У праграме «ПіК Свабод. Вынікі тыдня» падсумоўваем вынікі тыдня з палітычным аналітыкам Арцёмам Шрайбманам, дыпляматычным дарадцам Ціханоўскай Дзянісам Кучынскім і паліталягіняй Тацянай Чуліцкай.
0:00 Ці вызваленьне яшчэ 15 вязьняў ёсьць вынікам перамоваў Лукашэнкі з спэцпасланьнікам Трампа
5:53 Ці скарысталіся палякі прапановамі Шрайбмана
12:39 Пастаўкі беларускага калію ў ЗША. Чаго тут болей – палітыкі ці эканомікі
15:24 Ці добра для незалежнасьці Беларусі, калі літоўцы згодзяцца зноў транспартаваць калій праз Клайпеду
22:25 Ціханоўскі супраць Ціханоўскай. Якое магло б быць найлепшае разьвязаньне канфлікту
27:55 Кучынскі пра сустрэчы Ціханоўскай на Генасамблеі ААН
35:58 Ці былі ў Нью-Ёрку кантакты з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску
38:15 Ці будзе Сьвятлана Ціханоўская альбо яе офіс рэагаваць на закіды Сяргея Ціханоўскага
42:12 Ці набліжаецца Эўразьвяз усьлед за ЗША да перагляду санкцыяў супраць беларускага калію
47:54 Што можа здабыць і страціць Літва, калі дазволіць транзыт беларускага калію
Тут фрагмэнты размовы з Арцёмам Шрайбманам
Вызваленьне вязьняў: «Гэта для мяне не выглядае адназначна зьвязаным з візытам Коўла»
У чацьвер Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 15 асуджаных. Арцём Шрайбман сумняваецца, што гэтае рашэньне непасрэдна зьвязанае з перамовамі беларускага кіраўніка і спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла. Паводле аналітыка, памілаваньне нагадвае рэгулярныя «сьвяточныя ўказы», якія ўлады Беларусі выдаюць на працягу апошніх двух гадоў: «Я думаю, што яно б адбылося ў любым выпадку, незалежна ад прагрэсу ці рэгрэсу ў перамовах».
Шрайбман зьвяртае ўвагу на тое, што ўлады заяўляюць пра пакаяньне асуджаных і прызнаньне віны, але дакладна невядома, колькі сярод памілаваных палітвязьняў: «Мы нават дагэтуль ня ведаем, ці ўсе яны былі палітвязьнямі».
Ён нагадвае, што ў мінулым у афіцыйную статыстыку маглі ўключаць людзей, пакараных хатняй хіміяй. Паводле крытэраў праваабаронцаў, такія асобы ня лічацца палітвязьнямі. Аналітык лічыць, што для высноваў неабходна вывучыць імёны вызваленых і крымінальныя артыкулы, паводле якіх іх асудзілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Беларусі выйдуць на волю 15 асуджаных — выйшаў указ пра памілаваньнеПольска-беларускія адносіны: «Гэта абмежаваная, пакрокавая дээскаляцыя»
Адной з найбольш значных падзеяў тыдня Шрайбман называе сустрэчу міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага зь беларускім калегам Максімам Рыжанковым. Паводле аналітыка, гэта сьведчыць пра гатоўнасьць Варшавы да больш актыўных крокаў у адносінах зь Менскам. Шрайбман лічыць, што бакі могуць рухацца ў кірунку абмежаванай дээскаляцыі. Сярод магчымых пытаньняў ён называе памежную камунікацыю, польскую меншасьць у Беларусі, візы, консульскую прысутнасьць і іншыя двухбаковыя праблемы: «Гэта менавіта абмежаваная эскаляцыя, пакрокавая».
Ён падкрэсьлівае, што Польшча не адмаўляецца ад ціску на беларускія ўлады. Дыпляматычныя крокі, паводле яго, зьяўляюцца рэакцыяй на канкрэтныя дзеяньні Менску: «Польшча ж ня кажа, што яна адмаўляецца ад ціску. Не, яна проста пачынае глядзець, як яна можа гэта выкарыстаць».
У якасьці прыкладу Шрайбман згадвае зьмены ў міграцыйнай сытуацыі на польскай мяжы і вызваленьне Анджэя Пачобута. Аналітык лічыць, што Польшча можа рухацца ў абодва бакі — у бок дээскаляцыі або эскаляцыі — у залежнасьці ад дзеяньняў беларускага боку: «Польшча бачыць для сябе прастору для абмежаванага пакрокавага працэсу, які не пабудаваны на даверы да Менску, які пабудаваны на вельмі канкрэтных стымулах».
Паводле Шрайбмана, гэты падыход можа быць карысным і для іншых краінаў. Аднак значныя зьмены ў санкцыйнай палітыцы магчымыя толькі пры ўдзеле Эўразьвязу: «Асноўныя рычагі, прынамсі санкцыі, знаходзяцца ў руках 27 членаў Эўразьвязу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міністар замежных справаў Польшчы анансаваў адкрыцьцё новага будынку амбасады ў МенскуКалійныя санкцыі: «Галоўны пернік трэба пакідаць»
Камэнтуючы зьняцьце заяву Дональда Трампа пра магчымую вялікую ўгоду зь Беларусьсю, Шрайбман лічыць, што ў гэтай сытуацыі пераважае палітычны складнік. Ён сумняваецца, што пастаўкі беларускага калію ў ЗША могуць стаць устойлівай эканамічнай схемай без істотнага зьніжэньня транспартных выдаткаў. Паводле аналітыка, пастаўкі праз Расею і расейскія парты робяць беларускую прадукцыю менш канкурэнтаздольнай. Ён таксама разглядае заявы Трампа як магчымы інструмэнт ціску на Канаду ў гандлёвых спрэчках: «Калі не адчыняцца балтыйскія парты, каб хаця б на лягістыцы зэканоміць, я ня бачу, як гэта можа быць нечым не палітычным».
Шрайбман адзначае, што калійная дамова можа мець палітычнае значэньне ня толькі для ЗША і Беларусі, але і для Эўропы: «Гэта прэцэдэнт, гэта тое, як ЗША сыгналізуюць і Канадзе, і Эўропе пра тое, што мы лічым, што калійнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю легітымна, яго трэба разьвіваць».
На ягоную думку, Менск можа выкарыстоўваць зьняцьце амэрыканскіх санкцыяў, каб паказаць іншым замежным партнэрам: супрацоўніцтва зь Беларусьсю зноў магчымае: «Мы ўжо не таксычныя, у нас ЗША набывае калій, таму давайце неяк больш наўпрост працаваць без пасярэднікаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Чаму Трамп загаварыў пра беларускі калій? Спыталі ў амэрыканскіх экспэртаўЧаму Шрайбман ня раіць Эўропе цяпер зьнімаць калійныя санкцыі
Аналітык падзяляе ідэю, што калійныя санкцыі не павінны захоўвацца бестэрмінова толькі з прычыны знаходжаньня Лукашэнкі пры ўладзе. Аднак ён лічыць, што іх варта выкарыстоўваць у абмен на глыбокія палітычныя саступкі: «Гэта ня тая санкцыя, якая мусіць заўсёды проста існаваць у дачыненьні да Беларусі, пакуль Лукашэнка пры ўладзе. Але гэта тая санкцыя, якую, мне здаецца, варта разьмяняць на нешта вельмі глыбокае... У нас не спыніліся рэпрэсіі, у нас 900 палітвязьняў, вядомых толькі. У нас не скончыліся правакацыі супраць Літвы, супраць Латвіі. Я ўжо маўчу пра саўдзел у вайне».
Ён лічыць, што датэрміновае зьняцьце калійных санкцыяў можа пазбавіць Эўропу важнага інструмэнту ўзьдзеяньня на беларускія ўлады: «Галоўны пернік трэба пакідаць, ад галоўнага козыру недарэчна пазбаўляцца ў пачатку працэсу».
На ягоную думку, калійныя санкцыі можна было б абмяняць на ўстойлівы нуль палітвязьняў, які ўключаў бы ня толькі вызваленьне ўжо асуджаных, але і спыненьне новага крымінальнага перасьледу: «Я лічу, што час для гэтай саступкі яшчэ дакладна не наступіў».
Закіды Сяргея Ціханоўскага да жонкі: «Гэта ўжо пытаньне да псыхолягаў»
Камэнтуючы публічныя закіды Сяргея Ціханоўскага да лідэркі дэмсілаў Сьвятланы Ціханоўскай, Шрайбман адзначае, што палітычны складнік канфлікту паступова адыходзіць на другі плян: «Я думаю, што страта ўжо нанесеная, і проста зьмяншэньне тэмпэратуры і сканчэньне гэтай рыторыкі прынамсі спыніла б нанясеньне рэпутацыйных стратаў».
Аналітык ня лічыць, што канфлікт можна вырашыць палітычнымі мэтадамі, бо ён мае ўсё больш асабісты характар: «Даволі даўно відавочна, што пэрсанальныя прэтэнзіі мусяць вырашацца на міжасабістым узроўні, мне здаецца. Гэта напэўна ўжо пытаньне да псыхолягаў хутчэй, чым да палітычных аналітыкаў».
Пры гэтым Шрайбман адзначае, што працяг аднабаковых абвінавачаньняў і маўчаньня ў адказ наўрад ці зьяўляецца ўстойлівай сытуацыяй. Паводле яго, дыпляматы і партнэры беларускіх дэмакратычных сілаў задаюць пытаньні пра тое, што адбываецца ў сям’і Ціханоўскіх: «Я ня ведаю, што ім казаць. Што там адбываецца, што там будзе адбывацца ў гэтай палітычнай сям’і... Я думаю, што раней ці пазьней прыйдзе той момант, калі ігнараваць будзе цяжка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Няма за што крыўдзіцца на Сьвятлану». Гендэрная дасьледніца пра рэакцыю Ціханоўскага на публікацыю жонкі«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст пра самыя важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Чатыры разы на тыдзень — з панядзелка па чацьвер — дасьведчаныя журналісты і рэдактары Свабоды выбіраюць для вас галоўныя навіны дня і тлумачаць, што яны значаць.
Па пятніцах мы рыхтуем тыднёвы аналітычны выпуск, у якім разам з вартымі даверу экспэртамі разьбіраем працэсы і тэндэнцыі ў палітыцы, эканоміцы, грамадзтве і культуры.
Your browser doesn’t support HTML5
«ПіК Свабоды»: галоўныя навіны дня з тлумачэньнямі
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода. Падзеі і камэнтары» (@svaboda-news).
Новы выпуск дасяжны на канале штодня а 1830 менскага часу.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.