Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністра Рыжанкова ня будзе ў Вашынгтоне на Радзе міру

абноўлена
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў пра ініцыятыву стварыць Раду міру падчас Усясьветнага эканамічнага форуму ў швайцарскім Давосе, 22 студзеня 2026
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў пра ініцыятыву стварыць Раду міру падчас Усясьветнага эканамічнага форуму ў швайцарскім Давосе, 22 студзеня 2026

Як Радыё Свабода даведалася ад афіцыйных амэрыканскіх крыніц, прадстаўнік Беларусі ня будзе ўдзельнічаць у першай сустрэчы Рады міру ў Вашынгтоне 19 лютага.

Стварэньне Рады прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ініцыяваў для вырашэньня праблемаў сэктару Газа.

  • Як паведамляе агенцтва dpa, чакаецца, што ў працы Рады міру возьмуць удзел каля двух дзясяткаў краін, але сярод іх дакладна ня будзе сябраў Рады бясьпекі ААН Кітаю, Расеі і Францыі.
  • Эўразьвяз на першым паседжаньні Рады міру будзе ў якасьці назіральніка, як і шэраг уплывовых дзяржаваў Эўропы.
  • Ад Беларусі ў Вашынгтоне на першай сустрэчы лідэраў Рады міру меўся быць міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў. Раней паведамлялася, што Аляксандар Лукашэнка атрымаў запрашэньне, але не паедзе.

Што такое Рада міру

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб стварэньні Рады міру, якую ён узначальвае, у студзені на Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе. Рада мае спрыяць разьвязаньню глябальных канфліктаў. Насуперак першапачатковым заявам, яна мае займацца ня толькі маніторынгам мірнага працэсу ў Газе.

Крытыкі бачаць у Радзе канкурэнта Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў (ААН), якую Трамп рэгулярна крытыкуе. Шмат якія эўрапейскія краіны, у тым ліку Нямеччына і Францыя, адмаўляюцца ўдзельнічаць у працы Рады міру, у якой на гэты час каля двух дзясяткаў сяброў, у тым ліку Вугоршчына, Ізраіль, Беларусь, Катар, Саудаўская Арабія і Турэччына.

Паводле папярэдняй інфармацыі з урадавых колаў ЗША, на першым паседжаньні чакаецца ўдзел прадстаўнікоў як мінімум 20 краін. Перамовы адбудуцца ў Інстытуце міру ЗША ў Вашынгтоне, — паведамляе dpa.

Сярод тэмаў да абмеркаваньня — аднаўленьне Газы, гуманітарная дапамога і разгортваньне стабілізацыйных сілаў.

Каго чакаюць на саміце

Амаль усе краіны, якія на гэты момант далучыліся да Рады міру, будуць мець прадстаўнікоў на паседжаньні ў чацьвер, перадае Reuters.

Паводле крыніцаў агенцтва, якія спасылаюцца на словы высокапастаўленага службоўца ЗША, больш за 20 іншых краін прымуць удзел у якасьці назіральнікаў.

Сярод іх блізкія азіяцкія саюзьнікі ЗША Японія і Паўднёвая Карэя, а таксама Індыя і Тайлянд. Таксама сярод назіральнікаў — Вялікая Брытанія, ЭЗ і асобныя дзяржавы Эўразьвязу: Аўстрыя, Грэцыя, Італія, Кіпр, Нідэрлянды, Нямеччына, Польшча, Румынія, Славаччына, Фінляндыя, Харватыя і Чэхія. Нарвэгія і Швайцарыя таксама будуць удзельнічаць у якасьці назіральнікаў, як і Аман і Мэксыка.

Ад Беларусі меўся быць кіраўнік МЗС

Аляксандр Лукашэнка, паводле ягонай прэсавай службы, атрымаў запрашэньне на першае паседжаньне Рады міру, але не паехаў.

«Так, запрашэньне на першую сустрэчу лідэраў у рамках Рады міру прыйшло. На жаль, мы атрымалі яго позна, працоўны графік на гэты пэрыяд ужо быў сплянаваны. Так, мы з задавальненьнем наведалі б Злучаныя Штаты Амэрыкі, але ёсьць пытаньні, якія немагчыма адкласьці. Акрамя таго, мы бяром пад увагу і магчымыя лягістычныя складанасьці, якія могуць узьнікнуць празь незаконныя санкцыі, найперш Эўразьвязу, — з улікам закрыцьця паветранай прасторы над ЭЗ», — заявіла прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант 11 лютага.

Паводле Эйсмант, ад Беларусі ў Вашынгтоне на першую сустрэчу лідэраў Рады міру меўся паехаць міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў. Такую ж заяву зрабіла ў той жа дзень прэсавая служба МЗС.

Паводле статуту арганізацыі, тэрмін паўнамоцтваў дзяржаваў-сяброў будзе абмежаваны трыма гадамі, калі яны не заплацяць па 1 мільярдзе долараў кожная на фінансаваньне дзейнасьці Рады і не атрымаюць пастаяннага сяброўства.

У студзені Белы дом прызначыў у склад заснавальнай выканаўчай рады ініцыятывы дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё, спэцыяльнага пасланьніка Трампа Стыва Ўіткафа, былога прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі Тоні Блэра і зяця Трампа Джарэда Кушнэра, паведамляе Reuters.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG