Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч распавяла, чаму Лукашэнка не павіншаваў яе з атрыманьнем Нобэлеўскай прэміі


Прыхільнікі творчасьці Сьвятланы Алексіевіч сустракаюць яе ў міжнародным аэрапорце «Мінск», 15 сьнежня 2015 году
Прыхільнікі творчасьці Сьвятланы Алексіевіч сустракаюць яе ў міжнародным аэрапорце «Мінск», 15 сьнежня 2015 году

Сьвятлана Алексіевіч распавяла ў інтэрвію «Новой газете», чаму Аляксандар Лукашэнка не павіншаваў яе з атрыманьнем Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

«Я ўвесь час кажу пра Расею: але толькі ў вас ідэю „чырвонага чалавека“ можна прасачыць ад пачатку да канца. У нас, у Беларусі, Лукашэнка спыніў час. Яна не павалілася да канца. Не разьвіліся ні нацыянальны супраціў, ні іншыя посткамуністычныя формы. Ва Ўкраіне трэці варыянт: там вельмі моцна прымешваецца нацыянальная ідэя. Яны першыя ў постсавецкай прасторы павярнулі на Захад. Тым ня менш супольнасьць „чырвонага чалавека“ ёсьць паўсюль. Але Расея — ў цэнтры», — падкрэсьліла яна.

Тым ня менш, па словах Алексіевіч, вонкава Беларусь моцна зьмянілася:

«Я прыехала праз дванаццаць гадоў — і не пазнала Менск, не пазнала Беларусь: столькі аграгарадкоў па вёсках наладжана. Ледзь ад’едзеш ад цэнтру горада — і не пазнаеш мікрараёны: вельмі шмат пабудавана, і архітэктура лепшая, чым была. Беларусь жыве вельмі сьціпла. Пасьля крызісу — проста сурова. Але ў людзей няма адчуваньня: нас абакралі! Усе ведаюць, што мы проста небагатая краіна. У нас тут і сацыялізм, і капіталізм».

Алексіевіч распавяла, што даведалася аб прысуджэньні ёй Нобэлеўскай прэміі ў той момант, калі прасавала бялізну.

«Праз пару гадзінаў была прэс-канфэрэнцыя. Дамовіліся ў газэце „Наша ніва“ ... Я нават ня ведала, што рэдакцыя гэтай апазыцыйнай газэты такая маленькая — усяго пара пакояў. А прыйшлі чалавек дзьвесьце. Людзі стаялі і чакалі на вуліцы. Абдымалі адзін аднаго. Плакалі. Было шмат кветак. Гэта было сьвята для ўсіх беларусаў... » — кажа яна.

Між тым, Лукашэнка асабіста Алексіевіч не павіншаваў з Нобэлеўскай прэміяй.

«Гэта ў іншых краінах — Францыя, Нямеччына — прэзыдэнт бы патэлефанаваў. А праз пару дзён наш прэзыдэнт сказаў, што я абліваю брудам свой народ... І калі ў першыя дні пачалі казаць, што трэба вярнуць кнігі Алексіевіч у школьныя праграмы, у бібліятэкі, то цяпер ужо пра гэта гаворка не ідзе. Краінай кіруе адзін чалавек... ён да гэтага прызвычаіўся», — дадала яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG