Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краўцоў: беларусы «забылі» Калесьнікаву, хоць яна стала адным з галоўных беларускіх галасоў у Эўропе

Марыя Калесьнікава на форуме Globsec у Празе. Ілюстрацыйнае фота
Марыя Калесьнікава на форуме Globsec у Празе. Ілюстрацыйнае фота

Былы сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў заявіў, што ў беларускай публічнай прасторы недаацэньваюць міжнародную дзейнасьць і палітычны ўплыў былой палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай.

Пра гэта ён казаў у падкасьце лідэркі фракцыі «Моладзевы наступ» і віцэ-спікеркі Каардынацыйнай Рады 3-га скліканьня Лізаветы Пракопчык.

«Усе захоплена абмяркоўваюць Бабарыку, але ўсе забылі пра Калесьнікаву», — сказаў Краўцоў. Паводле яго, Калесьнікава цяпер становіцца «ледзь не тварам нумар адзін» для Нямеччыны і ўсё больш прыкметнай фігурай у іншых заходніх краінах.

Іван Краўцоў
Іван Краўцоў

Краўцоў зьвярнуў увагу, што Калесьнікава рэгулярна ўдзельнічае ў буйных міжнародных форумах — Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы, GLOBSEC, сустрэчах у Ахэне і Бэрліне, сустракаецца з эўрапейскімі палітыкамі і прадстаўнікамі буйнога бізнэсу, выступае на нямецкіх эканамічных мерапрыемствах.

Ён таксама адзначыў яе кантакты з канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мэрцам, кіраўніцай Эўракамісіі Урсуляй фон дэр Ляен і кіраўніцай зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Кайяй Калас.

Краўцоў лічыць парадаксальным, што гэтыя міжнародныя кантакты амаль не абмяркоўваюцца ў беларускім інфармацыйным полі, дзе значна больш увагі надаюць унутраным спрэчкам паміж прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў. Краўцоў таксама раскрытыкаваў беларускую інфармацыйную прастору за тое, што міжнародныя дасягненьні Калесьнікавай застаюцца па-за ўвагай: «Робім выгляд, што нічога няма».

  • Пасьля вызваленьня ў сьнежні 2025 году Марыя Калесьнікава практычна не дае інтэрвію незалежных СМІ Беларусі, з большага кантактуе з заходнімі мэдыямі. Пасьля выхаду на свабоду яна адразу ж дала вялікае інтэрвію расейскаму блогеру Юрыю Дудзю.

Хто такая Марыя Калесьнікава

Марыя Калесьнікава стала адной зь лідэрак беларускіх пратэстаў 2020 году. У верасьні 2021 яе засудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньняў у «змове з мэтай захопу ўлады» і іншых палітычна матываваных артыкулах. Да гэтага яна сарвала спробу прымусовай высылкі з краіны, разарваўшы свой пашпарт на беларуска-ўкраінскай мяжы.

У сьнежні 2025 году Калесьнікаву вызвалілі і выдварылі з Беларусі разам яшчэ са 122 палітвязьнямі пасьля перамоваў паміж Менскам і Вашынгтонам, якія прывялі да частковага зьмякчэньня амэрыканскіх санкцыяў супраць Беларусі. Цяпер яна жыве ў Нямеччыне.

Марыя Калесьнікава — ганаровая прафэсарка ўнівэрсытэту «Моцартэўм» у Зальцбургу і ляўрэатка Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага.

Сёлета ў чэрвені стала вядома, што Марыя Калесьнікава атрымала стыпэндыю ў Інстытуце Маккейна. Яна будзе працаваць над тым, каб павялічыць значнасьць Беларусі ў эўрапейскай і амэрыканскай палітыцы, зазанчылі ў інстутуце.

  • Іван Краўцоў — беларускі палітычны актывіст, былы кіраўнік штабу Віктара Бабарыкі і былы сакратар Каардынацыйнай рады.
  • Іван Краўцоў і Антон Радненкаў былі прымусова выдвараныя зь Беларусі ў верасьні 2020 году, тады як Калесьнікава сарвала спробу свайго вывазу, парваўшы пашпарт.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG