«Мы сапраўды разглядаем сустрэчу прэзыдэнтаў у практычнай плоскасьці, і для гэтага робяцца адпаведныя крокі», — працытавала Максіма Рыжанкова агенцтва «РИА Новости».
Кіраўнік МЗС Беларусі нагадаў, што Дональд Трамп запрашаў Лукашэнку ўзяць удзел у Радзе міру, першае пасяджэньне якой адбылося 19 лютага 2026 году ў Вашынгтоне.
«Ведаеце, шэраг тэхнічных пытаньняў проста не дазволіў нам гэта зрабіць. І справа не ў амэрыканскім баку, а ў тым, што сёньня даляцець зь Беларусі да Злучаных Штатаў Амэрыкі дастаткова складана, з улікам санкцый, якія Эўрапейскі зьвяз увёў супраць пэрсанальна прэзыдэнта і на пралёты нашых самалётаў», — нагадаў Рыжанкоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Стала вядома, якую сустрэчу не захацеў скасоўваць Лукашэнка, каб паляцець у Вашынгтон на Раду міруШто папярэднічала
19 лютага ў Вашынгтоне (ЗША) прэзыдэнт Дональд Трамп правёў першае пасяджэньне ініцыяванай ім Рады міру. Ён запрасіў кіраўнікоў усіх дзяржаваў, які падпісалі статут гэтай арганізацыі. Сярод запрошаных быў і Аляксандар Лукашэнка, але, як паведаміла ягоная прэсавая сакратарка Натальля Эйсмант, запрашэньне атрымалі з спазьненьнем, калі «працоўны графік на гэты пэрыяд ужо быў сплянаваны»
«Так, мы з задавальненьнем наведалі б ЗША, але ёсьць пытаньні, якія немагчыма адкласьці», — сказала Натальля Эйсмант.
Апроч таго, паводле яе, адмова ад удзелу ў сустрэчы таксама была прадыктаваная «лягістычнымі складанасьцямі», якія маглі б вынікаць зь міжнародных санкцыяў, найперш санкцыяў Эўразьвязу, з улікам закрыцьця паветранай прасторы над ЭЗ.
Тады ж Эйсмант паведаміла, што Беларусь будзе прадстаўляць Максім Рыжанкоў, але і ён ня быў прысутны на першым пасяджэньні.
У той дзень, 19 лютага 2026 году, Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з парлямэнцкай дэлегацыяй Зымбабвэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Лукашэнкі пацьвердзілі атрыманьне запрашэньня на Раду міру, але ён у Вашынгтон не паедзеШто такое Рада міру
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб стварэньні Рады міру, якую ён узначальвае, у студзені на Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе. Рада мае спрыяць разьвязаньню глябальных канфліктаў. Насуперак першапачатковым заявам, яна мае займацца ня толькі маніторынгам мірнага працэсу ў Газе.
Крытыкі бачаць у Радзе канкурэнта Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў (ААН), якую Трамп рэгулярна крытыкуе. Шмат якія эўрапейскія краіны, у тым ліку Нямеччына і Францыя, адмаўляюцца ўдзельнічаць у працы Рады міру, у якой на гэты час каля двух дзясяткаў сяброў, у тым ліку Вугоршчына, Ізраіль, Беларусь, Катар, Саудаўская Арабія і Турэччына.
Паводле статуту арганізацыі, тэрмін паўнамоцтваў дзяржаваў-сяброў будзе абмежаваны трыма гадамі, калі яны не заплацяць па 1 мільярдзе долараў кожная на фінансаваньне дзейнасьці Рады і не атрымаюць пастаяннага сяброўства.
У студзені Белы дом прызначыў у склад заснавальнай выканаўчай рады ініцыятывы дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё, спэцыяльнага пасланьніка Трампа Стыва Ўіткафа, былога прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Тоні Блэра і зяця Трампа Джарэда Кушнэра.
Згодна з статутам арганізацыі, Рада міру праводзіць свае афіцыйныя пасяджэньні сама меней адзін раз на год. Дату другога пасяджэньня пакуль яшчэ не абвясьцілі. Раней Лукашэнка прыяжджаў у ЗША на пасяджэньні Генэральнай асамблеі ААН.