У нядзелю міністар унутраных справаў і каардынатар спэцслужбаў склікалі экстранае паседжаньне ў сувязі з атрыманай інфармацыяй. Падрабязнасьці пра магчымых арганізатараў замаху, тэрміны яго падрыхтоўкі і наяўнасьць падазраваных пакуль не паведамляюцца.
Раней Financial Times са спасылкай на крыніцы ў пяці эўрапейскіх спэцслужбах паведаміла, што Расея актывізавала падрыхтоўку замахаў на кіраўнікоў эўрапейскіх абаронных кампаніяў, у тым ліку вытворцаў дронаў. Паводле выданьня, да гэтага можа быць датычная расейская вайсковая выведка ГРУ, якая супрацоўнічае з арганізаванай злачыннасьцю.
Дывэрсіі ў ЭЭ: падпалы, чыгунка, аэрапорты і энэргетычная інфраструктура
За апошнія гады ў эўрапейскіх краінах адбылося некалькі рэзанансных інцыдэнтаў, у якіх сьледчыя выявілі або падазравалі расейскі сьлед.
Польшча, лістапад 2025 году. На чыгунцы Варшава — Люблін, якой карыстаюцца ў тым ліку для перавозкі дапамогі Ўкраіне, адбыліся дзьве дывэрсіі.
Польшча, верасень 2026 году. Суд у Любліне прысудзіў грамадзяніна Беларусі да трох з паловай гадоў зьняволеньня за падрыхтоўку падпалу складу ў Хэлме на замову замежнай выведкі. Паводле сьледзтва, мужчына зьняў аб’ект на відэа, сабраў інфармацыю і пераслаў яе замоўцу за ўзнагароду ў крыптавалюце.
Славаччына, жнівень 2026 году. На ўсходзе краіны прадухілілі спробу падпалу заводу па вытворчасьці дронаў. Затрымалі траіх замежнікаў.
Нямеччына, верасень 2026 году. За адзін дзень адбыліся дзьве дывэрсіі на электрасетках: каля польскай мяжы і ў Бэрггайме пад Кёльнам. У другім выпадку кароткае замыканьне прывяло да адключэньня пяці энэргаблёкаў на дзьвюх вугальных электрастанцыях. Сьледчыя правяраюць, ці магла за нападамі стаяць замежная дзяржава.
Польшча, сьнежань 2025 году. Краіна зазнала маштабную кібэрдывэрсію супраць энэргетычнай сыстэмы.
Спроба дывэрсіі ў аэрапорце Ляйпцыга. 4 жніўня 2026 году каля ўкраінскага транспартнага самалёта знайшлі бесьпілётнік з выбухоўкай. Нямецкія ўлады ўсклалі адказнасьць за спробу нападу на Расею. Паводле расьсьледаваньня нямецкіх СМІ, да апэрацыі мог быць датычны супрацоўнік расейскай вайсковай выведкі ГРУ. Масква абвінавачаньні адмаўляе.
Плянаваныя забойствы расейскіх апазыцыянэраў
У верасьні 2026 году СМІ паведамілі пра выкрыцьцё сеткі, якая, паводле амэрыканскіх сьледчых, рыхтавала забойствы расейскіх апазыцыянэраў у ЗША і Літве. Сярод мэтаў называлі былога дэпутата Дзярждумы Ільлю Панамарова і шахматнага гросмайстра Гары Каспарава. Паводле публікацыяў, у ЗША і Літве зьбіралі інфармацыю пра патэнцыйных ахвяраў, а выканаўцам прапаноўвалі грошы за забойства.
- 7 кастрычніка аналітык дацкай службы выведкі Юзэфіна Крыстэнсэн заявіла, што Расея пачала дывэрсійныя апэрацыі супраць дацкіх вайсковых кампаніяў, якія пастаўляюць прадукцыю Ўкраіне. Паводле яе, расейскія спэцслужбы ўсё часьцей выкарыстоўваюць завэрбаваных праз сацыяльныя сеткі непадрыхтаваных агентаў для збору інфармацыі і дывэрсіяў.
- Расея адмаўляе сваю датычнасьць да такіх інцыдэнтаў.
Форум