Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма за што крыўдзіцца на Сьвятлану». Гендэрная дасьледніца пра рэакцыю Ціханоўскага на публікацыю жонкі

Сьвятлана і Сяргей Ціханоўскія на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве. 9 жніўня 2025 году
Сьвятлана і Сяргей Ціханоўскія на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве. 9 жніўня 2025 году

Сьвятлана Ціханоўская пісала пра нябачную працу жанчын, а не адмаўляла ўдзелу мужа ў жыцьці сям’і. Такую думку ў камэнтары праграме «ПіК Свабоды» выказала гендэрная дасьледніца Ірына Сідорская.

19 верасьня выданьне «Люстэрка» апублікавала калёнку дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай. У ёй палітык расказала пра дзесяць гадоў, прысьвечаных рэабілітацыі сына, які нарадзіўся зь парушэньнем слыху, і пра працу жанчын, якая часта застаецца незаўважанай.

У відэаадказе яе муж Сяргей Ціханоўскі, блогер і былы палітзьняволены, абвінаваціў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай у выкарыстаньні дзяцей у сваіх мэтах. Ён таксама заявіў, што ягоны фінансавы ўнёсак у забесьпячэньне сям’і і рэабілітацыю сына, цалкам выкрасьлены.

Ірына Сідорская
Ірына Сідорская

Паводле гендэрнай дасьледніцы і мэдыяэкспэрткі Ірыны Сідорскай, у калёнцы Сьвятланы Ціханоўскай няма падставаў бачыць абясцэньваньне ўдзелу Сяргея Ціханоўскага.

«На мой погляд, Сяргею дакладна няма за што крыўдзіцца на Сьвятлану, бо яна ніводнага разу не сказала, што ён не прымаў удзелу, але яна падкрэсьлівала менавіта нябачную працу жанчын», — сказала дасьледніца ў камэнтары «ПіКу Свабоды».

Сідорская адзначае: праца мужчыны, які забясьпечвае сям’ю рэсурсамі, аплачваецца. Разам з заробкам яна дае магчымасьць разьвіваць прафэсійныя кампэтэнцыі і сацыяльны капітал. Працу жанчыны ў доглядзе дзіцяці пры гэтым могуць успрымаць як нешта само сабой зразумелае.

Паводле дасьледніцы, Ціханоўская зьвярнула ўвагу менавіта на тое, што яе штодзённыя высілкі ўспрымаліся «як натуральны працяг жаночага жыцьця, як быццам гэта нейкая біялягічная функцыя».

Калі ж прызнаць догляд і клопат працай, паўстае пытаньне, як яе разьмяркоўваць паміж жанчынай, мужчынам і дзяржавай, кажа Сідорская. На яе думку, гэта патрабуе шырэйшай размовы, але першы крок — зрабіць такую працу бачнай.

Пра што сказала Ціханоўская

На пачатку верасьня лідэрка дэмакратычных сілаў выступіла на канфэрэнцыі ў Варшаве з прамовай у фармаце TEDx. Яна апісала, як дзесяць гадоў дапамагала свайму сыну пачаць чуць і якую нябачную працу жанчыны выконваюць штодзень.

Тэкст гэтага выступу на мінулым тыдні апублікавала «Люстэрка».

«Наступныя дзесяць гадоў свайго жыцьця я прысьвяціла яму і ягонай рэабілітацыі», — напісала яна.

Ціханоўская назвала гэта поўнай занятасьцю і адзначыла, што ў той час не магла працаваць і прафэсійна рэалізоўвацца. Разам з тым яна згадала дапамогу іншых

«Побач са мной была сям’я, спэцыялісты, сябры, — апавядала Сьвятлана Ціханоўская. — Я разумею, што ня кожны гэтую нябачную працу з маім дзіцем ацэніць, ня кожны яе бачыць. Я шмат чым ахвяравала: не змагла рэалізоўвацца і працаваць, увесь час была з дзіцем», — казала Ціханоўская.

У калёнцы палітык таксама правяла паралель паміж нябачнымі высілкамі ў доглядзе дзіцяці і сваёй палітычнай працай. Яна заклікала заўважаць працу жанчын і не абясцэньваць іхных дасягненьняў.

Што адказаў Ціханоўскі

У відэазвароце на канале «Страна для жизни» 23 верасьня Сяргей Ціханоўскі абвінаваціў Офіс Сьвятланы Ціханоўскай у выкарыстаньні дзяцей у палітычных мэтах.

«Офіс Сьвятланы Ціханоўскай паступіў нізка і подла, пачаўшы выкарыстоўваць маіх дзяцей у сваіх мэтах», — заявіў ён.

Паводле Ціханоўскага, дзеці просяць маці не публікаваць іхныя фатаздымкі, а публікацыі пра сына шкодзяць ягонаму стану. Ён выказаў перакананьне, што калёнку падрыхтаваў Офіс, а не сама Сьвятлана.

Ціханоўскі таксама аспрэчыў уласны пераказ публікацыі: нібыта жонка адна змагалася з хваробай сына і цалкам яе перамагла. У самой калёнцы Ціханоўская згадвае падтрымку сям’і, спэцыялістаў і сяброў.

Ён падкрэсьліў, што рэабілітацыя сына адбывалася ў набытым ім жытле, а таксама згадаў аплату замежных паездак, візаў і лекараў.

«Хоць раней Сьвета казала і пра маю ролю», — дадаў Ціханоўскі.

Напрыканцы роліка ён абвінаваціў Офіс і мэдыя ў скажэньні ягонай і Сьвятланінай роляў у палітычных падзеях: «Цяпер перапісваецца гісторыя».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG