Сабралі выпадкі, калі ксядзоў-палякаў высылалі зь Беларусі. Беларускі сьвятар пракамэнтаваў, чаму цяпер гэта набывае масавы характар. А таксама — чаму гэта страта для беларусаў-каталікоў.
У апошні час стала часьцей чуваць пра выпадкі, калі зь Беларусі высылаюць ксяндзоў-палякаў. Гэта сьвятары, якія будавалі ў Беларусі касьцёлы, зьбіралі людзей і стваралі з нуля парафіі, выдавалі рэлігійныя кнігі і часопісы, вывучылі беларускую мову і нават выкладалі на ёй. Многія зь іх служылі беларусам па 20-30 гадоў. Для некаторых Беларусь была адзіным месцам працы.
Каталіцкі касьцёл не камэнтуе такія дзеяньні беларускай дзяржавы. Самі высланыя ксяндзы таксама не гавораць пра адмену ў Беларусі публічна. Некаторыя зьяжджаюць нават без урачыстага разьвітаньня з парафіянамі, якім служылі дзесяткі гадоў.
Мэханізм звычайна дзейнічае так: прыежджы сьвятар з польскім грамадзянствам мае атрымаць дазвол у беларускіх уладаў на рэлігійнае служэньне ў Беларусі. Яго даюць на абмежаваны тэрмін, а потым працягваюць або не. Калі ўладам трэба, каб ксёндз выехаў з краіны, яму не працягваюць дакумэнтаў. Прычыну не тлумачаць. Такі сьвятар тэарэтычна можа заставацца ў Беларусі. Але ён больш ня можа весьці сьвятарскую дзейнасьць, таму вяртаецца на радзіму.
Як расказаў Свабодзе беларускі ксёндз Андрэй* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС), такія дазволы могуць даваць і на кароткі тэрмін — тры месяцы. Таму яго рэгулярна трэба працягваць. Бадай што адзіная гарантаваная магчымасьць заставацца і працаваць у Беларусі для прыежджых сьвятароў — атрымаць беларускае грамадзянства. Такія прыклады ўжо ёсьць: былы рэктар пінскай сэмінарыі ксёндз Ян Саламон, манах Аркадзь Куляха, які служыў у Пінску і Гудагаі.
Хвалі высылак здараліся і да 2026 году, нешта падобнае пачало адбывацца з 2005-2006. Асобныя выпадкі фіксавалі яшчэ ў 1990-м. Амаль штогод беларускія ўлады не працягвалі дазвол камусьці са сьвятароў-палякаў. Вернікі раней заступаліся за сваіх душпастыраў, зьбіралі подпісы, каб іх пакінулі ў краіне. Часам гэта абараняла духоўнікаў. Аднак сёлетнюю хвалю можна назваць небывалай. Такой масавай пасьлядоўнай адмовы ксяндзам-палякам яшчэ не было, нават пасьля 2020 году.
«Гэта фрустрацыя. Чалавек проста вырваны. Ксёндз паходзіць з Польшчы, яго першая мова — польская. Але ўсё сьвятарскае служэньне ён правёў у Беларусі. Усю сваю маладосьць аддаў Беларусі. Так вырваць яго — то невядома, як сябе адчуваць. Чалавек нават не дастасаваны да іншай рэальнасьці. Ён не ўмее быць сьвятаром у іншых рэаліях. Ён, можа, ужо і не памятае, як выглядае польская парафія ў практыцы», — разважае пра аднаго з высланых польскіх сьвятароў ксёндз Андрэй.
Беларускі стаж — больш за 30 гадоў
Найменей дваццаці каталіцкім сьвятарам з Польшчы забаранілі служыць у Беларусі з пачатку гэтага году.
Пра апошні гучны выпадак — 11 польскім каталіцкім сьвятарам з Менска-Магілёўскай дыяцэзіі не працягнулі дазволы служыць беларусам, паведамляла «Хрысьціянская візія» сёлета ў жніўні. Кіраўнік касьцёла ў Беларусі біскуп Юзаф Станеўскі зьвярнуўся да Лукашэнкі з просьбай пакінуць у Беларусі гэтых сьвятароў. Сярод тых, каго высылаюць, — ксёндз Раман Шульц. Ён служыў у Беларусі 19 гадоў. Зь ім ужо разьвіталіся вернікі ў Магілёве.
Раней у траўні стала вядома пра тое, што дазволы не працягнулі шасьці польскім ксяндзам з той жа дыяцэзіі. Ці яны ўваходзяць у лік гэтых адзіннаццаці, невядома. Сярод іх быў ксёндз Лех Баханэк, які працаваў у Беларусі больш за 25 гадоў у Івянцы. Там ён заснаваў папулярныя зьезды «Музычная майстэрня», куды зьяжджалася моладзь з усёй Беларусі. Айцу Леху ўжо не працягвалі дазвол на служэньне ў 2016 годзе, аднак пасьля розгаласу дазволілі застацца. Сёлета ксёндз Баханэк падаў заяву на беларускае грамадзянства, каб мець магчымасьць застацца зь беларусамі.
Сьвятар Мар’ян Шэршань быў галоўным ксяндзом у Стаўпецкім раёне. Ён служыў у Беларусі 36 гадоў. Апошняя ягоная парафія была ў Налібаках, дзе Мар’ян адбудаваў напаўзруйнаваны касьцёл, сабраў парафію і нават зьяўляўся ў дзяржаўнай прэсе.
Ксёндз Багуслаў Маджэеўскі 30 гадоў служыў у Сьвіры на Мядзельшчыне. Айцец Сабеслаў Тамала, які больш за 20 гадоў служыў у Салігорску, будаваў там касьцёл. Раней яму некалькі разоў ужо не працягвалі дазволы на служэньне. Ксёндз Павал Ляліта служыў у Беларусі з 1990 году, апошняя парафія — у Нарачы. Таксама сярод высланых ксёндз Войцех Врублеўскі з Докшыцаў.
У ліпені стала вядома, што прынамсі чацьвёра ксяндзоў з Горадзенскай дыяцэзіі не атрымалі дазвол на служэньне. На Горадзеншчыне звычайна было найбольш польскіх сьвятароў, службы часьцей праводзілі на польскай мове, а не на беларускай. Сярод гэтых чатырох — ксёндз Зьбігнеў Драгула, які 27 гадоў служыў у Беларусі, апошняя ягоная парафія — у Старых Васілішках на Шчучыншчыне.
У траўні траім ксяндзам не працягнулі дазволы на Віцебшчыне. Гэта ўсё сьвятары-манахі. Айцец Станіслаў Мжыглуд служыў у Беларусі 30 гадоў, большасьць часу ў Браславе. Айцец Зянон Шчонхар служыў у Беларусі больш за 35 гадоў, апошнім часам у Відзах на Браслаўшчыне. Айцец Вальдэмар Куява працаваў у Беларусі больш за 30 гадоў, апошнім часам у вёсцы Удзела на Глыбоччыне.
У сакавіку дваім ксяндзам з Пінскай дыяцэзіі не працягнулі дазволы служыць у Беларусі. Гэта ксёндз Павал Кручак, які служыў беларусам амаль 20 гадоў, і ксёндз Адам Страчынскі — 11 гадоў у Беларусі.
Палітычны і кадравы кантроль
Ксёндз Андрэй зь Беларусі пракамэнтаваў Свабодзе, што ў сытуацыі з непрацягненьнем дазволаў польскім сьвятарам на служэньне, на ягоную думку, галоўнае — не барацьба з каталіцтвам як верай, а жаданьне рэжыму Лукашэнкі канчаткова паставіць касьцёл пад палітычны і кадравы кантроль. Польскія сьвятары для гэтай сыстэмы — найбольш падазроная катэгорыя.
Ён апэлюе да выказваньня Лукашэнкі ў лютым 2025 году, калі той заявіў, што «ня трэба з Польшчы нам прысылаць сьвятароў» і дадаў, што хоча мець у Беларусі «сваіх» сьвятароў — «патрыётаў», чые «карані павінны быць тут».
Другой прычынай сьвятар называе тое, што пасьля 2020 году ўлады ў Беларусі пачалі глядзець на любую незалежную структуру як на патэнцыйна небясьпечную.
«Касьцёл мае ўласную герархію, міжнародны цэнтар у Рыме, сувязі з Польшчай і аўтарытэт сярод значнай часткі насельніцтва. Частка каталіцкага духавенства ў 2020 годзе асуджала гвалт і падтрымлівала перасьледаваных. З таго часу былі арышты, суды, высылкі і іншыя формы ціску на сьвятароў. Польскае грамадзянства тут асабліва істотнае», — кажа ксёндз Андрэй.
Паводле яго, у сёньняшняй дзяржаўнай ідэалёгіі Беларусь фактычна знаходзіцца ў супрацьстаяньні з Польшчай, а Варшава ўспрымаецца як адзін з галоўных цэнтраў падтрымкі беларускай апазыцыі.
«Таму польскі ксёндз, нават калі ён праслужыў у беларускай вёсцы 25–35 гадоў і палітыкай не займаецца, у вачах сілавой сыстэмы ўсё роўна застаецца чалавекам, зьвязаным з „чужой“ дзяржавай», — адзначае суразмоўца.
Ксёндз Андрэй зьвярнуў увагу, што ў дзяржавы ёсьць зручны мэханізм для пазбаўленьня ад непажаданых дзеячаў, які дазваляе не арыштоўваць іх. Дастаткова проста не працягнуць дазвол без тлумачэньня прычынаў.
«Гэта палітыка „беларусізацыі“ касьцёла ў лукашэнкаўскім разуменьні — не нацыянальнай ці культурнай беларусізацыі, а дзяржаўнай. Замежных, асабліва польскіх, сьвятароў паступова прыбіраюць. Беларускія сьвятары павінны разумець, што магчымасьць служыць залежыць ня толькі ад біскупа, але і ад ляяльнасьці да дзяржавы», — камэнтуе сьвятар.
Ксёндз Андрэй зьвяртае мяркуе, што Лукашэнка, імаверна, ня хоча адкрытага канфлікту з Ватыканам, які ў 2020 годзе прызнаў ягоную легітымнасьць як прэзыдэнта Беларусі. У лістападзе 2025 году пасьля кантактаў з Ватыканам вызвалілі ксяндзоў Генрыха Акалатовіча і Андрэя Юхневіча, якіх праваабронцы прызналі палітвязьнямі.
«Таму палітыка выглядае даволі тонка: з Ватыканам — дыпляматычны дыялёг, зь беларускімі біскупамі — дэманстратыўная карэктнасьць. Але польскую кадравую прысутнасьць у беларускім касьцёле паступова выразаюць адміністрацыйнымі рашэньнямі. Я ня думаю, што цяперашнія 11 — выпадковая кампанія супраць нейкіх канкрэтных ксяндзоў. Гэта больш падобна на сыстэмнае рашэньне значна паменшыць, а магчыма з часам амаль ліквідаваць залежнасьць каталіцкага касьцёла ў Беларусі ад сьвятароў з Польшчы», — разважае ксёндз Андрэй.
Не давалі дазволы яшчэ ў 1990
Чарговая, але ня першая, хваля высылак польскіх ксяндзоў зь Беларусі пачалася пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і пратэстаў 2020 году. Тады многія сьвятары публічна выступілі супраць гвалту, які чынілі сілавікі ў дачыненьні да пратэстоўцаў.
Адным зь першых, каму ў верасьні 2020 году на фоне палітычных пратэстаў не працягнулі дазвол, стаў ксёндз Ежы Вільк. Ён працаваў у Беларусі 17 гадоў, апошняя парафія — Варапаева на Віцебшчыне.
У сакавіку 2022 году не працягнулі дазвол ксяндзу-паляку Анджэю Бульчаку, які служыў у Паставах. Ён працаваў у Беларусі 14 гадоў, пабудаваў касьцёл. На Бульчака тады завялі адміністрацыйную справу за відэаролік з асуджэньнем Расеі, якая пачала вайну ва Ўкраіне. Сьвятар тэрмінова зьехаў зь Беларусі, асьцярагаючыся перасьледу. Напрыканцы 2022 году не працягнулі дазвол і ксяндзу Юзафу Гезе, які служыў у Горадні 25 гадоў.
Аднак здараліся выпадкі, калі польскім ксяндзам не працягвалі дазвол служыць у Беларусі яшчэ з 1990 году, калі ў краіне толькі адкрыліся касьцёлы і польскія сьвятары прыехалі аднаўляць рэлігійнае жыцьцё ў Беларусі. Першая масавая высылка польскіх сьвятароў адбылася ў 2006 годзе. Сярод іх быў і ксёндз Яраслаў Грынашкевіч, які выкладаў у Горадзенскай сэмінарыі і выдаваў каталіцкую газэту «Слова жыцьця», якая існуе дагэтуль. Вернікі зьбіралі подпісы ў ягоную падтрымку, але гэта не спрацавала. Усяго ў 2006–2008 гадах зь Беларусі вымушана зьехалі 12 польскіх ксяндзоў і восем каталіцкіх манашак.
Адным з гучным выпадкаў стала сытуацыя ксяндза Анджэя Стапыры, які служыў у Бярозаўцы на Лідчыне 25 гадоў. Яго выслалі ў 2016 без тлумачэньня прычынаў. Пасьля гэтага ў сьвятара моцна пагоршылася здароўе.
Часам падтрымка вернікаў і розгалас маглі адстаяць сьвятароў, і ім урэшце дазвалялі застацца. Так было ў 2014 годзе з ксяндзом Раманам Шульцам. Але сёлета ён усё ж такі быў вымушаны вярнуцца на радзіму.
«Яны нас вучылі нашаму»
На пытаньне, чаму ўвогуле ў Беларусі аказаліся ксяндзы-палякі, ксёндз Андрэй тлумачыць, што ў савецкі час беларускіх ксяндзоў, як і сьвятароў іншых рэлігій, рэпрэсавалі, забівалі. Да таго ж, закрылі сэмінарыі, якія маглі б падрыхтаваць новых служыцеляў. Сэмінарыя ў Горадні адкрылася толькі ў 1990 годзе.
Таму беларускіх сьвятароў у пачатку незалежнасьці Беларусі былі адзінкі: ксёндз Казімер Вялікаселец у Ішкалдзі, які адвучыўся ў Рызе, Эдвард Даўгіловіч-Навіцкі ў Маладэчне, ксёндз Альбэрт Масальскі на Кальварыі ў Менску. На дапамогу ім прыяжджалі калегі з Польшчы. Некаторыя засталіся на дзесяцігодзьдзі. У 1990-х польскіх ксяндзоў у Беларусі было больш, чым беларускіх. Паступова горадзенская, а пасьля і пінская сэмінарыі выпускалі сваіх беларускіх сьвятароў.
Унёсак польскіх сьвятароў для Беларусі ксёндз Андрэй ацэньвае як у рэлігійнай галіне, так і ў культурнай. Ён адзначае, што прыежджыя каталіцкія сьвятары ня толькі хрысьцілі дзяцей, удзялялі шлюб парам, будавалі касьцёлы, пісалі і перакладалі кнігі, стваралі каталіцкую дакумэнтацыю, але і «уносілі гуманістычны элемэнт у нашае грамадзтва».
«Касьцёл не заўсёды быў толькі рэлігійнай інстытуцыяй. Ён нёс пачуцьцё прыгажосьці, эстэтыкі, навукі, правоў чалавека. Рэлігійны гуманізм. Часта пры касьцёлах былі выставы, музычныя канцэрты, колы па вывучэньні іншых моваў, ня толькі польскай», — камэнтуе сьвятар.
Ён заўважае, што многія польскія ксяндзы вывучылі беларускую мову, выкладалі на ёй у сэмінарыях, праводзілі на ёй богаслужбы, камунікавалі.
«Яны нас вучылі нашаму», — падсумоўвае суразмоўца.
Форум