Як паведаміла Радыё Ватыкана, айцец Лявонцій (Аляксандр) Тумоўскі нарадзіўся 9 ліпеня 1973 году ў Полацку.
27 траўня 1995 году ён уступіў у кляштар манахаў-студытаў пры Унеўскай Лаўры ва Ўкраіне, дзе склаў першыя шлюбы ў 1997 годзе, а ўрачыстыя — у 2000 годзе. Філязофію і тэалёгію ён вывучаў у Львоўскай вышэйшай духоўнай сэмінарыі і Ўкраінскім каталіцкім унівэрсытэце, дзе атрымаў ступень магістра тэалёгіі. У 2008-2018 гадах удасканальваў адукацыю ў Рыме, дзе атрымаў ліцэнцыят, а пазьней — дактарат у тэалёгіі ў Папскім усходнім інстытуце.
Дыяканскае пасьвячэньне ён атрымаў у 2002 годзе, а сьвятарскае — 18 траўня 2003 году. За гэты час ён займаў шэраг пасад: настаяцеля манастыра сьвятых Барыса і Глеба ў Полацку (2003-2008), віцэ-дэкана парафій Беларускай грэка-каталіцкай царквы (2004-2006) і дэкана Ўсходняга протапрасьвітэрыяту (2006-2008), адказнага за душпастырства ўкраінскіх вернікаў бізантыйскага абраду ў Грэцыі (2015), а з 2022 году — адказнага за душпастырства вернікаў Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Польшчы.
У 1994 годзе Рымскі папа Ян Павел ІІ прызначыў айца Сяргея Гаека апостальскім візытатарам для грэка-каталікоў у Беларусі, а ў 1996 годзе ён атрымаў годнасьць архімандрыта. 30 сакавіка 2023 году Рымскі папа Францішак заснаваў Апостальскую адміністратуру для вернікаў бізантыйскага абраду ў Беларусі і прызначыў яе пастырам архімандрыта Гаека.
Гісторыя грэка-каталіцкай царквы Беларусі
Каталіцкая супольнасьць бізантыйскага абраду ў Беларусі зьяўляецца спадчыньніцай Берасьцейскай уніі 1596 году. Яна была скасаваная ў 1839 годзе. У 1939 годзе мітрапаліт Львоўскі, архіэпіскап Андрэй Шаптыцкі заснаваў Беларускі экзархат, а ў 1941 годзе Пій XII зацьвердзіў яго герарха ў якасьці апостальскага адміністратара.
Пачаткам адраджэньня грэка-каталіцкай супольнасьці ў Беларусі стаў 1988 год, калі вернікі пачалі грамадзянскую рэгістрацыю сваіх парафій.
Лукашэнка паабяцаў Ватыкану падтрымку ў «забесьпячэньні ўстойлівага міру ў рэгіёне»
Раніцай 14 верасьня прэсавая служба Лукашэнкі апублікавала ягонае віншаваньне Папы Рымскага Льва XIV зь днём нараджэньня.
«Ваша нястомнае шматгадовае служэньне Богу натхняе мільёны вернікаў на міласэрнасьць, спачуваньне і любоў да бліжняга. У сучасным сьвеце, які прагне стабільнасьці і бясьпекі, гэта высокая місія мае ўнікальнае духоўнае значэньне. Яна ўмацоўвае веру ў сілу дыялёгу», — адзначалася ў тэксьце віншаваньня.
Лукашэнка запэўніў, што Ватыкан можа заўсёды разьлічваць на падтрымку Беларусьсю ініцыятыў, накіраваных на забесьпячэньне справядлівага і ўстойлівага міру ў рэгіёне.
«Перакананы, што адносіны паміж Менскам і Ватыканам павінны пасьлядоўна разьвівацца для захаваньня хрысьціянскай спадчыны і гуманітарных прынцыпаў», — адзначыў Лукашэнка.
Чаму гэта важна
Пасьля задушэньня агульнанацыянальных пратэстаў 2020 году ўлады Беларусі ўзялі рэлігійныя супольнасьці пад жорсткі кантроль.
У красавіку 2026 году высьветлілася, што ўлады зьліквідавалі ў судзе ўсе грэка-каталіцкія парафіі на Берасьцейшчыне. Такога выраку зазналі прыходы ў Берасьці, Івацэвічах і Баранавічах. У Пінскай дыяцэзіі засталася толькі адна грэка-каталіцкая парафія — у Гомлі. А ва ўсёй краіне каля паўтара дзясятка парафій.
Праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко ў 2025 годзе зьвязваў няспынны перасьлед хрысьціянскіх грамадаў Беларусі з тым, што ўлады адкрыта падтрымліваюць толькі праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату. Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Аляксандар Румак заўсёды бярэ ўдзел у пасяджэньнях сыноду.
У 2020 годзе шэраг сьвятароў выступіў супраць гвалту, удзельнічаў у пратэстах або быў затрыманы паводле палітычна матываваных спраў. Многія каталіцкія, праваслаўныя, уніяцкія і пратэстанцкія сьвятары пакінулі Беларусь, некаторыя апынуліся за кратамі.
Сярод асуджаных паводле палітычных матываў сьвятароў ёсьць пратэстанцкі пастар Алег Лойка з Хвойніцкага раёну. У 2025 годзе Гомельскі абласны суд асудзіў яго паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і прызначыў яму тры з паловай гады калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У турме ў Лойкі абвастрылася хвароба сэрца, празь міжпазванковую грыжу яму вельмі цяжка стала проста перасоўвацца. Пасьля гомельскага СІЗА Алега Лойку трымаюць у папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку.
Да арышту Лойка служыў пастарам Царквы хрысьціян веры эвангельскай у вёсцы Нябытаў Хвойніцкага раёну. Шмат гадоў займаўся рэабілітацыяй людзей з наркатычнай залежнасьцю ў рамках місіі «Вяртаньне».
Згодна зь інфармацыяй міжканфэсійнай групы «Хрысьціянская візія», з 2020 году больш за 90 беларускіх сьвятароў розных хрысьціянскіх канфэсій пацярпелі ад рэпрэсій, у тым ліку 35 — каталікі. Дагэтуль афіцыйна каталіцкая царква ні ў Беларусі, ні ў Польшчы, ні ў Ватыкане не камэнтавалі палітычны перасьлед сваіх сьвятароў.
Форум