Беларускі МЗС паведамляе, што краіны хочуць стварыць схему арганізаванага прыезду нэпальцаў на працу. Яна павінна гарантаваць мігрантам працоўныя і сацыяльныя правы, а таксама бясьпеку. Колькі людзей Беларусь разьлічвае прыняць, МЗС не ўдакладніла.
Нэпальцы ўжо працуюць у Беларусі. Паводле статыстыкі МУС, у 2025 годзе іх прыехала 1038 чалавек. У першым квартале 2026 году — яшчэ 290.
Беларусь апошнім часам шукае рабочых і ў іншых краінах.
У 2025 годзе ў краіну прыехалі 48 160 замежных працоўных мігрантаў. Найбольш — з Туркмэністану: 23 050 чалавек. З Узбэкістану — 3618, з Кітаю — 3438, з Расеі — 4677, з Украіны — 4389. Гэтыя лічбы агучыў кіраўнік Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі Іван Новікаў.
Асобна беларускія ўлады рабілі стаўку на Пакістан. У красавіку 2025 Аляксандр Лукашэнка казаў пра магчымасьць прыняць 100–150 тысяч пакістанцаў. Але за ўвесь 2025 год на працу прыехаў 561 грамадзянін Пакістану — паводле статыстыкі МУС.
З Узбэкістану мігрантаў прыяжджае больш. У 2025 годзе іх было 3618, а ў першым квартале 2026-га — яшчэ 1176. У ліпені ў Беларусь прыехала першая арганізаваная група — 255 чалавек з Андыжанскай вобласьці, але ім не спадабаліся ўмовы працы. Беларусь заяўляла пра пляны прыняць да 5000 узбэцкіх рабочых.
Цяпер у Андыжанскай вобласьці зноў адабралі 204 чалавекі для працы ў Беларусі: у Віцебскай вобласьці заявілі пра патрэбу ў 800 жывёлаводаў, трактарыстаў, кіроўцаў, падсобнікаў. Кіраўнік Агенцтва па міграцыі Узбэкістану абмеркаваў з амбасадарам Беларусі магчымасьць пакрыцьця Беларусьсю выдаткаў на праезд.
Беларускія ўлады таксама казалі пра прыцягненьне рабочых з Кыргызстану. Аднак паводле намесьніка міністра ўнутраных спраў Беларусі Генадзя Казакевіча, у Беларусі летась прыехалі ўсяго 180 працоўных мігрантаў з гэтай краіны.
Чаму гэта важна
Беларусь усё часьцей шукае працаўнікоў за межамі — ад Пакістану і Нэпалу да краін Цэнтральнай Азіі. Замежная працоўная міграцыя становіцца адным са спосабаў закрываць дэфіцыт кадраў.
Гэта адбываецца на тле адтоку ўласнага насельніцтва. Паводле ацэнкі сацыёляга Генадзя Коршунава, у 2020–2024 гадах Беларусь маглі пакінуць 500–600 тысяч чалавек. Улады называлі меншыя лічбы: у кастрычніку 2023 году намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў ацэньваў колькасьць беларусаў, якія зьехалі за мяжу, у 350 тысяч. Дакладна сказаць, колькі беларусаў насамрэч выехала пасьля 2020, складана: афіцыйны ўлік не ахоплівае ўсіх, хто жыве за мяжой.
Форум