Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Віцебшчыне ўзбэцкім фэрмэрам вылучылі зямлю і памяшканьні для жывёлагадоўлі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Узбэцкім фэрмэрам у Віцебскай вобласьці аддалі 2 тысячы гектараў вырошчваць бульбу.

Таксама з удзелам узбэкаў пачалі адкорм буйной рагатай жывёлы ў трох раёнах Віцебшчыны, а яшчэ ў адным раёне працуе ўзбэцкая фэрма авечак.

Пра гэта Беларускай тэлевізіі расказала намесьніца старшыні Віцебскага аблвыканкаму Анжаліка Нікіціна.

«Важнай тэмай для фэрмэраў з Узбэкістану становіцца вырошчваньне бульбы. На тэрыторыі нашага рэгіёну ўжо вылучана 2 тыс. га пад вырошчваньне бульбы», — паведаміла яна.

На сёньня ва Ўзбэкістане недахоп бульбы і ялавічыны, бо бракуе вільгаці, дадала Нікіціна:

«У нас гэтага ў Віцебскай вобласьці дастаткова ў частцы кармавой базы, таму яны маюць інтарэс да гадоўлі буйной рагатай жывёлы.

Мы сёньня можам весьці размову аб стварэньні сумесных вытворчасьцяў, і Віцебскі рэгіён ужо заняўся гэтым у гадоўлі буйной рагатай жывёлы. На сёньня ідзе размова, і часткова мы пачалі работу — і вылучэньне памяшканьняў, і адвод зямельных палеткаў. Здача ў арэнду ўзбэцкаму боку для разьвядзеньня буйной рагатай жывёлы ў асобных раёнах, напрыклад, Шумілінскім, Лёзьненскім, Гарадоцкім. Ужо нашы ўзбэцкія калегі прыступілі да рэалізацыі гэтых захадаў, якія мы вызначылі сумесна».

У сваю чаргу Віцебская вобласьць разглядае стварэньне ва Ўзбэкістане сумеснага прадпрыемства для вырабу канцэнтрату або пюрэ для сокаў. Іх будуць пастаўляць у Беларусь, дзе ўжо будуць выпускаць гатовыя сокі.

Зь бізнэсоўцамі Наманганскай вобласьці рэалізаваны праект у авечкагадоўлі, паведаміла Нікіціна:

«У нас на тэрыторыі рэгіёну ўжо дзейнічае прадпрыемства, працуе з наманганскім капіталам. У Докшыцкім раёне фэрмэры з Узбэкістану гадуюць 1200 авечак. Ну і атрымліваюць даволі нядрэнны вынік», — сказала яна.

Чаму гэта важна

Беларускія фэрмэры за апошнія 15–20 гадоў часта не маглі атрымаць ад беларускай дзяржавы прыдатныя для сельскай гаспадаркі землі — ім прапаноўваюць няўдобіцы, далёкія ад фэрмэрскіх гаспадарак, заражаныя радыянуклідамі і гэтак далей. Пра гэта сярод іншага пісала афіцыйная газэта «СБ — Беларусь сегодня».

«Нельга сказаць, што шматлікія просьбы вылучыць зямлю райвыканкамы ігнаравалі спрэс, але неяк так атрымлівалася, што іх гаспадарчая каштоўнасьць была вельмі сумнеўная. Попыт на зямлю на Віцебшчыне велізарны, але ніколі фэрмэру не давалі таго, чаго яму хацелася б. І максымальны бал зямлі 18 — гэта толькі паўбяды, бо калі не мэліярацыя, то патрэбная ачыстка ад хмызьнякоў і зарасьнікаў», — пісала СБ.

Гектары для вядзеньня фэрмэрскай гаспадаркі вылучаюць з фонду пераразьмеркаваньня зямель. У істоце яны павінны быць у кожнай вобласьці, але пакуль гэта ня так, пісала СБ. Яна прызнавала, што ў Менскай вобласьці вольныя 14 тысяч гектараў, але іх не бяруць, бо гэта няўдобіцы, занядбаныя землі, а то і зусім непрыдатныя для тых культуращ, якія хацеў бы вырошчваць фэрмэр.

Што папярэднічала

На сустрэчы з кіраўніком Узбэкістану Шаўкатам Мірзіёевым 9 ліпеня Лукашэнка прапанаваў узбэцкім працоўным мігрантам прыяжджаць у Беларусь зь сем’ямі. У той жа дзень бакі заключылі міжурадавае пагадненьне пра «арганізаваны набор і працаўладкаваньне» грамадзян Узбэкістану для «ажыцьцяўленьня часовай працоўнай дзейнасьці ў Беларусі».

Узбэцкія працоўныя мігранты пачалі прыбываць у Беларусь з 13 ліпеня, а ўжо 15 ліпеня ў сацыяльных сетках зьявіўся іх відэазварот з крытыкай умоваў у Беларусі. У прыватнасьці, яны паведамілі, што ім прапануюць плаціць толькі па 500 даляраў на месяц, пры гэтым яны мусяць самастойна аплачваць сваё харчаваньне і пражываньне.

Пасьля гэтай скаргі дзяржаўная прапаганда паказала сюжэты, у якіх узбэцкія мігранты хваляць умовы, якія нібыта палепшыліся. Прычым заробкі, якія яны назвалі цяпер, вышэйшыя, чым у беларускіх вяскоўцаў.

Беларусь сутыкаецца з вострым дэфіцытам кадраў. Банк вакансіяў налічвае дзясяткі тысяч прапановаў, асабліва ў прамысловасьці, будаўніцтве і мэдыцыне.

Гэта выклікана дэмаграфічнай сытуацыяй і міграцыяй беларусаў за межы краіны — як працоўнай, гэтак і палітычнай. Сотні тысяч беларусаў мусілі ўцячы ад перасьледу з палітычных прычын.

У выніку Лукашэнка прапаноўвае займаць працоўныя месцы мігрантам з азіяцкіх краін.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG