Як паведамляе польскі сайт Onet, мужчына, які пагражаў прэмʼер-міністру Дональду Туску і віцэ-прэм’еру Ўладыславу Касіняку-Камышу і плянаваў напасьці на іх, быў арыштаваны паліцыяй у Ніжняй Сылезіі.
Пра гэта паведаміў паведаміў міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі. Прэмʼер-міністар і віцэ-прэмʼер таксама апублікавалі паведамленьне аб гэтай справе. Марцін Кервіньскі першым паведаміў пра арышт мужчыны, які пагражаў прадстаўнікам польскага ўраду.
«Мужчына, які пагражаў і плянаваў напасьці на прэмʼер-міністра Дональда Туска, быў арыштаваны паліцыяй», — напісаў міністар. Дональд Туск падзякаваў паліцыі за яе працу, тое ж зрабіў і віцэ-прэм’ер.
У нядзелю Караліна Галецкая, прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы, паведаміла на плятформе X, што паліцыя атрымала інфармацыю аб магчымым нападзе на прэмʼер-міністра Дональда Туска і віцэ-прэмʼер-міністра і міністра нацыянальнай абароны Ўладыслава Касіняка-Камыша.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Спэцслужбы Польшчы атрымалі інфармацыю пра падрыхтоўку замаху на прэм’ера і міністра абароныПаведамленьне аб заплянаваным нападзе было атрымана праз электронную пошту. Справай займаліся паліцыя, Агенцтва ўнутранай бясьпекі (ABW) і падразьдзелы кібэрбясьпекі. TVN24 з спасылкай на Onet пераказала зьмест паведамленьня, атрыманага службамі:
«Інфарматар зьвязаўся праз сацыяльныя сеткі з адной з радыкальных арганізацыяў, шукаючы добраахвотнікаў для зьдзяйсьненьня замаху з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі. Інфарматар паведаміў, што сустрэўся з чалавекам на імя Кшыштаф, з якім размаўляў пра зброю, нянавісьць да ўраду і заплянаванае масавае забойства».
Дывэрсіі ў ЭЗ: падпалы, чыгунка, аэрапорты і энэргетычная інфраструктура
Апошнімі гадамі ў эўрапейскіх краінах адбылося некалькі рэзанансных інцыдэнтаў, у якіх сьледчыя выявілі або падазравалі расейскі сьлед.
Польшча, лістапад 2025 году. На чыгунцы Варшава — Люблін, якой карыстаюцца ў тым ліку для перавозкі дапамогі Ўкраіне, адбыліся дзьве дывэрсіі.
Польшча, верасень 2026 году. Суд у Любліне прысудзіў грамадзяніну Беларусі тры з паловай гады зьняволеньня за рыхтаваньне падпалу складу ў Хэлме на замову замежнай выведкі. Паводле сьледзтва, мужчына зьняў аб’ект на відэа, сабраў інфармацыю і пераслаў яе замоўцу за ўзнагароду ў крыптавалюце.
Славаччына, жнівень 2026 году. На ўсходзе краіны перадухілілі спробу падпалу заводу дронаў. Затрымалі траіх замежнікаў.
Нямеччына, верасень 2026 году. За адзін дзень адбыліся дзьве дывэрсіі на электрасетках: каля польскай мяжы і ў Бэрґгайме пад Кёльнам. У другім выпадку кароткае замыканьне прывяло да адключэньня пяці энэргаблёкаў на дзьвюх вугальных электрастанцыях. Сьледчыя правяраюць, ці магла за атакамі стаяць замежная дзяржава.
Польшча, сьнежань 2025 году. Краіна зазнала маштабную кібэрдывэрсію супраць энэргетычнай сыстэмы.
Спроба дывэрсіі ў аэрапорце Ляйпцыгу. 4 жніўня 2026 году каля ўкраінскага транспартнага самалёта знайшлі бесьпілётнік з выбухоўкай. Нямецкія ўлады ўсклалі адказнасьць за спробу нападу на Расею. Паводле расьсьледаваньня нямецкіх СМІ, да апэрацыі мог спрычыніцца супрацоўнік расейскай вайсковай выведкі ГРУ. Масква абвінавачаньні адмаўляе.
Плянаваныя забойствы расейскіх апазыцыянэраў
У верасьні 2026 году СМІ паведамілі пра выкрыцьцё сеткі, якая, паводле амэрыканскіх сьледчых, рыхтавала забойствы расейскіх апазыцыянэраў у ЗША і Літве. Сярод мэтаў называлі былога дэпутата Думы Ільлю Панамарова і шахматнага гросмайстра Гары Каспарава. Паводле публікацыяў, у ЗША і Літве зьбіралі інфармацыю пра патэнцыйных ахвяраў, а выканаўцам прапаноўвалі грошы за забойства.
- 7 кастрычніка аналітык дацкай службы выведкі Юзэфіна Крыстэнсэн заявіла, што Расея пачала дывэрсійныя апэрацыі супраць дацкіх вайсковых кампаніяў, якія пастаўляюць прадукцыю Ўкраіне. Паводле яе, расейскія спэцслужбы ўсё часьцей выкарыстоўваюць завэрбаваных праз сацыяльныя сеткі непадрыхтаваных агентаў для збору інфармацыі і дывэрсіяў.
- Расея адмаўляе сваё дачыненьне да такіх інцыдэнтаў.