Згодна з інфармацыяй апэратыўнага камандаваньня Паветраных сіл Украіны, расейскія войскі атакавалі Ўкраіну супрацькарабельнымі ракетамі «Цыркон», балістычнымі ракетамі Іскандэр-М/С-400/KN-23, а таксама 282 ударнымі і гібрыднымі дронамі.
Асноўныя ўдары былі скіраваныя на Адэскую і Кіеўскую вобласьці.
Сілы супрацьпаветранай барацьбы змаглі зьбіць 4 ракеты «Цыркон», тры балістычныя ракеты, адну ракету-дрон «Бандэроль» і 219 бесьпілётнікаў.
Пацэльваньні зафіксавалі на 13 лякацыях і яшчэ ў 10 месцах упалі аскепкі зьбітых дронаў і ракет.
У Кіеве сама меней два чалавекі загінулі
Сталічныя ўлады заявілі, што ў выніку балістычнай атакі ў Кіеве загінулі два чалавекі і яшчэ 8 атрымалі раненьні.
Аскепкі ракет упалі ў двары жылых дамоў, у якіх павыбівала вокны. Пашкоджаныя нежылыя і адміністрацыйныя будынкі. У адным з раёнаў аскепкі ракет пацэлілі па паркоўцы на тэрыторыі радзільні — там загінуў адзін чалавек. Таксама пацярпеў суседні клініка-дыягнастычны цэнтар. https://t.me/vitaliy_klitschko/7610
Зяленскі ў ЗША просіць дапамогу для супрацьдзеяньня ракетам
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што балістычная атака расейскіх войскаў на Кіеў адбылася якраз у той час, калі ён абмяркоўваў з кангрэсмэнамі закон Ліндсі Грэма і неабходнасьць узмацніць санкцыі супраць Расеі.
«Гэтую вайны Расея бязь ціску не завершыць. Тады, калі людзі спалі, у небе былі ўспышкі ад выбухаў. Зноў асноўная мішэнь іхнага ўдару — Кіеў і цывільная інфраструктура, жылыя дамы, радзільня, энэргетыка і лягістыка», — напісаў Зяленскі ў сваім Telegram-канале.
Кіраўнік Украіны адзначыў, што на сустрэчах у кангрэсе ён абмяркоўваў магчымасьць дадатковай абароны ад расейскай балістыкі.
«Кожная такая атака праз тое, што ціску на агрэсара так і ня ста татальным і Расея мяркуе, што і далей можа ставіць на балістычны тэрор. Цяпер у Злучаных Штатаў ёсьць магчымасьць адрэагаваць моцна. Патрэбныя перахопнікі балістыкі, каб абараніць жыцьці. Патрэбна рэалізаваць санкцыі супраць Расеі і тых, хто дапамагае ёй зарабляць», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Лаўроў у ААН заявіў, што Расея ня спыне вайну на час перамоў
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН заявіў, што Масква ня будзе спыняць вайну для перамоў.
«Мы ня будзем на пэрыяд перамоў у любым фармаце рабіць паўзу ў спэцыяльнай вайсковай апэрацыі. Хоць Эўропа хоча менавіта гэтага — у тых жа няхітрых мэтах атрымаць перадышку і запоўніць вычарпаныя вайсковыя арсэналы кіеўскага рэжыму», — заявіў ён.
І адначасова Лаўроў заявіў, што Расея гатова да перамоў аб доўгатэрміновым і сталым урэгуляваньні ва Ўкраіне.
Украінскі бок настойвае, што спыненьне агню на фактычнай лініі фронту і ўдараў па інфраструктуры абедзьвюх краін павінна стаць першым крокам у мірным урэгуляваньні. Такая ж пазыцыя, як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, утрымліваецца ў супольнай дэклярацыі дыпляматаў з больш за 50 краін, якую абнародавалі 23 верасьня перад пасяджэньнем Рады бясьпекі ААН.
Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што 14 з 15 чальцоў Рады бясьпекі ААН падтрымліваюць спыненьне агню, і толькі Расея накладае на гэтае рашэньне вета.
«Гэта не ўкраінская вайна, і нават не эўрапейская. Гэта глябальная пагроза. Папярэджаньне найгоршага сцэнара залежыць ад кожнага ў гэтай зале і далёка за яе межамі. [...] Калі вы запомніце толькі адно з гэтай сустрэчы — запомніце Алешкі. Пачуйце іхны крык аб дапамозе. Патрабуйце ад Расеі адкрыць гуманітарныя калідоры», — падкрэсьліў Андрэй Сыбіга.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум