Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі бізнэс-цэнтар і запраўкі. Выведка Ўкраіны папярэдзіла аб небясьпецы новага ўдару

абноўлена
Наступствы расейскага ўдару па АЗС у Кіеве, 23 верасьня 2026 году
Наступствы расейскага ўдару па АЗС у Кіеве, 23 верасьня 2026 году

У ноч на 23 верасьня расейскія войскі ўдарылі па Ўкраіне 161 ударным дронам, зь іх 119 украінская супрацьпаветраная абарона змагла зьняшкодзіць.

Пацэльваньні зафіксавалі ў 18 лякацыях, яшчэ ў 8 месцах упалі аскепкі зьбітых дронаў.

У Кіеве раненьні атрымалі 8 чалавек

Улады ўкраінскай сталіцы паведамілі, што ў выніку дронавай атакі раненьні атрымалі 25 чалавек, адзін зь іх памёр у шпіталі і яшчэ адзін чалавек загінуў.

Найбольш пацярпеў Галасееўскі раён Кіева — пашкоджаны склад, запраўка і чатырохпавярховы бізнэс-цэнтар.

Яшчэ адна АЗС пацярпела ў Дарніцкім раёне ўкраінскай сталіцы.

Як паведамілі ў кампаніі «Нафтагаз Украіны», расейскія войскі наўмысна атакуюць аўтазапраўныя комплексы. Сёньняшні ўдар — шосты за апошнія тыдні. Сярод пэрсаналу пацярпелых няма. Кіраўніцтва кампаніі паабяцала аднавіць пашкоджаныя запраўкі, каб забясьпечваць людзей палівам.

На Запарожжы адзін чалавек загінуў, тры параненыя

За апошнія 24 гадзіны расейскія войскі нанесьлі 734 удары па 52 паселішчах Запароскай вобласьці. Адзін чалавек загінуў, тры атрымалі раненьні.

Абстрэлы вядуць з артылерыі, баявой авіяцыі і пры дапамозе дронаў. Улады атрымалі 80 паведамленьняў аб пашкоджаньні аб’ектаў інфраструктуры, жылых дамоў і аўтамабіляў.

Ад няспынных абстрэлаў цярпяць паўночныя рэгіёны Ўкраіны

У Сумскай вобласьці праз сталыя абстрэлы і пашкоджаньні цывільнай інфраструктуры ўвялі адключэньні электраэнэргіі.

Гэты рэгіён таксама інтэнсіўна абстрэльваюць з артылерыі, авіяцыі і пры дапамозе дронаў. Прынамсі адзін чалавек атрымаў раненьні. Пацярпелі сама меней 15 паселішчаў рэгіёну. Пашкоджаныя інфраструктурныя аб’екты і прыватны жылы сэктар.

У Чарнігаўскай вобласьці абстралялі яшчэ адно сельскагаспадарчае прадпрыемства, зьнішчаны адзін склад і яшчэ адзін атрымаў пашкоджаньні.

Зяленскі: Расея рыхтуе новы магутны ўдар па Ўкраіне

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на сустрэчы з кіраўніком ураду Вялікай Брытаніі Эндзі Бэрнэмам на палях сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН заявіў аб рыхтаваньні Расеяй новага інтэнсіўнага абстрэлу.

«Цяпер ёсьць інфармацыя ад выведкі, што Расея рыхтуе новую інтэнсіўную атаку супраць Украіны. Калі кожны дзень украінцы жывуць пад пагрозай ракетных і дронавых удараў, ня можа быць нават мовы аб скасаваньні санкцыяў», — заявіў Зяленскі.


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG