Беларуская АЭС шукае больш за 160 супрацоўнікаў, прапаноўваючы заробкі да 10 000 рублёў і службовае жыльлё. Тым часам на станцыі працягваюцца «палітычныя» чысткі, заяўляе выданьне «Люстэрка». Напярэдадні яму стала вядома пра звальненьне начальніка адной зь лябараторый — адмыслоўца, які ў свой час настаяў на праверцы корпусу рэактара пасьля таго, як той упаў.
Начальніка звольнілі ў другой палове чэрвеня. Уладзімер Вашчыла кіраваў вытворчай лябараторыяй дэфэктаскапіі і тэхнічнага кантролю. Пра гэта паведаміў адзін з супрацоўнікаў станцыі на ўмовах ананімнасьці.
Журналіст пад выглядам супрацоўніка арганізацыі-партнэра патэлефанаваў на БелАЭС і папрасіў Вашчылу да тэлефону. Але там адказалі, што мужчына больш не працуе на прадпрыемстве і цяпер яму шукаюць замену.
На сайце Дзяржаўнай службы занятасьці ўжо зьявілася вакансія на пасаду звольненага начальніка лябараторыі. Ягонаму пераемніку абяцаюць заробак ад 5866,84 да 7626,89 рубля і службовую кватэру. Ад кандыдата патрабуецца вышэйшая профільная адукацыя і досьвед працы на АЭС ці ЦЭС ня менш за тры гады.
Як паведаміла крыніца, звальненьню Вашчылы папярэднічала праверка ўнутранай службы бясьпекі БелАЭС і сілавікоў. Спачатку начлаьніка арыштавалі на 7 содняў. Фармальнай прычынай стала актыўнасьць у сацыяльных сетках.
«Праверкі мабільных тэлефонаў на падпіскі, падабайкі і таму падобнае праводзяць з ужываньнем зваротнай сілы закону — караюць нават за тое, што было задоўга да 2020 году. Падставай для звальненьня начальніка лябараторыі сталі таксама яго мінулыя задзірлівыя паводзіны», — расказаў суразмоўца «Люстэрка».
Высьветлілася, што ў 2020 годзе Вашчыла адмовіўся накіроўваць падначаленых на сход у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ўхіліўся ад прымусовай падпіскі на дзяржаўныя газэты. Цяпер яго звольнілі нібыта за «прагулы», хаця ўсе на АЭС ведалі, што Вашчыла ня мог прыйсьці на працу — яго ў «прагуляныя» дні зьмясьцілі пад арышт.
Кажуць, Уладзімер Вашчыла стаяў ля вытокаў свайго кірунку і літаральна выхаваў сваіх пасьлядоўнікаў.
Менавіта Вашчыла быў адным з тых, хто настаяў на паўторным аглядзе корпуса рэактара на заводзе-вытворцы пасьля падзеньня пры разгрузцы. Тады корпус упаў з вышыні некалькіх мэтраў, хаця расейскі «Расатам» спрабаваў давесьці, што той толькі «крануўся зямлі».
Рэйды сілавікоў на АЭС дайшлі да таго, што супрацоўнікаў выклікаюць у КДБ і просяць разблякаваць смартфон. На самым прадпрыемстве гэтага ня робяць, бо на станцыі, як вядома, смартфоны забароненыя.
Унутраная служба бясьпекі АЭС знаходзіцца ў шчыльнай супрацы з КДБ. Напрыклад, цяперашні намесьнік генэральнага дырэктара ў пытаньнях рэжыму і кадраў БелАЭС Уладзімер Грэцкі — выхадзец з Астравецкага аддзелу КДБ.
«Палітычныя» звальненьні толькі пагаршаюць і без таго кепскі стан спраў з пошукам новых супрацоўнікаў, якія патрабуюцца на АЭС. Раней стала вядома, што на станцыі адкрыта 167 вакансій. Некаторым адмыслоўцам прапануюць высокія на беларускія меркі заробкі і жыльлё. Напрыклад, намесьніку галоўнага інжынэра электратэхнічнага забесьпячэньня гатовыя плаціць ад 7942 да 10 324 рублёў і даць кватэру.
Дэфіцыт кадраў у Беларусі
Звальненьні за палітычныя погляды або папросту неляяльнасьць уладам сталі нормаю для беларускіх прадпрыемстваў і ўстаноў прамысловасьці, асьветы, спорту, навукі і іншых. З 2020 году мноства беларусаў пакінулі радзіму менавіта з прычыны палітычнага перасьледу альбо яго рызыкі.
Дакладнай лічбы беларусаў, якія выехалі за мяжу і ня могуць вярнуцца, ня можа вызначыць ніхто — называюцца цалкам розныя лічбы, ад некалькіх тысяч да амаль мільёна чалавек. Масавы выезд беларусаў за мяжу пацягнуў вялікі дэфіцыт кадраў у краіне. Дайшло да таго, што Лукашэнка ўжо некалькі разоў у сваёй рыторыцы зьвяртаўся да ідэі запрашэньня ў краіну на працу замежнікаў — спачатку пакістанцаў, пазьней узбэкаў.
Роўна год таму у Менску зафіксавалі нечуваныя лічбы незанятых працоўных месцаў — каля 60 тысяч. На сталіцу прыпадала тады кожная чацьвертая вакансія ў Беларусі. Амаль палова вакансіяў — на заробак ад 1500 рублёў і вышэйшы (да выплаты падаткаў).
Знайсьці работнікаў не дапамагае нават змаганьне з «дармаедамі». Шэраг суразмоўцаў СМІ раней адзначаў, што зусім не задаволены ўмовамі, якія даюць многія ўстановы, таму прасьцей ці выгадней езьдзіць на заробкі за мяжу.
Форум