Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пагражаў самалёту Зяленскага расейскі дрон? Што кажуць у Кішынёве і Осла

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і ягоная жонка Алена выходзяць з самалёту ў аэрапорце паблізу Осла, 9 верасьня 2026
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і ягоная жонка Алена выходзяць з самалёту ў аэрапорце паблізу Осла, 9 верасьня 2026

Афіцыйныя асобы ў Кішынёве і Осла выступілі з тлумачэньнямі пасьля таго, як прэм’ер-міністар Нарвэгіі Юнас Гар Стэрэ заявіў, што 8 верасьня самалёт прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага падчас вылету з Кішынёву «ледзь пазьбег сутыкненьня» з расейскім бесьпілётнікам.

Улады Малдовы пацьвердзілі затрымку рэйсу, але не наяўнасьць непасрэднай пагрозы. Малдоўская служба Радыё Свабода сабрала ўсё, што вядома пра гэты інцыдэнт.

Осла: вылет самалёта Зяленскага затрымалі праз паветраную небясьпеку

Пазьней Бхануджа Расіа, дзяржаўная сакратарка пры Офісе прэмʼер-міністра Нарвэгіі, удакладніла для прэсы, што інцыдэнт з бесьпілётнікам у Малдове 8 верасьня, пра які згадваў Юнас Гар Стэрэ — затрымаў вылет Зяленскага, хоць застаецца невядомым, ці існавала непасрэдная пагроза для прэзыдэнцкага самалёту.

«У паветранай прасторы над Малдовай узьнікла пагроза, зьвязаная зь бесьпілётнікам, што затрымала вылет Зяленскага ў Осла. Гэта пагрозы, зь якімі яны сутыкаюцца штодня. Невядома, наколькі блізка бесьпілётнікі падышлі да яго самалёту», — сказала чыноўніца.

Міністар фінансаў Нарвэгіі — і былы генэральны сакратар NATO — Енс Столтэнбэрг заявіў, што даведаўся пра інцыдэнт ад Зяленскага падчас сустрэчы ўвечары 8 верасьня. У інтэрвію нарвэскай грамадзкай тэлерадыёкампаніі NRK Столтэнбэрг пацьвердзіў, што прэзыдэнт Украіны казаў пра «пагрозу» для свайго самалёта.

«Ён расказаў нам пра гэта ўчора ўвечары, калі мы сустракаліся. Я не магу паведаміць дэталі, але ён затрымаўся — існавалі пэўныя пагрозы для самалёту. Аднак я не валодаю дастатковай інфармацыяй, каб сказаць больш», — адзначыў ён.

Кішынёў: паветраную прастору закрывалі ўвечары 8 верасьня

Сьпікер ураду Малдовы Думітру Чорыч увечары 9 верасьня агенцтву Moldpres заявіў, што паветраная прастора краіны была часова закрытая 8 верасьня (з 16:30 да 17:39) праз расейскі бесьпілётнік, які заляцеў з тэрыторыі Ўкраіны. Гэта прывяло да затрымкі вылету трох самалётаў і пасадкі чатырох іншых.

«З той жа прычыны з затрымкай вылецеў зь міжнароднага аэрапорту Кішынёва самалёт прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага», — удакладніў ён.

Дазвол на ўзьлёт самалёта Зяленскага атрымалі пасьля таго, як улады Малдовы атрымалі пацьвярджэньне, што дрон выбухнуў на зямлі паблізу вёскі Міхайленій-Век у Рышканскім раёне — прыблізна за 160 кілямэтраў ад міжнароднага аэрапорту Кішынёва. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў.

Паводле зьвестак глябальнай службы маніторынгу паветранага руху ADS-B Exchange, самалёт Уладзіміра Зяленскага вылецеў з Кішынёва а 17:52.

У Офісе Зяленскага назвалі паведамленьні «перабольшаньнем»

Тым часам крыніца ў Офісе прэзыдэнта Ўкраіны паведаміла агенцтву AFP, што заявы пра небясьпеку для Зяленскага зьяўляюцца «перабольшаньнем».

«У Малдове была абвешчаная трывога, калі бесьпілётнік увайшоў у паветраную прастору Малдовы, а затым — Румыніі», — адзначыла крыніца.

Удзень 8 верасьня бесьпілётнік тыпу Shahed перасек тэрыторыю Малдовы з усходу на захад і праляцеў паблізу Кішынёва, пасьля чаго ўвайшоў у паветраную прастору Румыніі праз павет Ясы, паведаміла Міністэрства абароны Румыніі. Неўзабаве пасьля гэтага дрон разьвярнуўся і ўпаў паблізу населенага пункта Міхайленій-Век у Рышканскім раёне.

Праз дрон паветраная прастора над цэнтральнай часткай Малдовы была закрытая больш за гадзіну. Упраўленьне грамадзянскай авіяцыі паведаміла, што тры самалёты, якія ўжо знаходзіліся ў паветры, былі вымушаны чакаць у паветранай прасторы Румыніі каля 15 хвілін, яшчэ тры заставаліся на зямлі ў Кішынёве, а адзін самалёт зьдзейсьніў пазаплянавую пасадку ў Ясах.

Чаму Зяленскі лятае праз Кішынёў

Пачынаючы з чэрвеня 2026 году, прэзыдэнт Зяленскі часта адпраўляецца ў замежныя паездкі праз аэрапорт Кішынёву, а не праз аэрапорт Жэшаў-Ясёнка ва ўсходняй Польшчы, як рабіў гэта раней.

СМІ адзначалі, што гэтая зьмена адбылася на тле новага абвастрэньня дачыненьняў паміж Украінай і Польшчай, якое зьявілася пасьля таго, як Зяленскі прысвоіў адной з украінскіх вайсковых частак назву «ў гонар герояў УПА».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG