Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біскуп Велікаселец на Вялікдзень: «І ў наш час ёсьць тыя, хто дзеля дабра іншых рызыкуе грамадзкім становішчам і нават жыцьцём»


Сусрэча сьвята Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Фарным касьцёле Горадні

Таксама Апостальскі адміністратар Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў велікодным пасланьні каталіцкім вернікам працытаваў Ларысу Геніюш і заклікаў ісьці за Хрыстом.

Апостальскі адміністратар Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец у сваім пастырскім пасланьні адзначыў, што адкрыла людзям Уваскрэсеньне Хрыста.

«Духоўная сьмерць пачынаецца з цяжкага граху — сьвядомага, дабравольнага і прамога парушэньня Божых запаведзяў. Цялесная сьмерць — гэта толькі брама, за якой ідзе працяг таго, што мы абралі на зямлі. Уваскрэснуць зь мёртвых азначае выбіраць Божы спосаб жыцьця, які пачынаецца праз жыцьцё ў Божай ласцы».

Паводле біскупа Велікасельца, ужо больш за год людзі «перажываюць роспач і няўпэўненасьць у сваёй будучыні», бо пандэмія COVID-19 яшчэ раз паказала, «якое крохкае існаваньне чалавека нават у эпоху сучасных тэхналёгій».

«Любоў да Бога і да бліжніх патрабуе канкрэтнага выражэньня ў словах і справах. Асабліва прашу бескарысьліва дапамагаць тым у нашай сьветлай Бацькаўшчыне, хто цяпер прыгнечаны жыцьцёвымі абставінамі і ня можа або саромеецца папрасіць аб дапамозе. Што б ні адбывалася вакол нас — ня бойцеся рабіць дабро».

Ён нагадаў, што 13 красавіка 1991 году сьвяты Ян Павал II аднавіў структуры каталіцкага касьцёла ў Беларусі. Гэта стала магчымым «дзякуючы адвазе тых вернікаў і пастыраў нашай зямлі, якія ў часы перасьледу не гублялі надзеі ў Богу, захавалі і перадалі веру ў Бога наступным пакаленьням, вучылі дзяцей маліцца, патаемна рыхтаваліся да сакрамэнтаў споведзі і камуніі, да сужэнства, да сьвятарства, клапаціліся аб вяртаньні касьцёлаў».

На думку біскупа, і ў наш час ёсьць тыя, хто «дзеля дабра іншых рызыкуе сваім грамадзкім становішчам і нават жыцьцём».

«Беларуская паэтка Ларыса Геніюш у адным са сваіх вершаў напісала: „Хрыстос уваскрос з крыві і болю, каб сьветач праўды не пагас“. Няхай не пагасьне праўда ў нашым грамадзтве, няхай яно ідзе за Хрыстом, бо Ён — дарога, і праўда, і жыцьцё», — дадаў Вялікаселец.

Каталіцызм — другая пасьля праваслаўя хрысьціянская канфэсія ў Беларусі па колькасьці вернікаў. Паводле зьвестак афіцыйнага парталу Рыма-каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, амаль 1,47 млн грамадзян (прыблізна 15% насельніцтва) — католікі. Сярод іх прыкладна 10 тысяч грэка-каталікоў (уніятаў).

Таксама 4 красавіка Вялікдзень сьвяткуюць і пратэстанты. Колькасьць пратэстантаў розных дэнамінацый у Беларусі, паводле розных зьвестак, ад 200 тысяч да 500 тысяч чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG