«Гэта пачатковая, азнаямленчая сустрэча, але адбываюцца таксама сустрэчы паміж іншымі міністэрствамі і на іншых узроўнях. Неўзабаве мы адкрываем новы будынак амбасады ў Менску», — працытавала выданьне onet.pl словы Сікорскага.
«ААН — гэта нэўтральная тэрыторыя», — сказаў Радослаў Сікорскі і дадаў, што гэта дазваляе сустракацца з прадстаўнікамі краін, зь якімі адносіны неканечне былі б нармалізаваныя ў іншых умовах.
Як ў СПБ адрагавалі на інфармацыю аб сустрэчы кіраўнікоў МЗС
З гэтай нагоды кіраўніца Саюзу палякаў у Беларусі (СПБ) Анжаліка Борыс заявіла, што «пацяпленьне дачыненьняў паміж Польшчай і Беларусьсю ў інтарэсах ня толькі польскай меншасьці ў Беларусі, але ўвогуле грамадзянскай супольнасьці».
«Людзі ў Беларусі прагнуць нармалізацыі. Падчас маіх частых паездак па краіне і зносін як з палякамі, так і зь беларусамі адчуваецца атмасфэра нармалізацыі — урэшце, „цяжкі“ дыялёг лепшы за „добрую вайну“», — напісала яна на сваёй старонцы ў Facebook.
Што папярэднічала
У 2011 годзе ўлады Беларусі адмовіліся падоўжыць арэнду будынку на вуліцы Румянцава ў Менску, які займала амбасада Польшчы. Афіцыйна гэта патлумачылі «тэхнічнымі прычынамі». Аднак некалькі палітолягаў выказвалі вэрсію, што гэта стала адказам на крытыку Варшаваю сыстэматычных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.
Тагачасны амбасадар Польшчы ў Менску Лешэк Шарэпка тлумачыў, што з пытаньнем аб працягу арэнды будынка пасольства ён зьвяртаўся ў МЗС і адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі і нават адправіў адпаведную ноту, але станоўчага разьвязаньня знайсьці не ўдалося.
Пакуль што амбасада Польшчы ў Менску месьціцца на вуліцы Валадарскага, а яе консульскі аддзел — на вуліцы Крапоткіна.
Новы будынак амбасады пачалі будаваць на Старавіленскім тракце ў 2021 годзе. Да таго, паводле польскіх дыпляматаў, пачаць будаўніцтва не маглі шмат гадоў у сувязі зь бюракратычнымі перашкодамі.
Форум