Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, выступаючы перад прэсай у прысутнасьці прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, выказаў надзею на хуткае заканчэньне расейска-ўкраінскай вайны.
«Спадзяюся, што мы скончым гэтую вайну, што прэзыдэнт Трамп дапаможа нам яе скончыць. Я думаю, што нам трэба зрабіць гэта як мага хутчэй — да зімы, пажадана да зімы. Таму мы абмяркуем шмат розных пытаньняў», — заявіў кіраўнік украінскай дзяржавы ў Нью-Ёрку 22 верасьня.
Прэзыдэнт ЗША таксама выказаў веру ў магчымасьць падпісаньня мірнага пагадненьня.
«Я думаю, што яны (Зяленскі і Пуцін — рэд.) прыйдуць да пагадненьня. І я не хачу казаць, якім будзе гэтае пагадненне. Мы шмат пра гэта гаворым, у прыватнасьці, з Пуціным, і я думаю, што нешта адбудзецца. Але яны, безумоўна, вельмі добрыя байцы. Яны могуць ганарыцца сабой. У любым выпадку, паглядзім, што будзе. Але гэта вельмі і вельмі здольныя людзі зь вельмі здольным кіраўніцтвам», — сказаў Трамп, адказваючы на пытаньне аб тэрытарыяльным пытаньні ў расейска-ўкраінскай вайне, яго цытуе ўкраінская служба Свабоды.
Дональд Трамп таксама адказаў на пытаньне, ці пагодзіцца расейскі кіраўнік Уладзімір Пуцін на трохбаковую сустрэчу з прэзыдэнтамі Ўкраіны і ЗША.
«Я ведаю, што ён гатовы сустрэцца. У нас ужо была сустрэча на Алясцы. Думаю, ён пагодзіцца на яшчэ адну. Ня ведаю наконт Маямі. У нас неўзабаве ў Маямі адбудзецца вялікае мерапрыемства (саміт G20 — рэд.). Але так, ён сустрэнецца. Ён гатовы сустрэцца. Ён хацеў бы, каб вайна скончылася», — настойваў Трамп.
Кароткая размова паміж прэзыдэнтамі Ўкраіны і ЗША з прэсай папярэднічала дыскусіі ўнутры дэлегацый.
Раней, таксама 22 верасьня, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваім выступе на Генэральнай Асамблеі ААН выказаў перакананьне, што заканчэньне расейска-ўкраінскай вайны «адбудзецца хутчэй, чым людзі ўсьведамляюць». Адначасова ён згадаў пра магчымасьць ужываньня дадатковых санкцый супраць Расеі і ейных контрагентаў на рынку нафты.
Ранейшыя словы Трампа пра заканчэньне вайны
Дональд Трамп гаворыць пра набліжэньне мірнага пагадненьня ад пачатку прэзыдэнцкай кампаніі. Злучаныя Штаты спадзяваліся скончыць вайну ўва Ўкраіне да канца 2025 году. Пра гэта яшчэ ў жніўні 2025 году заяўляў на пасяджэньні кабінэту міністраў Дональда Трампа ў Вашынгтоне спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША Стывэн Уіткаф, які ўдзельнічаў у перамовах з Расеяй і ня раз сустракаўся з расейскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным.
Неаднаразова Трамп таксама выказваў спадзяваньні на трохбаковую сустрэчу. Уладзімір Зяленскі таксама падтрымліваў ініцыятыву амэрыканскага боку. Але расейскі прэзыдэнт Пуцін не пагадзіўся на падобную сустрэчу.
У верасьні Злучаныя Штаты аднавілі дыпляматычныя намаганьні наконт мірнага працэсу. Упаўнаважаныя прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер у пачатку верасьня наведалі Маскву і Кіеў, аднак істотнага прагрэсу пасьля перамоваў спачатку з расейскай уладай, потым украінскай, плёну не далі, гаварылі экспэрты.
Уіткаф ахарактарызаваў перамовы ў абедзьвюх сталіцах як канструктыўныя і сказаў, што Вашынгтон пачуў ад Масквы «новыя ідэі». Кушнер сказаў, што Злучаныя Штаты працуюць над больш шырокім «мірным пакетам». Зяленскі, са свайго боку, назваў свае перамовы з амэрыканцамі «вельмі істотнымі» і заявіў, што Ўкраіна гатовая рухацца да трохбаковых перамоваў з удзелам Кіеву, Вашынгтону і Масквы.
Форум