Як заўважыла выданьне «Позірк», цяпер публікуюць толькі іх пералік, але агульную колькасьць не называюць.
Паводле апошніх публікацыяў, на 4 кастрычніка для іншаземцаў былі адкрытыя 16 596 вакансіяў, 27 верасьня — 16 264, 20 верасьня — 15 981, 13 верасьня — 15 420, 7 верасьня — 14 715, 23 жніўня — 14 576, 16 жніўня — 13 912, 31 ліпеня — 4344.
Пры гэтым 20 лютага вакансіяў было 22 338, 21 студзеня — 19 132, 8 студзеня — 18 522, 28 сьнежня 2025 году — 15 675, 7 сьнежня — 15 205.
Чаму гэта важна
Беларусь усё часьцей шукае працаўнікоў за мяжой — ад Пакістану і Нэпалу да краін Цэнтральнай Азіі. Замежная працоўная міграцыя становіцца адным з спосабаў закрываць дэфіцыт кадраў.
Гэта адбываецца падчас адтоку ўласнага насельніцтва. Паводле ацэнкі сацыёляга Генадзя Коршунава, у 2020–2024 гадах Беларусь маглі пакінуць 500–600 тысяч чалавек. Улады называлі меншыя лічбы: у кастрычніку 2023 году намесьнік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў ацэньваў колькасьць беларусаў, якія зьехалі за мяжу, у 350 тысяч. Дакладна сказаць, колькі беларусаў насамрэч выехала пасьля 2020 году, складана: афіцыйны ўлік не ахоплівае ўсіх, хто жыве за мяжой.
Раней асаблівую стаўку рабілі на працоўную сілу з Пакістану. У красавіку 2025 году Аляксандар Лукашэнка сказаў пра магчымасьць прыняць 100–150 тысяч пакістанцаў. Але за ўвесь 2025 год на працу прыехаў 561 грамадзянін Пакістану — паводле статыстыкі МУС.
Нядаўна ў Нью-Ёрку міністры замежных справаў Беларусі і Нэпалу Максім Рыжанкоў і Шышыр Ханаль дамовіліся аб прыцягненьні на беларускі рынак працы грамадзян Нэпалу.
У 2025 годзе ў краіну прыехалі 48 160 замежных працоўных мігрантаў. Найбольш — з Туркмэністану: 23 050 чалавек. З Узбэкістану — 3618, з Кітаю — 3438, з Расеі — 4677, з Украіны — 4389. Гэтыя лічбы агучыў кіраўнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Іван Новікаў.