Улады ўзмацняюць маніторынг вернікаў: хочуць ведаць іх дакладную колькасьць

Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Алег Дзячэнка і Ўладзімер Пярцоў, першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, 29 верасьня 2026 году

Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Алег Дзячэнка заявіў аб патрэбе правесьці больш эфэктыўны этнаканфэсійны маніторынг.

«Нам трэба разумець, якія працэсы адбываюцца ў грамадзтве, рэальны лік вернікаў, як выбудоўваць работу», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Алега Дзячэнку, якога Аляксандар Лукашэнка прызначыў на гэтую пасаду 28 верасьня.

Паводле Дзячэнкі, для разьвязаньня «найважнейшых дзяржаўных задачаў» патрэбна больш шчыльнае ўзаемадзеяньне з рэлігійнымі інстытутамі краіны.

«Мы выступаем з пазыцыі партнэрства. Ёсьць пытаньні, што тычацца і захаваньня духоўна-маральных каштоўнасьцяў, умацаваньня інстытуту сям’і і шлюбу. Ёсьць пытаньні, што тычацца дэмаграфічнай сытуацыі. Традыцыйныя рэлігіі маюць вельмі вялікі патэнцыял і досьвед, напрацаваны ў мінулыя гады, у вырашэньні гэтых пытаньняў. Магчыма, выкарыстаем іхны досьвед», — сказаў ён

Дзячэнка заявіў аб неабходнасьці выконваць заканадаўства аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў.

«Невыкананьне заканадаўства, парушэньне нормаў права ствараюць складаныя сытуацыі і ў этнаканфэсійнай сфэры, і ў міжнацыянальных дачыненьнях. Таму закон перадусім. Трэба аддаць належнае, што дзяржава выконвае сваю важную функцыю ў захаваньні балянсу інтарэсаў паміж рознымі рэлігійнымі супольнасьцямі і этнічнымі згуртаваньнямі», — адзначыў ён.

Што вядома пра новага ўпаўнаважанага

Алег Дзячэнка — сябра праўладнай партыі і грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь», ачольваў экспэртную раду пры ўпаўнаважаным у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў.

У лютым 2024 году стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, дзе працаваў намесьнікам старшыні камісіі міжнародных справаў. Да гэтага быў чальцом Савету Рэспублікі.

Нарадзіўся ў Расеі, у біяграфіі пазначана, што ён беларус.

Дачыненьні дзяржавы і рэлігійных арганізацыяў

У Беларусі на падставе рэгістрацыі дзейнічаюць 25 рэлігійных канфэсяўй і кірункаў, у межах якіх працуюць 3426 рэлігійных арганізацыяў. Гэты паказьнік сфармаваўся пасьля маштабнага працэсу дзяржаўнай перарэгістрацыі, які завяршыўся ў 2025 годзе. Да 2025 году ў Беларусі дзейнічалі 3592 рэлігійныя арганізацыі.

Пасьля задушэньня агульнанацыянальных пратэстаў 2020 году ўлады Беларусі ўзялі рэлігійныя супольнасьці пад жорсткі кантроль.

У красавіку 2026 году высьветлілася, што ўлады зьліквідавалі ў судзе ўсе грэка-каталіцкія парафіі ў Берасьцейскай вобласьці. Такі вырак вынесьлі прыходам у Берасьці, Івацэвічах і Баранавічах. У Пінскай дыяцэзіі засталася толькі адна грэка-каталіцкая парафія — у Гомлі. А ўва ўсёй краіне каля паўтара дзясятка парафіяў.

Праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко ў 2025 годзе зьвязваў няспынны перасьлед хрысьціянскіх грамадаў Беларусі з тым, што ўлады адкрыта падтрымліваюць толькі праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату. Папярэднік цяперашняга ўпаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Аляксандар Румак заўсёды браў удзел у пасяджэньнях сыноду.

У 2020 годзе шэраг сьвятароў выступілі супраць гвалту, удзельнічалі у пратэстах або былі затрыманыя ў палітычна матываваных справах. Многія каталіцкія, праваслаўныя, уніяцкія і пратэстанцкія сьвятары пакінулі Беларусь, некаторыя апынуліся за кратамі.

Згодна з інфармацыяй міжканфэсійнай групы «Хрысьціянская візія», з 2020 году больш за 90 беларускіх сьвятароў розных хрысьціянскіх вызнаньняў пацярпелі ад рэпрэсіяў, зь іх 35 — каталікі. Дагэтуль афіцыйна каталіцкая царква ні ў Беларусі, ні ў Ватыкане не камэнтавала палітычны перасьлед сваіх сьвятароў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 24 верасьня: уладам не ўдалося прадаць абраз і машыну, сканфіскаваныя ў ксяндза АкалатовічаВатыкан прызначыў новага кіраўніка для грэка-каталікоў Беларусі. Што пра яго вядомаЯшчэ аднаго польскага сьвятара высылаюць зь Беларусі. Ён служыў тут больш за 30 гадоў«Беларусізацыя» Касьцёла. Чаму з пачатку года з краіны выслалі каля 20 польскіх ксяндзоў«Хрысьціянская візія»: У Магілёве разьвіталіся са сьвятаром Раманам Шульцам. Зь Беларусі могуць выслаць яшчэ адзінаццаць польскіх сьвятароўЧырвоны касьцёл у Менску не адновіць працу ў заплянаваны тэрмін