Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры ракеты і два дроны выбухнулі на тэрыторыі Малдовы. Кішынёў усклаў адказнасьць на Расею

Пашкоджаньні ад расейскіх дронаў на тэрыторыі Малдовы 3 кастрычніка 2026 году
Пашкоджаньні ад расейскіх дронаў на тэрыторыі Малдовы 3 кастрычніка 2026 году

У некалькіх населеных пунктах чатырох раёнаў Рэспублікі Малдова зафіксавалі інцыдэнты з дронамі і ракетамі. Улады зноў заклікалі грамадзян захоўваць пільнасьць і асьцярожнасьць у такіх сытуацыях.

Як паведаміла Малдоўская служба Радыё Свабода, раніцай 3 кастрычніка жыхары раёнаў Кэўшэнь, Штэфан-Водэ, Аненій-Ной і Хынчэшць паведамлялі пра выбухі, якія чуліся па-за межамі іх населеных пунктаў.

Пазьней міністар абароны Малдовы Анатоле Насаты ўдакладніў, што «пяць лятальных аб’ектаў, якія праляцелі над тэрыторыяй Рэспублікі Малдова і выбухнулі на ёй, — гэта тры ракеты і два бесьпілётнікі».

Міністар усклаў адказнасьць за гэтыя інцыдэнты на Расейскую Фэдэрацыю і ўскосна асудзіў яе спробы — у тым ліку з боку пасла Масквы ў Кішынёве — адмаўляць падобныя абвінавачваньні.

«Было зафіксавана і пацьверджана пяць інцыдэнтаў, таму так званы пасол Расейскай Фэдэрацыі больш ня можа маніпуляваць інфармацыяй ці патрабаваць ад нас доказаў — доказы знаходзяцца непасрэдна на месцы здарэньня; галоўнае — мы павінны інвэставаць у абарону і абараняць нашых грамадзян», — заявіў Анатоле Насаты.

Падрабязная храналёгія падзей, зьвязаных з інцыдэнтамі 3 кастрычніка, была ўпершыню апублікаваная паліцыяй Малдовы ў сацыяльных сетках.

Паведамлялі, што а 7:50 раніцы паліцыя ў Кэўшэні атрымала інфармацыю пра выбух за межамі горада, дзе быў заўважаны густы дым. Пазьней на месцы здарэньня знайшлі аскепкі бесьпілётніка. Аскепкі дронаў таксама выявілі паблізу населеных пунктаў Дубоўка і Хынчэшць.

Таксама паведамілі аб выбуху на вінаградніку каля вёскі Кракмаз (раён Штэфан-Водэ), недалёка ад сельскагаспадарчага абʼекта. Ахвяр і пацярпелых няма. У выніку інцыдэнту загарэлася сухая трава і былі пашкоджаныя вокны ў адміністрацыйным будынку абʼекта.

Аскепкі бесьпілётніка знайшлі і ў раёне Аненій-Ной, паміж вёскамі Дэлакэў і Пухэчэнь.

Паліцыя заклікала грамадзкасьць захоўваць спакой, пазьбягаць раёнаў, дзе былі зафіксаваныя выбухі, а таксама не чапаць падазроныя прадметы ці іх аскепкі і не набліжацца да іх.

Пасьля новых інцыдэнтаў Міністэрства замежных спраў Малдовы 3 кастрычніка зноў выклікала пасла Расеі Алега Озерава — ужо другі раз за месяц — і ўручыла яму ноту пратэсту.

Што папярэднічала

У ноч на 3 кастрычніка расейскія войскі атакавалі Ўкраіны 157 ударнымі дронамі, 131 зь іх змаглі абясшкодзіць сілы супрацьпаветранай абароны.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што расейскія дроны ўлучылі па 12 лякацыях, яшчэ ў пяці месцах разбурэньні адпадзеньня аскепкаў зьбітых дронаў.

У Кіеве расейскія войскі трэці дзень запар наносяць удары па мастах. У Адэскай вобласьці ўлады паведамілі аб пашкоджаньнях абʼектаў цывільнай інфраструктуры і жылога сэктару.

Чаму гэта важна

Украіна мяжуе з Малдовай на паўднёвым захадзе. Агульная працягласьць украінска-малдоўскай мяжы складае 1222 кілямэтры, зь якіх 454 кілямэтры праходзіць па Прыднястроўі. З Малдовай мяжуюць Адэская, Віньніцкая і Чарнавіцкая вобласьці Ўкраіны.

Раней на тэрыторыю Малдовы заляталі толькі бесьпілётнікі. Гэта першы выпадак, калі адначасова на малдоўскую тэрыторыю заляцелі адразу тры ракеты і 2 дроны.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG