Як паведаміла выданьне «Позірк», прааналізаваўшы гэтую статыстыку, у студзені–ліпені 2026 году звольненых у Беларусі працаўнікоў стала на 6,7% больш за найманых на працу — 467 174 супраць 438 283 чалавек).
Ува ўсіх рэгіёнах дынаміка адмоўная: у Берасьцейскай вобласьці звольнілі на 7,5% больш, чым працаўладкавалі (60 356 супраць 56 147 чалавек), у Віцебскай — на 7,2% (50 283 супраць 46 920), у Гомельскай — на 13% (63 424 супраць 56 117), у Горадзенскай — на 5,6% (47 818 супраць 45 264), у Менскай — на 1,1% (78 622 супраць 77 798), у Магілёўскай — на 9,3 % (47 942 супраць 43 881), у Менску — на 5,9% (118 729 супраць 112 156).
Згодна з інфармацыяй выданьня, з 467 174 чалавек, звольненых у Беларусі ў студзені–ліпені 2026 году, за прагул і іншыя парушэньні працоўнай дысцыпліны работу страцілі 4,8% (22 234 чалавекі), у выніку ліквідацыі арганізацыі, скарачэньня штатаў — 1% (4758 чалавек).
За апошнія пяць гадоў звольненых парушальнікаў пабольшала на 4,9% (у студзені–ліпені 2021 году звольнілі 21 200), а скарацілі больш на 11,5% (на 4758 чалавек адпаведна).
У жніўні 2026 году ў беларускай эканоміцы працавалі 4 млн 191,4 тыс. чалавек — на 8,9 тысячы больш, чым у ліпені (4 млн 182,5 тыс.; +0,2%).
Чаму гэта важна
У Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пачаліся жорсткія рэпрэсіі. Шмат людзей затрымлівалі за ўдзел у пратэстах. Большасьць пасьля знаходжаньня ў ізалятарах страчвалі працу.
Цяпер забесьпячэньне працоўнай дысцыпліны ў краіне палітызавалі.
У пачатку верасьня 2026 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім зацьвердзіў зьмены ў сваёй дырэктыве аб запэўненьні грамадзкай бясьпекі й дысцыпліны. Цяпер сярод прыярытэтаў зьявіліся інфармацыйная бясьпека, супрацьдзеяньне абарачэньню наркотыкаў, супрацьдзеяньне «экстрэмізму», а таксама кантроль над вонкавымі міграцыйнымі працэсамі.
Першую рэдакцыю сваёй дырэктывы «Аб захадах для ўмацаваньні грамадзкай бясьпекі і дысцыпліны» Аляксандар Лукашэнка ўхваліў 11 сакавіка 2004 году. Перш дырэктыва была накіраваная на ўмацаваньне працоўнай, выканаўчай і грамадзкай дысцыпліны, а таксама на стварэньне бясьпечных умоваў працы і зьніжэньня сьмяротнасьці людзей на працы.
Гэтую дырэктыву Лукашэнка падпісаў пасьля дзьвюх трагедыяў, у выніку якіх было шмат ахвяраў:
- у ноч на 12 кастрычніка 2003 году ў выніку пажару ў доме-інтэрнаце ў Казлоўшчыне Горадзенскай вобласьці загінуў 31 чалавек. Прычына пажару — невыкананьне правілаў пажарнай бясьпекі,
- 27 студзеня 2004 году ў Краснапольскай сярэдняй школе № 1 (Магілёўская вобласьць) абрынулася столь, у выніку чаго загінулі настаўнік і тры вучні.