8 лютага памёр біскуп эмэрыт Казімір Вялікаселец, які шмат гадоў служыў Генэральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі. Паводле katolik.life, раніцай у гэты дзень ён яшчэ адпраўляў нядзельную імшу ў Гомлі.
Затым яму стала блага, герарха даставілі ў рэанімацыю, але не ўратавалі.
Біскупу Казіміру было 80 гадоў, свой апошні дзень нараджэньня ён адзначаў 5 траўня 2025. Ён быў найстарэйшым каталіцкім біскупам Беларусі.
Казімер Вялікаселец нарадзіўся ў вёсцы Стараволя на Пружаншчыне. У 1984 скончыў Рыскую духоўную сэмінарыю, дамініканін.
Біскуп Казімер Вялікаселец стала жыў у Гомлі, які адносіцца да Пінскай дыяцэзіі, дзе ён служыў у касьцёле Нараджэньня Божай Маці і рупіўся пра будоўлю новага касьцёла — Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.
Парафія Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і аднайменны касьцёл існавалі ў Гомлі да таго часу, пакуль касьцёл не разбурылі камуністы. У 2013 годзе біскуп Вялікаселец аднавіў парафію і на працягу як мінімум чатырох гадоў дамагаўся ад уладаў дазволу на будаўніцтва новага касьцёла. Храм дазволілі пабудаваць, але не на гістарычным месцы (цяпер плошча Леніна), а на ўскрайку Гомля.
У 2021-м папа Францішак прыняў адстаўку мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча і часова прызначыў апостальскім адміністратарам на мітрапаліцкую катэдру біскупа Казімера Велікасельца. Нягледзячы на дасягненьне ярархам гранічнага ўзросту для служэньня (75 гадоў), папа Францішак дазволіў яму працягваць выконваць свае функцыі. Пасьля прызначэньня мітрапалітам Юзафа Станеўскага, Казімір Вялікаселец заставаўся дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.
У 2021-м, замяшчаючы мітрапаліта, у велікодным пасланьні Вялікаселец працытаваў Ларысу Геніюш і заклікаў ісьці за Хрыстом. Ён адзначыў, што ужо больш за год людзі «перажываюць роспач і няўпэўненасьць у сваёй будучыні», але падкрэсьліў, што і ў наш час ёсьць тыя, хто «дзеля дабра іншых рызыкуе сваім грамадзкім становішчам і нават жыцьцём».
«Беларуская паэтка Ларыса Геніюш у адным са сваіх вершаў напісала: „Хрыстос уваскрос з крыві і болю, каб сьветач праўды не пагас“. Няхай не пагасьне праўда ў нашым грамадзтве, няхай яно ідзе за Хрыстом, бо Ён — дарога, і праўда, і жыцьцё», — дадаў Вялікаселец.
Ён таксама на Дзяды маліўся з гомельскімі каталікамі на месцы расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій
Форум