Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 24 верасьня: уладам не ўдалося прадаць абраз і машыну, сканфіскаваныя ў ксяндза Акалатовіча

Суд у Менску, архіўнае фота
Суд у Менску, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных прычын у Беларусі.

Уладам не ўдалося прадаць абраз і аўтамабіль, сканфіскаваныя ў ксяндза Акалатовіча

У ліпені 2026 году абраз «Уваскрэсеньне Хрыста з гробу» выстаўлялі на таргі БелЮрЗабесьпячэньня за 3200 рублёў, але пакупнік не аплаціў набытак. Пазьней абраз выставілі зноў — ужо за 2400 рублёў. Як паведамілі на сайце БелЮрЗабесьпячэньня, на яго не знайшлося пакупнікоў.

У апісаньні абраза сказана, што ён старажытны і мае гістарычнае і культурнае значэньне:

«Дрэва, алей; другая палова — канец XVIII ст.; памер 31×31 см. Абраз становіць сабой эўрапейскі варыянт сюжэту „Ўваскрэсеньне Хрыста“, імаверна, створаны для сьвяточнага шэрагу іканастасу. Абраз адносіцца да ўзораў рэлігійнага жывапісу ў акадэмічным стылі. Мае гістарычнае і мастацкае значэньне, цікавы як аб’ект культурнай спадчыны».

Таксама ўлады марна спрабавалі прадаць зямельны ўчастак ксяндза ў мястэчку Новая Мыш Баранавіцкага раёну. Адну з машын Генрыха Акалатовіча прадалі, другая, Volkswagen Transporter 2007 году, прадавалася на аўкцыёне за 16 860 рублёў. Яе таксама не ўдалося прадаць, бо не было ахвочых купіць маёмасьць, якая належала ксяндзу.

Хто такі Генрых Акалатовіч

Сьвятара з Валожына Генрыха Акалатовіча затрымалі 16 лістапада 2023 году. Сёлета 8 красавіка Генрых Акалатовіч сустрэў у зьняволеньні свае 65 гадоў.

Акалатовіча асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня паводле 356 артыкулу Крымінальнага кодэксу за «здраду дзяржаве». Віны сьвятар не прызнаў. Падчас сьледзтва палітвязень змог паведаміць на волю, што яго абвінавацілі ў «здрадзе» на карысьць Ватыкану і Польшчы, а пра справу сказаў, што «там няма ані слова праўды». Таксама ксёндз падкрэсьліў, што зь дзясяткаў сьведак, сярод якіх ёсьць чыноўнікі і вайскоўцы, ніхто ня даў супраць яго «выкрывальных паказаньняў».

Пра вызваленьне сьвятароў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча, асуджаных на 11 і 13 гадоў калёніі адпаведна, паведамілі ў лістападзе 2025 году.

Сьвятара пасьля вызваленьня ў лістападзе 2025 году разам з айцом Анджэем Юхневічам вывезьлі ў Рым, дзе яны аднаўляюцца пасьля доўгага зьняволеньня.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG