«Немагчымае магчыма». Калесьнікава ў інтэрвію Свабодзе — пра Коўла як «выратавальніка беларусаў», Пачобута і стыпэндыю ў ЗША

Марыя Калесьнікава, архіўнае фота

У інтэрвію Свабодзе Марыя Калесьнікава назвала спэцпасланьніка ЗША Джона Коўла «выратавальнікам беларусаў», падала сваё бачаньне таго, як можна вызваліць палітвязьняў і спыніць рэпрэсіі ў Беларусі, а таксама расказала, што стане вынікам яе вучобы ў ЗША.

Ляўрэатка прэміі Вацлава Гаўла 2021 году Марыя Калесьнікава 30 верасьня выступіла ў Празе на міжнароднай канфэрэнцыі ў гонар ляўрэаткі прэміі гэтага году — іранскай праваабаронцы Насрын Сатудзі. Калесьнікава казала, што Беларусь ужо даўно зьяўляецца часткай агульнай эўрапейскай культуры. Былая палітзьняволеная ў сваёй прамове заклікала Эўропу не дазваляць, каб на Беларусь глядзелі толькі праз прызму адносінаў з Расеяй. Калесьнікава распавяла, што кніга Вацлава Гаўла «Сіла бясьсільных» дапамагала ёй у турме асэнсаваць уласны досьвед зьняволеньня.

Па завяршэньні візыту ў Прагу былая палітзьняволеная дала інтэрвію Свабодзе.

«Немагчымае магчыма, гэта толькі пытаньне мэты, намаганьняў і палітычнай волі»

— Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вылучыў Джона Коўла на пасаду спэцыяльнага пасланьніка ў справах закладнікаў у рангу і статусе амбасадара. Яго кандыдатуру мае разгледзець Сэнат. 22 верасьня ў інтэрвію тэлеканалу «Дождь» Коўл гаварыў пра гэта як пра магчымую працу над вызваленьнем расейскіх палітвязьняў і ўкраінскіх палонных. Паводле Джона Коўла, сьпіс расейскіх палітвязьняў у яго ўжо ёсьць. Што гэта можа значыць для беларускіх палітвязьняў?

— Я ўпэўненая, што той трэк, які пачаўся па вызваленьні беларускіх палітвязьняў, будзе працягнуты. І пра гэта неаднаразова заяўляў сам Джон Коўл. Таму мы, вядома ж, усе чакаем працягу працэсу вызваленьня людзей. Зь іншага боку, вельмі важна разумець, што палітвязьні цяпер ёсьць у многіх краінах, і іх таксама трэба ратаваць. Гэта, перш за ўсё, не статыстыка, а жывыя людзі. І таму, вядома ж, чым больш людзей, якія прагнуць пераменаў у сваіх краінах, імкнуцца да свабоды і дэмакратыі, будуць на волі, тым лепш для ўсіх нас.

— Магчыма, Джону Коўлу проста фізычна можа не хопіць часу, калі ён пачне займацца расейскімі палітвязьнямі, украінскімі ваеннапалоннымі, вызваленьнем беларускіх палітвязьняў? Ці хопіць у яго часу на працяг перамоваў зь Беларусьсю?

— Я б ня стала думаць у такім ключы. Мне здаецца, што тыя дамоўленасьці, якія ўжо ёсьць, яны будуць ажыцьцёўленыя, калі мы гаворым пра Беларусь. І я думаю, што ён якраз выдатна дае сабе справаздачу ў тым, што ён можа рабіць і на што ў яго хопіць сілаў. І калі ён пра гэта заяўляе, значыць, ён выдатна разумее, што гэта магчыма.

«Дыпляматыя патрэбная, калі ёсьць канфлікты»

— Вас узнагародзілі прэміяй Вацлава Гаўла ў 2021 годзе, калі вы былі за кратамі. І апошні вядомы ліст Гаўла ў сьнежні 2011 году быў адрасаваны беларускім палітвязьням. Ці ёсьць, паводле вас, цяпер у Эўропе, у сьвеце постаці, падобныя да Вацлава Гаўла, для якіх правы чалавека былі вельмі важныя, для якіх Беларусь была вельмі важная?

— Калі мы гаворым пра палітзьняволеных у Беларусі, вядома ж, мы адчуваем падтрымку вялікай колькасьці людзей, вельмі вядомых людзей, і ў тым ліку арганізацый. І сама прэмія Вацлава Гаўла — гэта таксама прыклад і знак салідарнасьці і падтрымкі беларускіх палітвязьняў. Я нагадаю, што першым яе атрымаў у 2013 годзе Алесь Бяляцкі. А ў 2021 годзе — я. І для мяне гэта вялікі гонар.

Магчыма, калі мы гаворым пра Эўропу, то Эўропа выкарыстоўвае ня ўсе інструмэнты для таго, каб можна было вызваляць палітвязьняў і ў цэлым зьніжаць узровень рэпрэсіяў у Беларусі. Але я ўпэўненая, што гэта будзе мяняцца. Мы ўжо бачым першыя крокі дзеля гэтага. Мы бачым сустрэчу Сікорскага і міністра замежных справаў Беларусі ў Нью-Ёрку. Мы бачым, што бакі прыйшлі да згоды ў адкрыцьці новага будынка польскай амбасады ў Беларусі. Гэта выдатны знак.

Анджэй Пачобут, які змог прыехаць у Беларусь і вярнуцца, — гэта таксама сьведчаньне таго, што крокі робяцца. Магчыма, ня так хутка, як нам бы хацелася. Але я ўпэўненая, што гэта пытаньне часу, і, вядома ж, мы павінны прыкладаць усе намаганьні, каб спрыяць вызваленьню людзей і зьмене сытуацыі ў цэлым. І гэта якраз тыя крокі і якраз тое, што дапаможа нам дасягнуць гэтай мэты.

— Каго б вы маглі назваць, гаворачы пра постаць, роўную ці блізкую да Вацлава Гаўла?

— Мне складана зараз кагосьці назваць. Але, вядома ж, Джона Коўла зараз усе называюць ратавальнікам беларусаў, таму што так яно, уласна кажучы, і ёсьць. Але я таксама хачу падкрэсьліць, што, размаўляючы, сустракаючыся зь вялікай колькасьцю палітыкаў і дыпляматаў у Эўропе, я таксама адчуваю гэтую падтрымку, гэтую турботу за нашу краіну.

Былая палітзьняволеная і ляўрэатка Прэміі Вацлава Гавэла ў галіне правоў чалавека Марыя Калесьнікава 30 верасьня выступае ў Празе на міжнароднай канфэрэнцыі «Вага слова», прысьвечанай гэтай прэміі

Проста не заўсёды ёсьць магчымасьць неяк практычна зьмяніць сытуацыю ці дапамагчы, але я адчуваю перажываньні за беларусаў. І гэта таксама вельмі важна. Гэта свайго роду салідарнасьць, якая нам таксама дае сілы і падтрымку, і гэта вельмі важна.

«Ніводнага дня не праходзіць, каб я ня думала пра людзей, якія там»

— Будзе хутка дзесяць месяцаў ад вашага вызваленьня. Як вы цяпер бачыце сваю ролю, сваю місію ў справе вызваленьня палітвязьняў, спыненьня рэпрэсій? Як вы бачыце сам гэты працэс, што на яго можа паўплываць?

— Не праходзіць ніводнага дня, каб я ня думала пра блізкіх мне людзей, якія там знаходзяцца. Гэта Эдуард Бабарыка і наша каманда. Гэта выдатныя жанчыны, зь якімі я пазнаёмілася за кратамі, за якіх я перажываю, таму што ў многіх зь іх ёсьць праблемы са здароўем. І гэта пытаньне чалавечага жыцьця таксама. Гэта рэчы, якія мяне хвалююць. Кожны дзень я спрабую зрабіць нешта, што наблізіла б дзень вызваленьня. Вядома ж, мы даносім сваю пазыцыю, і мне таксама вельмі важна на любых пляцоўках, дзе я выступаю, гэта агучваць.

І я заўсёды прыводжу такі прыклад. Калі мая сястра Тацяна Хоміч упершыню загаварыла пра тое, што каб вызваляць людзей, трэба пачынаць дыялёг, трэба пачынаць размаўляць, то тады ніхто не верыў, што я буду вызваленая. Казалі, што гэта немагчыма, што мяне ніколі не выпусьцяць. Але немагчымае магчыма. Гэта толькі пытаньне мэты, намаганьняў і палітычнай волі ў гэтым кантэксьце. І, вядома ж, цяпер мы ведаем, што ёсьць гэты досьвед, мы ведаем, што немагчымае магчыма. І, вядома ж, мы набліжаем вось гэты цуд вызваленьня для ўсіх беларусаў.

«Беларусь у кантэксьце эўрапейскай і трансатлянтычнай бясьпекі»

— Раскажыце пра вашу працу ў рамках стыпэндыі Kissinger Fellowship Інстытуту Маккейна на 2026–2027 гады?

— Гэтая стыпэндыя, гэта праграма. Тэму праграмы мы самі выбралі і над ёй працуем. Гэта «Беларусь у кантэксьце эўрапейскай і трансатлянтычнай бясьпекі». У рамках гэтай праграмы будуць праведзеныя два мерапрыемствы — у Бэрліне і Вашынгтоне — з прыцягненьнем палітыкаў, дыпляматаў, экспэртаў і аналітыкаў для абмеркаваньня гэтай тэмы і выпрацоўкі пэўнай стратэгіі, каб разумець, як далей дзейнічаць, якія могуць быць варыянты ў дачыненьні да Беларусі, таму што сытуацыя вельмі цяжкая.

Калі мы гаворым пра заканчэньне вайны і доўгатэрміновыя гарантыі бясьпекі для Ўкраіны, то, канешне ж, будзе абмяркоўвацца і Беларусь. І нам вельмі важна, каб Беларусь у першую чаргу захавала сувэрэнітэт і незалежнасьць. І на сёньняшні момант гэтае пытаньне вельмі востра стаіць, асабліва ў кантэксьце вайны і небясьпечнага суседа, які знаходзіцца побач з намі.

«Шэсьць гадоў стратэгія не працавала»

— Ёсьць розныя падыходы да палітыкі санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. Калі мы з вамі гаварылі перад інтэрвію, вы згадалі, што ваш падыход, зьвязаны з перамовамі з уладамі Беларусі, падтрымлівае насамрэч большасьць. Маглі б патлумачыць?

— Я ўпэўненая, што няма такіх беларусаў, якія б не хацелі, каб палітычныя зьняволеныя выйшлі з турмаў. Стратэгія, якая была на працягу шасьці гадоў, відавочна не працуе. Пры гэтай стратэгіі ніводзін палітычны зьняволены ня быў вызвалены. Іх пачалі вызваляць толькі тады, калі пачаліся наўпроставыя перамовы дыпляматаў паміж сабой і на больш высокім узроўні. Гэта відавочна пацьвярджае той факт, што менавіта такая стратэгія працуе і што дзякуючы гэтаму людзі могуць быць вызваленыя.

І наогул любы дыялёг і дыпляматыя — гэта магчымасьць уплываць на сытуацыю.

Я ўпэўненая, што дыпляматыя не патрэбная тады, калі мы сябруем адзін з адным, таму што нам ня трэба нікому нічога даказваць і нікога ні ў чым пераконваць. Дыпляматыя патрэбная і павінна быць выкарыстаная, калі ёсьць канфлікты, калі ёсьць рознагалосьсі, калі вельмі шмат бар’ераў. І вось якраз дыпляматыя — гэта тое, што дапамагае ўсталяваць нейкія правілы ў адносінах і зьмяняць сытуацыю, якая ёсьць. І ў нашым выпадку мы бачым, што гэта працуе. Гэта займае вельмі шмат часу і намаганьняў.

Але вось я зараз знаходжуся тут з вамі менавіта таму, што была прымененая палітычная воля, дасягнутая мэта, і больш за 500 чалавек былі вызваленыя. І я ўпэўненая, што людзей, якія падтрымліваюць вызваленьне палітычных зьняволеных, ня проста большасьць. Мне складана сабе ўявіць, хто можа быць супраць у гэтым выпадку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Калесьнікава: «Адзіны, хто радуецца санкцыям адносна Беларусі, — гэта Пуцін»

«Я сябе не называю былой палітзьняволенай»

— У інтэрвію Дудзю вы назвалі сябе палітычнай актывісткай, а не палітыкам, які імкнецца да ўлады. Як вы вызначаеце сваю пазыцыю, свой статус цяпер? Ці дастаткова проста — Марыя Калесьнікава, былая палітзьняволеная?

— Я сябе не называю былой палітзьняволенай, таму што гэта не зьяўляецца часткай маёй ідэнтыфікацыі. Якраз маё жыцьцё і мая творчасьць — яны былі да 2020 году. Я заставалася сабой да вызваленьня, увесь час у турме. Я сабе ня здраджвала. І пасьля вызваленьня, то бок у 2026 годзе, я застаюся таксама Марыяй Калесьнікавай, у якой жыцьцё насычанае ўражаньнямі, стасункамі зь людзьмі з усяго сьвету, зь людзьмі мастацтва, інтэлектуаламі, палітыкамі, дыпляматамі, навукоўцамі. І гэта таксама частка майго жыцьця, якая ў мяне была да гэтага і будзе пасьля гэтага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Краўцоў: беларусы «забылі» Калесьнікаву, хоць яна стала адным з галоўных беларускіх галасоў у Эўропе
  • Марыя Калесьнікава стала адной зь лідэрак беларускіх пратэстаў 2020 году. У верасьні 2021 яе асудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньняў у «змове з мэтай захопу ўлады» і паводле іншых палітычна матываваных артыкулаў. Да гэтага яна сарвала спробу прымусовай высылкі з краіны, разарваўшы свой пашпарт на беларуска-ўкраінскай мяжы.
  • У сьнежні 2025 году Калесьнікаву вызвалілі і вывезьлі з Беларусі разам яшчэ са 122 палітвязьнямі пасьля перамоваў паміж Менскам і Вашынгтонам, якія прывялі да частковага зьмякчэньня амэрыканскіх санкцыяў супраць Беларусі. Цяпер яна жыве ў Нямеччыне.
  • Марыя Калесьнікава — ганаровая прафэсарка ўнівэрсытэту «Моцартэўм» у Зальцбургу і ляўрэатка Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага.
  • Сёлета ў чэрвені стала вядома, што Марыя Калесьнікава атрымала стыпэндыю ў Інстытуце Маккейна. Яна будзе працаваць над тым, каб павялічыць значнасьць Беларусі ў эўрапейскай і амэрыканскай палітыцы, зазначылі ў інстутуце.