— На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» Павал Латушка і Віктар Бабарыка па-рознаму адказалі на пытаньне, ці цікавіць людзей у Беларусі дзейнасьць дэмакратычных сілаў за мяжой. Бабарыка сказаў — не, Латушка — так, і гэта залежыць ад таго, зь кім кантактуеш. Як бы вы адказалі на гэтае пытаньне?
— Я думаю, што ўсё ж такі запыт на перамены ёсьць. Стаміліся ад Лукашэнкі. Вось зноў ён выехаў на палеткі вучыць хлебаробаў, як хлеб зьбіраць і гэтак далей. Абрыдла ўжо гэта ўсё — старая кружэлка, выгляд, што ён усё лепш за ўсіх ведае: як бульбу перабіраць, як у тым старым анэкдоце.
Менавіта таму Бабарыка, пра якога вы згадалі, стаў такім папулярным у 2020 годзе. Ён не дайшоў да рэгістрацыі, яго арыштавалі менавіта таму, што ён хутка сабраў вялікую каманду і калясальную для Беларусі колькасьць подпісаў — здаецца, 500–600 тысяч. Вялікая лічба. Мы ж ведаем, што людзі стаялі ў чэргах, каб падпісацца.
Чаму? Таму што яны ўбачылі альтэрнатыву Лукашэнку — сапраўды дасьведчанага мэнэджэра, які ня будзе шчоўкаць пугаю, пагражаць усім кайданкамі, які зможа нармальна арганізаваць працу на станоўчых стымулах, на прынцыпах рынкавай эканомікі. У яго быў вялікі досьвед у банкаўскай і гаспадарчай сфэрах.
Нават тое электаральнае «балота», як кажуць лукашысты, у 2020 годзе заварушылася. Таму і былі шматтысячныя маршы. Выходзілі абсалютна новыя людзі, якія раней не цікавіліся палітыкай. Гэта была прага пераменаў. Яна засталася.
Іншая рэч, што сёньня сытуацыя такая, што ісьці на амбразуру няма каму ў Беларусі, няма такіх камікадзэ, і заклікаць да гэтага немагчыма. Але я думаю, што ня толькі сярод звычайных грамадзян, але і сярод намэнклятуры многім ужо надакучыла. Каму прыемна, калі на кожнай нарадзе табе пагражаюць пасадзіць у турму за тое, што нейкія паказьнікі не выкананыя?
Бабарыка бачыць сытуацыю наступным чынам: пасьля Лукашэнкі можа ня быць такога, што на белых джыпах уедзе апазыцыя зь Вільні ці Варшавы. Можа адбыцца паступовае разьмякчэньне аўтарытарызму. І тады ягоная апазыцыя — не радыкальная, а больш канструктыўная — можа стаць падставай для пачатку нацыянальнага дыялёгу. Так што ён спрабуе знайсьці сваю нішу. Пабачым, ці ўдасца яму гэта.
— Ані Марыя Калесьнікава, ані Сяргей Ціханоўскі не ўдзельнічалі ў канфэрэнцыі «Новая Беларусь». Адрозна ад Віктара Бабарыкі, які спрабуе аб’яднаць людзей у рамках свайго праекту. Якім вам бачыцца месца і патэнцыял Віктара Бабарыкі ў цяперашняй сытуацыі?
— Я не выключаю, што тут ёсьць і момант расчараваньня. Што тычыцца Ціханоўскага, то, выйшаўшы з турмы, ён спрабаваў двойчы ўвайсьці ў тую самую раку. На мітынгах заклікаў і казаў: праз тры тыдні я нанясу магутны ўдар па лукашызме. Але яго ўжо слухалі іншыя людзі. Не тыя, як я іранічна сказаў, «ружовыя поні», а ўжо бітыя, выкінутыя ў эміграцыю, людзі, якія зразумелі, што хуткіх пераменаў ня будзе. Таму ён даволі хутка зразумеў, што гэты мітынгавы жанр не працуе. Паспрабаваў сябе як тэарэтык, пачаў пісаць артыкулы пра «фінляндызацыю» Беларусі. Больш моцныя тэарэтыкі яго разьбілі.
Цяпер ён адкрыў YouTube-канал, рэклямуе там нейкія свае казкі. З аднаго боку, можна сказаць: «зьбіты лётчык». З другога — добра, што чалавек знайшоў сваю нішу і форму самарэалізацыі.
Тое ж самае можна сказаць і пра Калесьнікаву. Выйшаўшы з турмы, яна даволі рэзка зьмяніла пазыцыю. Раней яна казала, што трэба «дзяўбсьці гэты рэжым», а цяпер заклікае да паразуменьня з Лукашэнкам, да дыялёгу. Гэтыя невыразныя заклікі без выразных умоваў выклікалі рэзкую крытыку. Таму я не выключаю, што, расчараваўшыся і набіўшы гузакоў на гэтым палітычным полі, яна таксама знайшла добрую сфэру — музыку, дзе як таленавітая выканаўца можа сябе рэалізаваць.
На жаль, цяпер у беларускай палітыцы безчасоўе, чорны пэрыяд. Адны знаходзяць у сабе сілы перабудавацца і працаваць на пэрспэктыву, іншыя некуды сыходзяць. Калі перамены пойдуць у Беларусі, гэта ня будзе паўтарэньнем 2020 году. Гэта будзе або паступовае раьзмякчэньне аўтарытарызму, або, не выключана, выбух. Але я думаю, што беларусы, навучаныя 2020 годам, у гэтым выпадку могуць дзейнічаць больш рашуча.
— Вы гаварылі, што люзі стаміліся ад Аляксандра Лукашэнкі. Ён на гэтым тыдні сустрэўся ў Менску з кіраўніком расейскай кампартыі Генадзем Зюганавым. Зюганаў перадаў Лукашэнку мэдаль «100 гадоў Фідэлю Кастра». Зюганаў — чалавек з глыбокага мінулага, які не адыгрывае ніякай істотнай ролі ў сучаснай палітыкі Расеі. Пра што сьведчыць сустрэча двух глыбока савецкіх па духу людзей Лукашэнкі і Зюганава?
— Калі падбіраць эпіграф да гэтай сустрэчы, я б узяў: «Няма таго, што раньш было». Сапраўды, гэтае сяброўства зарадзілася яшчэ ў 1990-я. Тады малады Лукашэнка ірваўся да крамлёўскага трону, трубіў пра братэрства, інтэграцыю, аб’яднаньне народаў. Для расейскіх камуністаў гэта было як бальзам на душу, бо праз інтэграцыю і Саюзную дзяржаву яны бачылі шлях да аднаўленьня Савецкага Саюзу. І гэта была ня толькі духоўная ды ідэалягічная блізкасьць. Беларускія мэдыі пісалі, што ў 1996 годзе Лукашэнка праз свой фонд, праз фірму «Торгэкспа», нібыта на 12 мільёнаў даляраў падтрымаў перадвыбарчую кампанію Зюганава.
А цяпер я ня ведаю, чаму раптам прыехаў Зюганаў. Гэты мэдаль Лукашэнку прысвоілі яшчэ ў 2024 годзе. Цяпер, калі ідзе электаральная кампанія ў Дзярждуму, ён надумаўся нарэшце ўручыць узнагароды. Думаю, што гэта можа быць, калі не ў матэрыяльным, то ва ўсякім разе ў піярным пляне зьвязана з перадвыбарчай кампаніяй Зюганава. Хаця сёньня гэта ўжо сьмешна, бо выбараў у Расеі, як і ў Беларусі, няма. У 1996 годзе Зюганаў быў сур’ёзным канкурэнтам Ельцыну. А сёньня ён — дэкаратыўная фігура на фасадзе пуцінскага аўтарытарызму.
Але Лукашэнка, хоць і пацярпеў паразу ў сваіх амбіцыях заваяваць крамлёўскі трон, шмат у чым увасобіў савецкую мадэль. Таму Зюганаў яго і хваліць і, напэўна, будзе выкарыстоўваць гэта ў сваёй агітацыйнай кампаніі.
Страшную спадчыну сталінізму беларусы як сьлед не асэнсавалі. Таму ў 1994 годзе яны выбралі гэтага папуліста, які абяцаў вярнуць «сьветлую мінуўшчыну». Многім сапраўды ўяўлялася ідэалізаваная савецкая мінуўшчына, хаця яна была страшнай. Пра гэта расказвала Мая Кляшторная, нагадваў Хашчавацкі ў сваіх фільмах. На жаль, у свой час не адбылося пераасэнсаваньня гісторыі. Таму выбралі чалавека, які шмат у чым паспрабаваў зрабіць рэінкарнацыю савецкай мадэлі. Іншая рэч, што ў гістарычным пляне гэта ўсё адно марныя высілкі. Але беларусам яшчэ давядзецца прайсьці праз колы пекла, каб усё ж заваяваць свабоду.
2020 год паказаў, што нацыя вырасла. Але і дыктатура стала мацнейшай, больш агрэсіўнай, больш бязьлітаснай. Таму гэтая барацьба будзе працягвацца. І ўсё ж я застаюся аптымістам. Я не думаю, што гэта будзе хутка, але думаю, што беларусы ўсё ж заслугоўваюць лепшай будучыні.
Форум