Расея сканцэнтравала свае ўдары на Кіеўшчыне. Сярод загінулых — адно дзіця. Дроны ляцяць уздоўж мяжы Беларусі

Наступствы расейскіх абстрэлаў Кіева ўначы 30 верасьня 2026 году

У ноч на 30 верасьня расейскія войскі атакавалі Ўкраіну супрацькарабельнымі і балістычнымі ракетамі, а таксама 188 ударнымі дронамі. Сілы супрацьпаветранай абароны абясшкодзілі 6 балістычных ракет і 155 бесьпілётнікаў.

Зафіксавалі пацэльваньне ў 18 лякацыях. Асноўны кірунак нанясеньня ўдараў — Кіеў і Кіеўская вобласьць.

У Кіеве і Кіеўскай вобласьці загінулі тры чалавекі

У Вышгарадзе пад Кіевам расейская ракета зьнішчыла прыватны дом. Ратаўнікі знайшлі пад заваламі 14-гадовага падлетка. Яшчэ тры чалавекі атрымалі траўмы, у тым ліку дзіця.

У горадзе адбылося некалькі пажараў — яшчэ ў адным прыватным доме і гаспадарчым памяшканьні. Зьнішчаныя 8 гаражоў.

У Кіеве загінулі два чалавекі і пяць атрымалі раненьні. Пасьля расейскай атакі ў сталіцы назіраецца шчыльны смог — дым і сажа ад абстрэлаў падняліся ў верхнія пласты атмасфэры. У выніку пацэльваньня загарэліся склад, крама і прыватныя дамы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія рэактыўныя дроны дасягаюць цэляў у Кіеве дзякуючы высокай якасьці сувязі, якую забясьпечвае Беларусь, — экспэрт

Расейскія дроны ляцяць уздоўж мяжы зь Беларусьсю

Сьпікер Паветраных сілаў Украіны Юры Ігнат заявіў, што Расея выкарыстоўвае ў вытворчасьці сваіх дронаў усё больш якасныя матэрыялы.

«Праціўнік выкарыстоўвае высокаякасныя матэрыялы ў сваіх БПЛА, павялічвае разрозную здольнасьць камэры, то бок камэры знаходзяць больш дарагія, якасныя, якія дазваляюць праціўніку дэталізавана праглядаць сытуацыю на зямлі і выкарыстоўваць гэты БПЛА для той ці іншай мэты», — працытавала дзяржаўнае агенцтва «Укрінформ» Юрыя Ігната.

Паводле яго, такія дроны Расея можа выкарыстоўваць адначасова ў якасьці і выведнікаў, і ўдарных бесьпілётнікаў.

Адказваючы на пытаньне аб рэтрансьлятарах у Беларусі, Юры Ігнат нагадаў, што Расея ўжо заявіла аб гатоўнасьці сваёй спадарожнікавай сеткі. «І выкарыстаньне mesh-сетак, сапраўды, ёсьць. І гэта сапраўды небясьпечна», — дадаў ён.

«Мы бачым часта ўздоўж украінска-беларускай мяжы, калі ланцужком, адзін за адным, дроны пераадольваюць вялікія адлегласьці, і таму выключаць немагчыма. Тут ужо патрэбна запытваць у нашай выведкі, ёсьць такія факты ці не», — адзначыў Ігнат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Войскі РФ ударылі па Акадэміі навук у Кіеве. Зяленскі паабяцаў адказаць. ФОТА

Ад расейскіх удараў больш за тыдзень цярпяць памежныя зь Беларусьсю рэгіёны

Улады Жытомірскай вобласьці паведамілі, што з учорашняга вечара і ў ноч на 30 верасьня ад варожых удараў пацярпелі 7 аб’ектаў у Жытомірскай, Корасьценьскай і Зьвягельскай грамадах.

Пацярпелі аб’екты цывільнай інфраструктуры — прадпрыемствы харчовай і перапрацоўчай прамысловасьці, а таксама аб’екты энэргетыкі. Згарэлі чатыры аўтамабілі. Ратаўнікі і спэцыяльныя службы працуюць на месцах абстрэлаў.

У Ровенскай вобласьці ад абстрэлаў найчасьцей цярпіць Сарненскі раён, што мяжуе з Столінскім раёнам Берасьцейскай вобласьці. Пацярпелі жылая і сацыяльная інфраструктура, пашкоджаная цывільная спэцыяльная тэхніка. Уначы 30 верасьня адбыліся выбухі ў абласным цэнтры. Улады сьцьвярджаюць, што пацярпелых няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністар за кратамі, прымус БРСМ, Расея атакуе Кіеў з дапамогай Беларусі. Відэанавіны 29 верасьня

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.