Невысокія заробкі, аварыя, крытыка мэдыцыны. Паглядзелі, на што беларусы скардзяцца ў Threads, які беларуская міліцыя назвала пагрозай

Скрыншот аднаго з допісаў у Threads, прысьвечанага аварыі на вуліцы Жукоўскага

У МУС Беларусі сацыяльную сетку Threads назвалі «пагрозай бясьпецы» і прыгразілі карыстальнікам адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьцю. Мы паглядзелі, што ж такога «небясьпечнага» там пішуць людзі.

Начальніца ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Натальля Сахарчук выказалася пра сацыяльную сетку Threads і назвала яе «небясьпечнай». Пра гэта яна паведаміла ў этэры тэлеканалу СТБ.

«Мы з вамі неаднаразова разьбіралі і гаварылі ў вашай адной з праграмаў наконт Threads. На сёньняшні момант гэта сапраўды пагроза бясьпецы. Чаму? Таму што многія людзі ўвогуле не разумеюць гэтую сацыяльную сетку. У Threads, згодна з апошнімі дасьледаваньнямі, у асноўным узроставая катэгорыя ідзе 30–40 гадоў. Гэта найбольш актыўная катэгорыя, якая таксама хоча быць у трэндзе», — сказала Натальля Сахарчук.

Прадстаўніца МУС адзначыла, што людзі пішуць у гэтай сацыяльнай сетцы пра нейкія парушэньні, а варта было б «паведамляць у міліцыю» ці «на гарачую лінію» і ў дзяржаўныя чат-боты.

Начальніца ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Натальля Сахарчук выступае на дзяржаўным тэлеканале СТВ

Сахарчук паведаміла, што пры маніторынгу ня раз выяўлялі такія публікацыі, за якія людзей прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці, і прыгразіла крымінальнай адказнасьцю за іх.

«А я хачу сказаць, што можна быць прыцягнутым ня толькі да адміністрацыйнай адказнасьці, але да крымінальнай. Бо варта думаць галавой, што вы разьмяшчаеце ў якой з сацыяльных сетак, бо наступствы не прымусяць чакаць», — папярэдзіла яна. І дадала, што сілавікі сочаць за сацыяльнымі сеткамі 24 на 7.

Сёлета ў ліпені пра кантроль за Threads выказваўся таксама прадстаўнік Сьледчага камітэту Аляксандар Сухадольскі. Ён заявіў, што былі выпадкі, калі за допісы заводзілі крымінальныя справы, але не ўдакладніў, якія і калі.

Гладзім, якія допісы ў гэтай сацыяльнай сетцы выклікалі розгалас і былі папулярнымі.

Аварыя і залітыя кватэры

Апошнія папулярныя допісы ў сацыяльнай сетцы Threads зьвязаныя з аварыяй на сталічнай вуліцы Жукоўскага. Там прарвала трубы, а струмень вады сягаў верхніх паверхаў шматпавярховікаў. У выніку людзям пазалівала кватэры і машыны, яны скардзіліся на гэта і публікавалі здымкі наступстваў. У кватэрах некаторых жыхароў павыбівала вокны.

Скрыншот

Допісы пра гэтую падзею зьбіралі дзясяткі тысяч, а ў некаторых выпадках сотні тысяч праглядаў.

Нізкія заробкі і нерэальная арэнда

Часта папулярнымі становяцца допісы, зьвязаныя з сацыяльнымі праблемамі: людзі пішуць пра свае рэальныя заробкі ў Беларусі ці патрабаваньні да арандатараў жыльля.

Напрыклад, сёлета ў чэрвені карыстальнік Threads напісаў, што ў Беларусі высокія заробкі і назваў краіну «ідэальнай вэрсіяй Эўропы з заробкам у 1500 даляраў». Карыстальнікі ў камэнтарах тут жа адказалі, што рэальныя заробкі добра калі сягаюць 500–600 даляраў. Допіс набраў чатыры сотні падобных камэнтароў.

Тады ж у чэрвені беларуска апублікавала ў Threads свой разьліковы лісток зь месячным заробкам 1079 рублёў 40 капеек. Карыстальніца напісала, што працуе кіроўцай на дзяржаўным прадпрыемстве. Допіс выклікаў хвалю абмеркаваньняў, але цяпер ён недасяжны.

У верасьні беларусы абмяркоўвалі ў Threads нерэальныя ўмовы здачы кватэры. Карыстальнік апублікаваў абвестку, паводле якой гаспадары кватэры гатовыя былі яе здаць толькі сямейнай пары ці дзьвюм дзяўчатам, як выключэньне — маладому спэцыялісту ці спэцыялістцы з даведкай з працы. Жывёлаў — нельга, дзяцей — нельга, нават сваю мэблю — таксама нельга. Уладальнік кватэры пазначыў нават найбольш спрыяльны для яго ўзрост арандатараў — 21–30 гадоў. Кватэра — двухпакаёўка ля мэтро «Партызанская» за 1400 рублёў на месяц.

Скрыншот

Допіс набраў некалькі сотняў камэнтароў, дзе людзі выказвалі абурэньне такім «кастынгам».

Жахі мэдыцыны

У жніўні карыстальніца Threads расказала гісторыю, сьведкай якой стала ейная сяброўка ў 5-й менскай лякарні. Нібыта адной з пацыентак, у якой была «замёрлая» цяжарнасьць, сказалі нараджаць проста ў палаце. Цяпер допіс недасяжны.

Аднак на гэты допіс адрэагавалі іншыя жанчыны, якія пачалі пісаць свае гісторыі пра роды ў Беларусі. Многія скардзіліся на стаўленьне да іх пэрсаналу і на абыходжаньне ў гэтай і іншых лякарнях.

Як бачым, у гэтай сацсетцы найчасьцей абмяркоўваюць не палітыку, а побытавыя ці сацыяльныя сытуацыі, якія набіраюць розгалас.

Адносіны з усходнімі суседзямі

Яшчэ адна тэма, якая ў Threads традыцыйна выклікае гарачыя дыскусіі і зьбірае ахопы, — гэта адносіны беларусаў з расейцамі. Напрыклад, летась у лістападзе адзін з карыстальнікаў запытаўся, ці лічаць беларусы расейцаў «сваімі старэйшымі братамі». Яму адказалі больш за 3 тысяч чалавек, думкі падзяліліся, але вялікая частка рэзка адкідала фармулёўку пра «старэйшага брата». Цяпер допіс недасяжны.

Агулам гэтая тэма пэрыядычна ўсплывае ў Threads. Асабліва калі госьці з Расеі прыяжджаюць у Беларусь і называюць краіну «Белоруссией», такія допісы выклікаюць бурную і часта гнеўную рэакцыю саміх беларусаў.

«Дзяржава хоча кантраляваць усякую публічную камунікацыю»

Улады хочуць забараніць усякую публічную камунікацыю, хочуць кантраляваць яе, а гэта ўжо горш за цэнзуру: калі чалавек ведае, пра што можна казаць, а пра што — не. Гэта ў размове з Свабодай зазначае Ірына Сідорская, доктарка навук і мэдыяэкспэртка.

«Гэта ўвогуле не палітычны кантэнт, гэта не пра Лукашэнку, рэпрэсіі й выбары, гэта побытавая тэматыка. Дзяржава ўжо хоча ня толькі кантраляваць кантэнт і займацца цэнзурай, а наагул хоча кантраляваць усю чалавечую камунікацыю, якая становіцца публічнай. Кшталту — а як вы можаце камунікаваць бяз нас? Вы там адныя дакамунікуецеся і вас трэба кантраляваць. Мы, дзяржава, лепш ведаем, як вырашаць праблемы. У сутнасьці, прадстаўніца МУС гаворыць, што зьвяртацца трэба на гарачую лінію ці ў чат-бот, а мы, дзяржава, самі ведаем, што з гэтым рабіць. А вы нічога ня ведаеце, вы ня можаце нас ацэньваць. Дзяржава наагул ня хоча, каб існавала публічная сфэра, дзе людзі на гарызантальных сувязях нешта абмяркоўваюць», — зьвяртае ўвагу суразмоўца.

Ірына Сідорская

Дзякуючы такой гарызантальнай камунікацыі людзі вырашаюць, што такое грамадзка значная праблема, працягвае экспэртка. Напрыклад, у нейкай краме не стае асартымэнту, а такое толькі ў гэтым раёне ці паўсюль? Людзі вызначаюць, што лічыцца сацыяльнай праблемай. А дзяржава гэтага ня хоча, дадае суразмоўца.

«Дзяржава хоча сама ўсё вырашаць. Гэта горш за цэнзуру, бо цэнзура — гэта калі нельга гаварыць пра штосьці. А тут — ні пра што нельга гаварыць. Пасыл такі, што дзяржава цябе слухае. Яна кантралюе цябе, а калі штосьці няправільнае скажаш — будуць праблемы. І яны пра гэта гавораць адкрыта», — даводзіць экспэртка.

Ірына Сідорская зьвяртае ўвагу, што такім чынам людзям не заткнеш рот і не забароніш абмяркоўваць паўсядзённае жыцьцё, бо гэта натуральная чалавечая звычка.

«Насамрэч людзі павінны ацэньваць уладу: як працуе паліклініка, якія дарогі, якія крамы. А ўлада гаворыць — вы ня маеце такіх правоў. Гэты мы, дзяржава, будзем ацэньваць, наколькі вы правільныя грамадзяне. А калі вы ацэньваеце ўладу, то яны пагражаюць адказнасьцю, нават крымінальнай. Зваротную сувязь, наадварот, трэба разьвіваць, але дзяржава забараняе гэта. Дзяржава фактычна ня хоча, каб людзі былі грамадзянамі. А грамадзянам мусіць быць якраз неабыякава, яны мусяць зьвяртаць увагу на праблемы, абмяркоўваць іх, адстойваць вырашэньне. Гэта не палітыка, а грамадзкая адказнасьць. Ня бачу для ўлады добрага выніку ў гэтым закручваньні гаек, гэта насуперак нармальным натуральным працэсам. Няма тут добрага, устойлівага выйсьця хаця б у сярэдняй пэрспэктыве», — падсумоўвае суразмоўца.

Сёлета ў красавіку старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава прапанавала ўвесьці адказнасьць для людзей за «тое, што ты даносіш у публічную прастору». І падкрэсьліла, што ад гэтага залежыць «імідж улады».