Сёлета Нобэлеўскую прэмію ў мэдыцыне прысудзілі Карлу Дайсэроту (ЗША), Пэтэру Гэґеману (Нямеччына) і Георґу Наґелю (Нямеччына) за распрацоўку оптагенэтыкі.
Як абвясьціў Каралінскі інстытут у Стакгольме, оптагенэтыка — мэтад, які дазваляе паказаць, як нэрвовыя клеткі фармуюць успаміны, пачуцьці і паводзіны ў жывым мозгу. Пэтэр Гэґеман і Георґ Наґель адкрылі ў аднаклеткавай водарасьці ўнікальны бялок. Карл Дайсэрот ператварыў гэты бялок у пераключальнік для нэрвовых клетак, якім можна кіраваць з дапамогай сьвятла. Ляўрэаты заклалі аснову новай эры ў нэўранавуцы.
Што папярэднічала
Летась Нобэлеўскую прэмію ў фізіялёгіі і мэдыцыне прысудзілі за дасьледаваньні ў галіне імуналёгіі. Яе атрымалі трое навукоўцаў з ЗША і Японіі — Мэры Бранкаў, Фрэд Рэмсдэл і Сімон Сакаґуці.
У 2024 годзе ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі ў мэдыцыне і фізіялёгіі сталі амэрыканскія навукоўцы Віктар Амброс (беларускага паходжаньня) і Гэры Раўкан за адкрыцьцё мікраРНК і яе ролі ў посттранскрыпцыйнай рэгуляцыі генаў. Яны раскрылі зусім новы прынцып рэгуляцыі генаў, які выявіўся вельмі важным для шматклеткавых арганізмаў, уключаючы чалавека. Цяпер вядома, што геном чалавека кадуе больш за тысячу мікраРНК, гаварылася ў распаўсюджаным прэс-рэлізе.
Ляўрэата прэміі ў мэдыцыне і фізіялёгіі выбірае заснаваны ў 1810 годзе Каралінскі інстытут у Стакгольме. З уручэньня прэміі ў фізіялёгіі і мэдыцыне пачаўся «нобэлеўскі тыдзень». Наступнымі назавуць уладальнікаў прэміі ў фізыцы, у хіміі і ў літаратуры. Апошнімі абвесьцяць ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру (у Осла) і прэміі ў эканамічных навуках памяці Альфрэда Нобэля, заснаванай Банкам Швэцыі.
Беларускія ляўрэаты
Зь беларусаў Нобэлеўскую прэмію раней атрымалі пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч (літаратура) і зьняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі (Нобэлеўская прэмія міру).
Форум