Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўскі раскрытыкаваў беларускія незалежныя СМІ. Класкоўскі: «Яшчэ ніводзін палітык вайну з мэдыямі не выйграваў»

Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Былы палітвязень, блогер Сяргей Ціханоўскі разглядае магчымасьць зьвярнуцца да донараў з інфармацыяй пра тое, што ён лічыць выпадкамі нядобрасумленнай журналістыкі ў беларускіх незалежных СМІ.

Нагодай стала публікацыя «Нашай Нівы» пра тое, што Ціханоўскі нібыта «з размахам» адзначыў дзень народзінаў у Лос-Анджэлесе. Паводле Ціханоўскага, на вечарыну ён выдаткаваў 130 даляраў, памяшканьне і ежу дапамаглі арганізаваць сябры.

Ціханоўскі лічыць, што беларускія незалежныя СМІ нярэдка выкарыстоўваюць правакацыйныя загалоўкі і падаюць інфармацыю аднабакова.

Блогер прапануе сабраць прыклады публікацый з, на ягоную думку, скажэньнямі фактаў і перадаць іх арганізацыям, якія фінансуюць беларускія незалежныя СМІ.

Палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандар Класкоўскі зьвяртае ўвагу, што для такіх выпадкаў ёсьць адпрацаваныя мэханізмы: можна даслаць у рэдакцыю абвяржэньне, зьвярнуцца ў Раду па мэдыйнай этыцы або нават суд.

«Але там трэба даказваць, трэба датрымлівацца працэдуры, а тут, мне здаецца, робіцца спроба проста, груба кажучы, заткнуць неўпадабаныя мэдыі. І гэта, прабачце, мне нагадвае пэўныя практыкі лукашэнкаўскага рэжыму», — сказаў Класкоўскі ў камэнтары Свабодзе.

Ён адзначыў, што донары звычайна ня маюць права ўмешвацца ў рэдакцыйную палітыку. І нагадаў, што Сяргей Ціханоўскі ня першы, каму прыйшла ідэя зрабіць мэдыі «больш правільнымі».

«У 2022 годзе на канфэрэнцыі „Новая Беларусь“ Вераніка Цапкала прапаноўвала стварыць нейкую грамадзкую камісію, каб кантраляваць, ці правільна, так бы мовіць, пісалі незалежныя мэдыі. Але гэтае „правільна“ кожны можа разумець па-свойму. І пасьля гэтага імідж Веранікі Цапкалы ў незалежных мэдыях, мякка кажучы, не палепшыўся. Так што рэзюмэ маё такое: яшчэ ніводзін палітык вайну з мэдыямі не выйграваў», — сказаў Аляксандар Класкоўскі.

Цалкам размову з Аляксандрам Класкоўскім глядзіце ў «ПіКу Свабоды».

Хто такі Сяргей Ціханоўскі

Сяргей Ціханоўскі — беларускі блогер, аўтар і вядоўца YouTube- і Telegram-каналаў «Краіна для жыцьця», былы палітвязень, муж Сьвятланы Ціханоўскай, якая брала ўдзел у выбарах 2020 году.

Улады Беларусі пачалі яго перасьледаваць, калі ён у 2020 годзе выставіў сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта Беларусі супраць Аляксандра Лукашэнкі. ЦВК Беларусі адмовіў Ціханоўскаму ў рэгістрацыі, а беларускія сілавікі неўзабаве затрымалі яго нібыта за «арганізацыю масавых беспарадкаў» (беспарадкамі прызналі збор подпісаў у падтрымку Ціханоўскага).

У сьнежні 2021 году, пасьля масавых пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі і фальсыфікацыі выбараў, Ціханоўскага пакаралі на 18 гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулаў аб «арганізацыі масавых беспарадкаў», «распальваньні сацыяльнай варожасьці», «перашкодзе працы ЦВК», а таксама «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». У турме ў Беларусі яго трымалі ў цяжкіх умовах бяз сувязі з сваякамі. Ягоную жонку, Сьвятлану Ціханоўскую, пасьля выбараў прымусілі зьехаць з краіны.

21 чэрвеня 2025 году Ціханоўскі быў вызвалены разам з яшчэ некалькімі дзясяткамі беларускіх палітвязьняў пасьля візыту ў Беларусь спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага ў Беларусь і ягонай сустрэчы з Лукашэнкам. Яго, як і астатніх вызваленых палітвязьняў, выслалі зь Беларусі.

У студзені 2026 году стала вядома, што ён пераехаў у ЗША.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG