Як піша БелТА, адказваючы на пытаньне аб тым, ці трэба блякаваць сацыяльныя сеткі, Уладзімер Пярцоў абазначыў паспрабаваў раскласьці ўсё па паліцах:
«Па-першае, не блякаваць сацыяльныя сеткі для дзяцей 15-16 гадоў, а ўводзіць узроставыя абмежаваньні і іншыя цэнзы, якія ўжо заканадаўча прынятыя, у тым ліку і ў суседніх краінах. З улікам таго, што сацсеткі ўсё больш пачынаюць уплываць на маладых людзей, якія не атрымліваюць досьведу чытаньня папяровых газэт і застаюцца вернымі сваім лічбавым пляцоўкам, празь якія нам дастаткова эфэктыўна ўдаецца прасоўваць сваю праўду адносна краіны.
Дзяржаўныя адміністрацыі краінаў прымаюць захады, якія абмяжоўваюць сацсеткі для дзяцей да вызначанага ўзросту пад маркай іх падступных альгарытмаў, псыхічнага ўзьдзеяньня, дапушчаючы парог уваходжаньня ўжо ў больш-менш сьвядомым узросьце. Прымаць рэгуляцыйныя рашэньні ў пастаноўцы абмежаваньняў па ўзросьце ці нейкіх яшчэ парамэтрах мы пакуль не збіраемся», — падкрэсьліў Пярцоў.
Такіх мэханізмаў абмежаваньня, паводле яго, пакуль у краіне няма.
«Пакуль альгарытм пацьверджаньня свайго ўзросту маладымі людзьмі дастаткова складаны. Няма гарантыі, які менавіта карыстальнік у дадзены момант уваходзіць пад тым ці іншым „нікам“ у сацыяльную сетку. Пры гэтым мы ведаем, што праз гульнявыя плятформы, сацсеткі „памкненьні“ на нашу моладзь ужо ёсьць. Гэтыя сацыяльныя сеткі пачынаюць збор асабістых зьвестак, прымушаюць маладога чалавека, часта дзіця да перасыланьня фота, іншага дакумэнту, каб усю лічбавую праўду пра гэтага пэрсанажа сабраць разам у пэўным банку захоўваньня для разуменьня, хто і пад якім „нікам“ уваходзіць, якія рэсурсы наведвае, у што гуляе, што гугліць, перасылае».
Чыноўнік сказаў, што ўлады ўжо назіраюць за гэтым працэсам і робяць пакуль што папярэднія высновы.
А што ў пляне законаў?
Летась у Аўстраліі парлямэнт прыняў закон аб забароне непаўналетнім ва ўзросьце да 16 гадоў ствараць свае старонкі ў сацыяльных сетках. Абмежаваньні сталі абмяркоўваць таксама ў Новай Зэляндыі.
У Эўропе пэўныя адмыслоўцы раней выказвалі глыбокую заклапочанасьць рызыкамі для фізычнага і псыхічнага здароўя непаўналетніх у інтэрнэце і заклікалі да ўзмацненьня абароны ад маніпулятыўных стратэгій, якія могуць павялічыць залежнасьць і шкодзяць здольнасьці дзяцей засяроджвацца і па-здароваму ўзаемадзейнічаць са зьместам старонак у сеціве.
У полі закону пакуль усё абмежавалася толькі неабавязковай рэзалюцыяй Эўрапарлямэнту, прынятай у лістападзе 2025 году, за якую прагаласавалі 483 дэпутаты, а супраць выказаліся 92 чалавекі. Сярод згаданага ў рэзалюцыі - абмежаваньне веку пачатку карыстаньня сацыяльнымі сеткамі 16 гадамі. Тое самае тычыцца карыстаньня інструмэнтамі штучнага інтэлекту і відэаабменьнікамі.
У той жа час прапануецца дазваляць доступ да Сеціва дзецям ва ўзросьце 13-16 гадоў са згоды бацькоў.
Форум