Праваабаронцы зазначаюць, што маюць вельмі абмежаваны доступ да такой інфармацыі.
Віктар Скрундзік на судзе, студзень 2021
Віктар Скрундзік на судзе, студзень 2021

Леанід Судаленка гаворыць, што, магчыма, улады Беларусі проста пачалі замоўчваць інфармацыю пра сьмяротнае пакараньне.

«Улада хавае інфармацыю наагул пра рэпрэсіі і пра сьмяротнае пакараньне ў прыватнасьці. Магчыма, сьмяротныя прысуды былі, а магчыма, іх не было — пасьля Крыгера. А справа Крыгера была гучнай. Яшчэ два гады таму на сайце Вярхоўнага суду ў розных рубрыках можна было адсочваць такія зьвесткі, нават прозьвішчы судзьдзяў, якія выносяць прысуды, публікавалі. Але ў апошнія 2 гады нам нічога не вядома. Пра што гэта кажа? Што ў Беларусі перасталі зьдзяйсьняць такія цяжкія злачынствы? 30 гадоў праблема існавала, а тут раптам яна зьнікла? Яшчэ гадоў пяць таму было па 1--2 прысуды. А тут раптам няма цяжкіх злачынстваў? Магчыма, ёсьць яны, але мы пра іх ня ведаем», — мяркуе Леанід Судаленка.


«Мы баранілі не забойцу»

На думку праваабаронцы, сьмяротнае пакараньне ня служыць фактарам стрыманьня, асабліва цяжкія злачынствы ўсё адно адбываюцца. Да таго ж сьмяротнае пакараньне спараджае жорсткасьць у грамадзтве, перакананы Судаленка.

«Асноўныя фактары, якія правакуюць цяжкія злачынствы, — гэта беднасьць, неадукаванасьць, псыхічныя адхіленьні. А сьмяротнае пакараньне ніяк ня можа паўплываць на гэтыя прычыны. Трэба шукаць іншыя шляхі, каб не было прычынаў. Сьмяротнае пакараньне не дае магчымасьці чалавеку выправіцца. Калі мы кажам, што мэтай любога крымінальнага перасьледу зьяўляецца выпраўленьне, то у выпадку сьмяротнага выраку сэрыйны забойца ж ня выправіцца! Калі б ён сядзеў пажыцьцёва, магчыма, да Бога б прыйшоў. Мы ж кажам не пра тое, што трэба вызваляць іх ад адказнасьці, а пра тое, што такая кара не дае магчымасьці выправіцца.

Сьмяротнае пакараньне пазбаўляе асуджанага права на жыцьцё», — кажа суразмоўца.

І дадае, што і праваслаўная, і каталіцкая канфэсіі выступаюць супраць сьмяротнага пакараньня.

Суд па справе Аляксандра Грунова, сьнежань 2013 году
Суд па справе Аляксандра Грунова, сьнежань 2013 году

Праваабаронца Леанід Судаленка ў 2013–2014 гадах сур’ёзна займаўся справай 26-гадовага гомельца Аляксандра Грунова, які ў 2012 годзе забіў студэнтку — нанёс дзяўчыне 120 нажавых раненьняў. У сьнежні 2013 году Грунова пакаралі сьмерцю.

«Але мы баранілі тады не забойцу — мы баранілі права на жыцьцё. І ёсьць рашэньне профільнага камітэту ААН, дзе зафіксаваны гэты выпадак. Я яго бараніў на міжнародным узроўні, мы зь ягонай маці Вольгай Груновай дабіваліся выдачы цела, дайшлі да Камітэту правоў чалавека ААН. І ёсьць дакумэнт, дзе канстантавана ня толькі парушэньне права на жыцьцё забітага, але і бесчалавечае абыходжаньне зь ягонай маці, якая ня можа даведацца месца пахаваньня сына.

На першай сустрэчы з маці я сказаў: „Я тут не таму, што хачу бараніць вашага сына. Я тут таму, што мы хочам прымусіць дзяржаву на прыкладзе справы вашага сына накласьці мараторый на пакараньне сьмерцю“. Маці пайшла ў камэру сьмяротнікаў Гомельскага СІЗА і вынесла мне даверанасьць, на падставе якой я бараніў Грунова ў Камітэце правоў чалавека ААН.

У Беларусі ёсьць яшчэ адна праблема — сваякам не аддаюць цела, каб пахаваць яго. Мы з маці Грунова дайшлі да Натальлі Качанавай, яна дала адпіску, што, маўляў, „калі будуць аддаваць целы, вандалы будуць раскопваць магілы дзеля помсты“», — узгадвае Судаленка.

І дадае, што на тэму сьмяротнага пакараньня павінен быць дыялёг і з грамадзтвам, і зь дзяржавай, бо гэта вельмі адчувальная тэма.

«Здраднікі» і «тэрарысты»

Да зьменаў у заканадаўстве ў 2022–2023 гадах сьмяротнае пакараньне ў Беларусі выносілі ў 12 катэгорыях злачынстваў у мірны час і яшчэ ў дзьвюх — у ваенны. Артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога найчасьцей выносілі сьмяротныя прысуды, — забойства з абцяжлівымі абставінамі. Толькі адзін раз у незалежнай Беларусі вынесьлі сьмяротны прысуд у справе аб «тэрарызьме». Так пакаралі Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава, абвінавачаных у арганізацыі выбуху ў менскім мэтро ў 2011 годзе.

Уладзіслаў Кавалёў і Дзьмітры Канавалаў на судзе, верасень 2011 году
Уладзіслаў Кавалёў і Дзьмітры Канавалаў на судзе, верасень 2011 году

У 2022–2023 гадах унеслі зьмены ў заканадаўства, значна пашырыўшы дыяпазон артыкулаў, за якія цяпер можна караць сьмерцю. У іх лік трапілі артыкулы аб «падрыхтоўцы пэўнага складу злачынства», а таксама аб «здрадзе дзяржаве», за што пад сьмяротнае пакараньне цяпер трапляюць вайскоўцы і службовыя асобы.

«Рэпрэсіўная практыка рэжыму запатрабавала пашырэньня сьпісу артыкулаў: гэта і здрада дзяржаве, і падрыхтоўка да тэракту. Што такое сьмяротнае пакараньне ў руках улады? Гэта такая дубіна, якая можа ўдарыць і па невінаватых людзях, бо і „здраднікамі“, і „тэрарыстамі“ проста называюць людзей, ня згодных з дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі», — кажа Леанід Судаленка.

Паводле суразмоўцы, калі пачаліся рэпрэсіі ў Беларусі, а пазьней паўнамаштабная вайна ва Ўкраіне, стаўленьне да права ў цэлым і правоў чалавека ў прыватнасьці ў сьвеце пагоршылася. Усё часьцей гучыць тэма вяртаньня да сьмяротнага пакараньня ў Расеі, кажа Леанід Судаленка. З усяго гэтага вынікае, што сёньня склаліся не найлепшыя міжнародная абстаноўка і палітычны кантэкст для адмовы ад сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

«Нават у лепшыя часы, калі Беларусь крытыкаваў Эўразьвяз, Рада Эўропы і ЭЗ прымалі рэзалюцыі на тэму сьмяротнага пакараньня, заклікаючы краіну ўвесьці мараторый, — гэтага не адбылося. А зараз наступілі горшыя часы. Будуць спэкуляцыі, дзяржаўныя прапагандысты будуць уводзіць у зман людзей. А людзі не паглыбляюцца ў гэтую праблему… Я б ня стаў прагназаваць, калі ў Беларусі ўвядуць мараторый. Цяперашняя ўлада на гэта ня здольная, патрэбна, каб зьмяніўся кіроўны рэжым у Беларусі. Тэма сьмяротнага пакараньня, на жаль, будзе ня самай галоўнай і пасьля зьмены рэжыму. Грамадзяне Беларусі ня могуць зьвяртацца ў Эўрапейскі суд у правах чалавека. Больш за тое, Беларусь дэнансавала факультатыўны пратакол аб Камітэце правоў чалавека ААН, і зараз нават туды мы ня можам паскардзіцца», — з жалем канстатуе праваабаронца Леанід Судаленка.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG