Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, якую сустрэчу не захацеў скасоўваць Лукашэнка, каб паляцець у Вашынгтон на Раду міру

На сустрэчы з кіраўніцай сэнату Рэспублікі Зымбабвэ Мэйбл Мэмары Чынамонай, 19 лютага 2026 году
На сустрэчы з кіраўніцай сэнату Рэспублікі Зымбабвэ Мэйбл Мэмары Чынамонай, 19 лютага 2026 году

Аляксандар Лукашэнка 19 лютага, калі ў Вашынгтоне (ЗША) адбудзецца першае паседжаньне Рады міру на чале з амэрыканскім прэзыдэнтам Дональдам Трампам, правёў сустрэчу з парлямэнцкай дэлегацыяй Зымбабвэ. Гэта пакуль адзіная сёньня падзея ў ягоным працоўным графіку.

Аляксандар Лукашэнка прыняў кіраўніцу сэнату Рэспублікі Зымбабвэ Мэйбл Мэмары Чынамону і абмеркаваў зь ёю «міжпарлямэнцкі дыялёг і гандлёва-эканамічную супрацу».

«Я, абдумваючы пэрспэктывы працы Беларусі ў Афрыцы, вярнуўся да старой тэзы, якую мы абмяркоўвалі з вашым прэзыдэнтам: нам вельмі патрэбны пункт апоры на ўзьбярэжжы афрыканскага кантынэнту, на паўднёвым усходзе. [...] Гэта значыць, што мы разам павінны папрацаваць з Зымбабвэ над будаўніцтвам парта ў вашай суседняй дзяржаве — Мазамбіку», — працытаваў Лукашэнку Telegram-канал ягонай прэсавай службы.

Паводле яго, у дачыненьнях Беларусі і Зымбабвэ «практычна няма ніякіх праблемаў».

«Нам трэба проста ісьці адпаведна нашай „дарожнай мапе“, якая распрацаваная, і рэалізаваць тыя мерапрыемствы, якія вызначае гэты плян. Мы ў гэтым дачыненьні будзем рабіць усё, што паабяцалі», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, для супрацы важна, каб «сэнатары, парлямэнтары ажыцьцяўлялі кантроль за рэалізацыяй дасягнутых дамоўленасьцяў, як у вас у Зымбабвэ, так і ў нас».

19 лютага ў Вашынгтоне (ЗША) прэзыдэнт Дональд Трамп правядзе першае пасяджэньне ініцыяванай ім Рады міру. Ён запрасіў кіраўнікоў усіх дзяржаваў, які падпісалі статут гэтай арганізацыі. Сярод запрошаных быў і Аляксандар Лукашэнка, але, як паведаміла ягоная прэсавая сакратарка Натальля Эйсмант, запрашэньне атрымалі з спазьненьнем, калі ўжо «працоўны графік на гэты пэрыяд ужо быў сплянаваны»

«Так, мы з задавальненьнем наведалі б ЗША, але ёсьць пытаньні, якія немагчыма адкласьці», — сказала Натальля Эйсмант.

Апроч таго, паводле яе, адмова ад удзелу ў сустрэчы таксама была прадыктаваная «лягістычнымі складанасьцямі», якія маглі б вынікаць зь міжнародных санкцыяў, найперш санкцыяў Эўразьвязу, з улікам закрыцьця паветранай прасторы над ЭЗ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG