У ноч на 27 жніўня ў паветраную прастору Малдовы заляцелі пяць дронаў, якімі Расея, паводле Кішынёва, атакавала Ўкраіны.
Як паведаміла Малдоўская служба Радыё Свабода, аскепкі іншага лятальнага апарату, хутчэй за ўсё, таксама бесьпілётніка, знайшлі ў месцы, якое ўлады не раскрываюць.
Адзін з дронаў ударыўся аб дрэва і разьбіўся на ўскраіне вёскі Карабетоўка ў раёне Басарабяска, паведаміла Генэральная інспэкцыя паліцыі. Гэта быў апарат мадэлі «Пародыя» — лёгкі няўдарны дрон, такія апараты расейскія войскі запускаюць на Ўкраіну для загрузкі супрацьпаветраных сіл і расчысткі шляху для ўдарных дронаў.
Пэрымэтар месца падзеньня ачапілі, а аскепкі вывезьлі на дасьледаваньне.
«Пасьля праведзеных праверак, у тым ліку рэнтгенаграфіі, ніякіх выбуховых прылад або рэчываў ня выявілі», — паведаміла паліцыя.
Апроч гэтага інцыдэнту, Міністэрства замежных спраў і Міністэрства абароны таксама паведамілі, што 27 жніўня яшчэ пяць бесьпілётнікаў перасеклі нацыянальную паветраную прастору.
«Несанкцыянаваны пралёт над тэрыторыяй нашай краіны ўяўляе сабой сур’ёзнае парушэньне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Малдова і ўяўляе непасрэдную пагрозу бясьпецы нашых грамадзян», — заявіла Міністэрства замежных спраў.
Першы бесьпілётнік, які перасек дзяржаўную мяжу з боку Украіны, выявілі каля вёскі Бяляеўка, у напрамку населенага пункту Паланка (раён Штэфан-Водэ), а 03:56. Неўзабаве пасьля гэтага бесьпілётнік пакінуў паветраную прастору Рэспублікі Малдова і вярнуўся ва Ўкраіну.
Другі беспілётнік уварваўся ў краіну з боку населенага пункта Стараказачча (Украіна) і даляцеў да вёскі Кэплані (Штэфан-Водэ) а 03:59. Міністэрства абароны паведаміла, што ён зьнік з сыстэм маніторынгу а 04:10 у раёне вёскі Карахашані (Штэфан-Водэ).
Трэці дрон перасек дзяржаўную мяжу з Украіны а 04:09 у напрамку населеных пунктаў Паланка — Крокмаз — Алэнешці — Пуркары — Рышкэешці (Штэфан-Водэ). А 04:24 паветраны абʼект зьнік з радару каля населенага пункта Першамайск, у Прыднястроўскім сэктары Рэспублікі Малдова, недалёка ад памежнага раёна.
Чацьвёрты бесьпілётнік перасек дзяржаўную мяжу а 04:16 у напрамку населенага пункта Паланка, але потым хутка разьвярнуўся ў бок украінскага мястэчка Маякі.
А 05:50, каля мытнага паста Саіці (Кэўшанскі раён, Малдова) — Лясное (Украіна), бесьпілётнік перасек абедзьве тэрыторыі, затым а 06:02 таксама вярнуўся ва Ўкраіну.
Што папярэднічала
За апошні месяц улады Кішынёва некалькі разоў заяўлялі, што бесьпілотнікі, якія выкарыстоўвае Расея супраць Украіны, дасягнулі тэрыторыі Рэспублікі Малдова. Аднак раней не адзначалі такой колькасьці інцыдэнтаў за адну ноч.
27 сакавіка Рэспубліка Малдова адзначае 35-годзьдзе з дня абвяшчэньня незалежнасьці.
Форум