Пра гэта паведамляе партал «Люстэрка» са спасылкай на дадзеныя МУС.
Выданьне адзначае, што колькасьць экспатаў расьце на фоне рэкорднага кадравага дэфіцыту Больш за ўсё работнікаў прыбыло з Туркмэністану, а з Пакістану, адкуль Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прыцягнуць да 150 тысяч чалавек, — толькі некалькі сотняў.
У 2025 годзе ў Беларусь прыехалі 48 160 працоўных мігрантаў. Гэта на 14,3 тысячы больш, чым годам раней.
Лідэры па цікавасьці да працы ў Беларусі — грамадзяне Туркмэністану: іх прыехала 23050 чалавек, або 47,9% ад усіх. На другім месцы — расейцы, якіх прыехала працаваць у Беларусі 4677, сьледам ідуць украінцы — 4389 чалавек. Таксама ў пяцёрку ўвайшлі Узбэкістан (3618) і Кітай (3438).
Пасьля іх ідзе даволі экзатычная для Беларусі краіна — Нэпал, адкуль прыехалі працаваць 1038 чалавек.
Часьцей на заробкі прыбываюць мужчыны — іх 38 тысяч. Адзіная з буйных груп мігрантаў, адкуль прыехала больш жанчын, — гэта Ўкраіна (2255 супраць 2134 мужчын).
З Пакістану, чыіх жыхароў актыўна заклікаў у Беларусь Аляксандр Лукашэнка, за ўвесь 2025 год прыбыў 561 працоўны мігрант. Для параўнаньня: за студзень — чэрвень мінулага году прыехала 120 экспатаў з гэтай дзяржавы.
Кваліфікаваныя работнікі прамысловасьці і будаўніцтва склалі самую вялікую групу новых працоўных мігрантаў — больш за 16 тысяч чалавек. 9,1 тысячы — гэта працаўнікі гандлю і сфэры абслугоўваньня, больш за 7,7 тысячы — апэратары, машыністы і іншыя рабочыя, занятыя кіраваньнем, эксплюатацыяй і абслугоўваньнем установак і машын.
«Люстэрка» нагадвае, што ўлады заклапочаныя дэфіцытам кадраў і рэгулярна паказваюць на патрэбу рынку працы ў замежнай працоўнай сіле. У Мінпрацы гэта аргумэнтавалі таксама рэкордна нізкім узроўнем беспрацоўя і тым, што эканоміка кожны год стварае дзясяткі тысяч новых працоўных месцаў.
Форум