Нобэлеўскі камітэт абвясьціў ляўрэатку прэміі ў літаратуры

Абвяшчэньне нобэлеўскага ляўрэата ў хіміі, 7 кастрычніка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Папярэднімі днямі сталі вядомыя імёны ўладальнікаў Нобэлеўскай прэміі ў мэдыцыне, фізыцы й хіміі.

Каралеўская акадэмія навук Швэцыі пастанавіла прысудзіць Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры 2026 году канадзкай пісьменьніцы Эн Карсан «за яе сьмелую і наватарскую творчасьць, якая ў гульлівым дыялёгу з клясычнай традыцыяй стварыла новыя формы для сучаснай літаратуры».

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 2026 году канадзкая пісьменьніца Эн Карсан

Эн Карсан нарадзілася ў 1950 годзе ў Таронта (Канада). У 1981 годзе яна апублікавала доктарскую дысэртацыю ў клясычнай філялёгіі пад назвай «Odi et Amo Ergo Sum» і на працягу ўсёй кар’еры спалучала напісаньне вершаў зь перакладніцкай дзейнасьцю і выкладаньнем у розных унівэрсытэтах.

Амаль уся яе літаратурная творчасьць засяроджана на стыку апантанасьці філёляга словам і імкненьня паэта да новага сэнсу. Сама яна называла этымалёгію слоў адпраўным пунктам усёй сваёй працы. Яе пераклады з старажытнагрэцкай мовы можна лічыць самастойнымі мастацкімі творамі. Сярод іх — інтэрпрэтацыя фрагмэнтаў вершаў Сапфо «If Not, Winter» (2002), а таксама такія трагедыі, як «Электра» (2001) і «Антыгона» (2015) і іншыя.

У 1990-я гады Карсан апублікавала шэраг значных твораў. Адным зь іх зьяўляецца «Шкляное эсэ» (The Glass Essay) са зборніка «Шкло, іронія і Бог» (Glass, Irony, and God, 1995); гэты твор дэманструе патэнцыял доўгага верша, у якім жанравыя межы размываюцца.

Што папярэднічала

5 кастрычніка пачаўся Нобэлеўскі тыдзень, цягам якога абвесьцяць усіх сёлетніх ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі.

Першымі абвясьцілі імёны ўладальнікаў Нобэлеўскай прэміі ў фізіялёгіі і мэдыцыне — яе атрымалі Карл Дайсэрот (ЗША), Пэтэр Гэґеман (Нямеччына) і Георґ Наґель (Нямеччына) за распрацоўку оптагенэтыкі.

Уладальнікам прэміі ў фізыцы стаў амэрыканскі навуковец Франсіс Галзэн, які паходзіць з Бэльгіі.

Нобэлеўскую прэмію ў хіміі 2026 году атрымалі Анры Каган (Францыя) і Кензо Соаі (Японія) за адкрыцьцё «нелінейных эфэктаў і аўтакаталізу ў асымэтрычным арганічным сынтэзе».

Апошнімі абвесьцяць ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру (у Осла) і прэміі ў эканамічных навуках памяці Альфрэда Нобэля, заснаванай Банкам Швэцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пачаўся Нобэлеўскі тыдзень. Першымі абвясьцілі ляўрэатаў у фізіялёгіі і мэдыцыне


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нобэлеўскі камітэт абвясьціў ляўрэата прэміі ў фізыцы


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нобэлеўскай прэміяй у хіміі адзначылі францускага і японскага навукоўцаў

Беларускія ляўрэаты

Зь беларусаў Нобэлеўскую прэмію раней атрымалі пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч (літаратура) і тады зьняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі (Нобэлеўская прэмія міру).

Сярод нобэлеўскіх ляўрэатаў таксама ёсьць навукоўцы, якія маюць беларускае паходжаньне або карані ў Беларусі — амэрыканскі навуковец Віктар Амброс (2024 год, прэмія ў мэдыцыне і фізіялёгіі), Жарэс Алфёраў (грамадзянін Расеі, 2000 год, прэмія ў фізыцы), Шымон Пэрэс (грамадзянін Ізраілю, 1994 год, прэмія міру), Мэнахем Бэгін (грамадзянін Ізраілю, 1978 год, прэмія міру), Сямён Кузьнец (грамадзянін ЗША, 1971 год, прэмія ў эканоміцы).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Алесь Бяляцкі, «Центр громадянських свобод», «Мемориал» атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру. ФОТА і ВІДЭА


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Алексіевіч распавяла, чаму Лукашэнка не павіншаваў яе з атрыманьнем Нобэлеўскай прэміі