Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны, зафіксавалі пацэльваньні дронаў па 14 лякацыях, яшчэ ў 7 месцах нанесеная шкода ў выніку падзеньня аскепкаў зьбітых бесьпілётнікаў.
У Кіеўскай вобласьці пашкоджаныя больш за 20 аб’ектаў
Улады Кіеўскай вобласьці заявілі, што ўначы пад расейскімі ўдарамі былі выключна цывільныя аб’екты. Тры чалавекі загінулі (сярод іх адзін грамадзянін Азэрбайджану) і 8 атрымалі раненьні.
У Браварскім раёне пацярпелі 2 склады і два адміністрацыйныя памяшканьні, у Бучанскім — базар, прыватны сэктар і аўтамабілі, у Фастаўскім — вытворчасьць і аўтамабілі, у Белацаркоўскім раёне — сельскагаспадарчае прадпрыемства і шматкватэрны дом. Усяго, паводле ўладаў, пацярпеў 21 аб’ект.
У Кіеве чатыры чалавекі параненыя. Пашкоджаныя жылыя і нежылыя памяшканьні, офісы, аўтазапраўка. https://t.me/dsns_telegram/75950
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея атакавала ракетамі Кіеў, у ААН разгледзелі пытаньне Ўкраіны, Масква ня будзе спыняць вайну дзеля перамоўУ Харкаўскай вобласьці раненьні атрымалі 9 дзяцей
Улады Харкаўскай вобласьці паведамілі, што ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 13 населеных пунктаў, у тым ліку горад Харкаў.
Адзін чалавек загінуў, 25 чалавек пацярпелі, у тым ліку 9 дзяцей. Расейскае войска наносіла ўдары авіяцыяй, артылерыяй і дронамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ЗША запрасілі Пуціна на саміт G20 у МаяміГеаграфію абстрэлаў пашырылі на большую частку краіны
Ад расейскіх абстрэлаў таксама пацярпелі Жытомірская, Ровенская, Віньніцкая, Запароская, Днепрапятроўская, Хмяльніцкая, Сумская і Адэская вобласьці.
«У Адэскай вобласьці ўдарылі па караблі пад сьцягам дзяржавы Палаў. У Жытомірскай вобласьці пашкодзілі звычайны завод марозіва. Былі ўдары па жылых дамах на Сумшчыне, Ровеншыне, Харкаўшчыне і Адэшчыне. Атакавалі крытычна важную інфраструктуру на Віньнічыне, Днепрапятроўшчыне, Хмяльніччыне і Запарожжы. Паўсюль, дзе патрэбна, працуюць тэрміновыя службы», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
У Расеі традыцыйна сьцьвярджаюць, што білі па вайсковых аб’ектах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Тры найбуйнейшыя металюргічныя заводы Ўкраіны спынілі працу пасьля расейскіх удараўУ Краснадарскім краі гарыць нафтабаза
Украінскія маніторынгавыя каналы паведамілі, што ў станіцы Новацітараўская Краснадарскага краю гарыць нафтабаза «Эдельвейс-95», якая гандлюе палівам.
На ёй можа захоўвацца да 4500 кубамэтраў паліва. Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, «Эдельвейс» працуе больш за 30 гадоў і набывае паліва наўпрост у найбуйнейшых вытворцаў Расеі.
Пазьней у апэратыўным штабе Краснадарскага краю заявілі аб узгараньнях на трох прадпрыемствах цывільнай інфраструктуры яшчэ ў трох раёнах рэгіёну. Ніхто не пацярпеў.
Паводле Міністэрства абароны Расеі, у ноч на 28 верасьня над 15 расейскімі рэгіёнамі, анэксаваным Крымам і над акваторыяй Чорнага мора расейцы абясшкодзілі 254 украінскія бесьпілётнікі.
Ва ўмовах вайны пацьвердзіць або зьняпраўдзіць інфармацыю, якую распаўсюджваюць абодва бакі вайны, у незалежных крыніцах немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэм’ер Польшчы Туск заявіў аб рызыцы расейскіх «гібрыдных» удараў па краінах NATOВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.