Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад абстрэлаў пацярпелі Кіеў і Кіеўшчына, пункт пропуску на мяжы з Малдовай. У Расеі гарыць тэрмінал з палівам

Пашкоджаны ў выніку расейскага абстрэлу ўкраінскі пункт пропуску на мяжы з Малдовай, 9 верасьня 2026 году
Пашкоджаны ў выніку расейскага абстрэлу ўкраінскі пункт пропуску на мяжы з Малдовай, 9 верасьня 2026 году

У ноч на 9 верасьня расейскія войскі выкарысталі супраць Ўкраіны балістычныя ракеты і 196 ударных дронаў. Украінскія сілы аднавілі атакі па аб’ектах на тэрыторыі Расеі.

Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны, 165 расейскіх удалося зьбіць. Зафіксавалі пацэльваньні ракет і ўдарных дронаў на 23 лякацыях, яшчэ ў чатырох месцах — наступствы ад падзеньня аскепкаў зьбітых дронаў. Расейскія войскі і ўдзень працягваюць атакаваць Украіну.

У сталіцы дрон пацэліў у жылы дом, на Кіеўшчыне гарэлі прадпрыемствы

У Дзяржаўнай службе Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях паведамілі, што ў выніку пацэльваньня расейскага дрона ў 22-павярховы жылы дом пацярпелі 4 чалавекі, яшчэ 23 — удалося выратаваць. На ўзроўні 11 і 12 паверхаў зьнішчаныя канструкцыі, пачаўся пажар.

У Кіеўскай вобласьці ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі Белацаркоўскі, Браварскі, Барыспальскі, Фастаўскі, Абухаўскі і Бучанскі раёны. Загінулі два чалавекі і сем атрымалі раненьні, у тым ліку двое дзяцей. https://t.me/kyivoda/56489

У выніку пацэльваньня пацярпелі 11 прыватных будынкаў, 2 шматпавярховікі, 5 вытворчых і складзкіх памяшканьняў, адміністрацыйны і гаспадарчы будынак, а таксама 12 аўтамабіляў.

На Харкаўшчыне пацярпела пажарная частка

Расейскія войскі двойчы атакавалі дронамі падразьдзел Дзяржаўнай службы Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях. Гэта адбылося ў мястэчку Золачаў Багадухаўскага раёну Харкаўскай вобласьці, калі ратавальнікі прыехалі на тушэньне пажару, які пачаўся на складзе пасьля расейскага ўдару.

У выніку пашкоджаныя дзьве пажарныя машыны і часткова пацярпеў аўтамабіль мэдычнага разьліку. Ратавальнікі не пацярпелі.

Ад расейскіх абстрэлаў таксама пацярпелі Дніпро, Мікалаеў і Запарожжа.

На мяжы з Малдовай спынілі памежны рух

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны паведамілі, што ў выніку расейскага абстрэлу пацярпеў міжнародны пункт пропуску «Стараказачае» на мяжы з Малдовай.

Дроны пацэлілі ў інфраструктуру пункту пропуску і па прылеглай тэрыторыі, пачаліся пажары. Загінулі два чалавекі, тры атрымалі раненьні і 16 чалавек удалося ўратаваць.

У Новарасійску загарэўся тэрмінал з палівам

У Расеі некалькі аэрапортаў спынялі дзейнасьць праз украінскую атаку.

Пазьней губэрнатар Краснадарскага краю Веньямін Кандрацьеў паведаміў, што нібыта пацярпелі тры прыватныя і пяць шматкватэрных будынкаў, а таксама царква і дзіцячы садок. Паводле яго загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку адно дзіця, 29 чалавек пацярпелі, тры зь іх знаходзяцца ў цяжкім стане. Аб пацэльваньні па прамысловых аб’ектах ён не паведаміў.

Расейскія і ўкраінскія маніторынгавыя каналы высьветлілі, што ў выніку атакі ў Новарасійскім парту загарэўся тэрмінал з мазутам.

Паводле Міністэрства абароны Расеі, у ноч на 9 верасьня расейскія сілы супрацьпаветранай абароны абясшкодзілі 596 украінскіх дронаў над тэрыторыямі Белгарадзкай, Бранскай, Калускай, Курскай, Арлоўскай, Арэнбурскай, Растоўскай, Самарскай, Тульскай, Ульянаўскай вобласьцяў, а таксама над Краснадарскім краем, Крымам і над акваторыяй Чорнага мора.

Ва Ўкраіне пакуль гэтую інфармацыю не камэнтавалі.


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG