Памежная паліцыя Малдовы паведаміла, што раніцай 5 кастрычніка паблізу памежнага пункту пропуску «Паланка — Маякі — Удобнае» адбыўся інцыдэнт у выніку расейскіх удараў па ўкраінскай інфраструктуры.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, прыблізна а 09:38 снарад упаў паблізу памежнага пункту пропуску «Паланка», пры ўдары аб зямлю ён зрыкашэціў і ўлучыў у рэйсавы аўтобус, што стаяў каля шлягбаўму.
У выніку працу памежнага пункта пропуску «Паланка» (Рэспубліка Малдова) / «Маякі — Удобнае» (Украіна) прыпынілі. Папярэдне вядома, што снарад пашкодзіў аўтобус і кабіну кантролю, адзін супрацоўнік памежнай паліцыі Малдовы атрымаў лёгкія траўмы, іншых пацярпелых няма.
Што папярэднічала
Трэцяга кастрычніка ў некалькіх паселішчах чатырох раёнаў Рэспублікі Малдова зафіксавалі інцыдэнты з дронамі і ракетамі. Улады зноў заклікалі грамадзян захоўваць пільнасьць і асьцярожнасьць у такіх сытуацыях.
Міністар абароны Малдовы Анатоліе Насатый удакладніў, што «пяць паветраных аб’ектаў, якія праляцелі над тэрыторыяй Рэспублікі Малдова і выбухнулі на ёй, — гэта тры ракеты і два бесьпілётнікі». Ён усклаў адказнасьць за гэтыя інцыдэнты на Расейскую Фэдэрацыю і ўскосна асудзіў яе спробы — у тым ліку пасла Масквы ў Кішынёве — адмаўляць падобныя абвінавачаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Тры ракеты і два дроны выбухнулі на тэрыторыі Малдовы. Кішынёў усклаў адказнасьць на РасеюЧаму гэта важна
Украіна мяжуе з Малдовай на паўднёвым захадзе. Агульная працягласьць украінска-малдоўскай мяжы складае 1222 кілямэтры, зь якіх 454 кілямэтры прыпадае на Прыднястроўе. З Малдовай мяжуюць Адэская, Віньніцкая і Чарнавіцкая вобласьці Ўкраіны.
Раней на тэрыторыю Малдовы заляталі толькі бесьпілётнікі. Гэта першы выпадак, калі адначасова на малдоўскую тэрыторыю заляцелі адразу тры ракеты і 2 дроны.