Расейскія рэактыўныя дроны дасягаюць цэляў у Кіеве дзякуючы высокай якасьці сувязі, якую забясьпечвае Беларусь, — экспэрт

У студзені 2025 году вайсковая выведка Ўкраіны прадэманстравала, як зьнішчае расейскія рэтрансьлятары на акупаванай тэрыторыі. Ілюстрацыйнае фота

Апошнія два тыдні ўкраінскія маніторынгавыя каналы фіксуюць адзінкавыя выпадкі пралёту расейскіх дронаў цераз тэрыторыю Беларусі для ўдараў па Ўкраіне. Але Расея не спыняе ўдары дронамі.

Цягам верасьня расейскія войскі фактычна безь перапынку атакуюць Кіеў і Кіеўскую вобласьць. Паводле ўкраінскага боку, напярэдадні толькі ў гэтым рэгіёне пацярпелі больш за 20 цывільных аб’ектаў, у тым ліку Нацыянальная акадэмія навук, калі загінуў адзін чалавек і атрымалі раненьні 24 чалавекі.

Украінскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што найбольш складана зьбіваць расейскія рэактыўныя дроны — «Герань-4» і «Герань-5», якія ствараюцца на базе іранскіх бесьпілётнікаў Shahed. Гэтыя дроны маюць турбарэактыўныя рухавікі і могуць разьвіваць хуткасьць ад 500 да 900 кілямэтраў на гадзіну. Пры гэтым яны маюць баявую частку вагой да 90 кіляграмаў, камэры і сыстэмы сувязі для карэкцыі маршруту і ўдару.

Экспэрты сьцьвярджаюць, што хуткасьць і якасная сувязь, якую забясьпечвае Беларусь, — асноўныя прычыны дакладнага пацэльваньня расейскіх дронаў па аб’ектах ва Ўкраіне.

Паводле дырэктара ў разьвіцьці абароннага прадпрыемства Анатоля Храпчынскага, у Беларусі рэтрансьлятары ставяць на аддзелах памежнай службы.

«Адлегласьць работы такога рэтрансьлятара дазваляе закрыць пэрымэтар 140 кілямэтраў. Калі ўмоўна блізка да чарнобыльскай зоны знаходзіцца антэна сувязі на тэрыторыі Беларусі, то над Кіеўскім вадасховішчам — просты радыёгарызонт, які дазваляе пакрыць 140 кілямэтраў. То бок падпадае цалкам уся тэрыторыя Кіева. І таму зразумела, чаму яны так вольна пачуваюцца ў паветранай прасторы Ўкраіны», — сказаў Анатоль Храпчынскі ў этэры Ўкраінскай службы Радыё Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Войскі РФ ударылі па Акадэміі навук у Кіеве. Зяленскі паабяцаў адказаць. ФОТА

Што папярэднічала

Упершыню аб тым, што Беларусь дапамагае Расеі ажыцьцяўляць дронавыя атакі па Ўкраіне, стала вядома сёлета ў чэрвені. Тады прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень на тое, каб зьняць рэтрансьлятары. «Калі ён гэтага ня зробіць, зробім мы», — папярэдзіў Зяленскі. Паводле яго, тады працавалі сама меней чатыры такія рэтрансьлятары ў Гомельскай і Берасьцейскай вобласьцях.

Празь некалькі дзён пасьля гэтай заявы Зяленскі паведаміў, што нібыта 22 чэрвеня рэтрансьлятары спынілі працу. «Дэмантавалі ці не, я, шчыра кажучы, пакуль ня ведаю. Але мы над гэтым працуем, і я вельмі ўважліва сачу і штодня атрымліваю даклады. Факт, што рэтрансьлятары на сёньня не працуюць», — сказаў ён 24 чэрвеня.

30 чэрвеня тагачасны галоўны вайскавод Узброеных сілаў Украіны Аляксандар Сырскі заявіў, што беларускі бок не дэмантаваў рэтрансьлятары, аднак адключаў іх на пэўны час.

1 ліпеня прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што рэтрансьлятары адключаныя.

15 ліпеня дарадца Міністэрства абароны Ўкраіны Сяргей Бяскрэснаў сказаў, што, магчыма, рэтрансьлятары ў Беларусі час ад часу працягваюць выкарыстоўваць для атак.

18 верасьня ў Кіеве заявілі, што Беларусь зноў падключыла рэтрансьлятары для расейскіх бесьпілётнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна можа непублічна адрэагаваць на рэтрансьлятары ў БеларусіУ Кіеве заявілі, што Беларусь зноў падключыла рэтрансьлятары для расейскіх бесьпілётнікаў, якія атакуюць УкраінуРасейскія войскі нанесьлі ракетна-дронавы ўдар па Кіеве, Адэсе і Запарожжы. У Растове пажар на вайсковым аэрадромеСклады, АЗС і парты. Якія аб’екты ва Ўкраіне атакавалі расейскія войскіНад Украінай рой расейскіх дронаў. Яны зноў ляцяць празь Беларусь. На Жытоміршчыне два чалавекі загінуліУ Беларусі зноў запрацавалі рэтрансьлятары для расейскіх дронаў — кіраўнік ГУР Украіны