У Міністэрстве абароны Малдовы паведамілі, што раніцай 24 верасьня праз прылёты расейскіх бесьпілётнікаў мусілі на 2,5 гадзіны закрыць паветраную прастору краіны.
Як адзначаецца ў паведамленьні міністэрства, першы дрон заляцеў у Малдову а 05:21 — ён рухаўся з памежнай Віньніцкай вобласьці Ўкраіны, але праз пэўны час разьвярнуўся назад ва ўкраінскім кірунку.
Другі дрон заляцеў з Чарнавіцкай вобласьці а 06:14, але праз 2 хвіліны таксама пакінуў паветраную прастору Малдовы.
Яшчэ адзін аб’ект перасек мяжу а 06:35 — ён рухаўся зь Віньніцкай вобласьці ў кірунку Сароцкага раёну, а 06:45 яго рух празь некалькі населеных пунктаў заўважылі ўжо ў сяле Гура-Каменчый (раён Фларэшты).
Усьлед за гэтай інфармацыяй Міністэрства абароны паліцыя з спасылкай на мясцовага грамадзяніна паведаміла аб гуках выбуху прыблізна а 07:45. Папярэдне, інцыдэнт адбыўся ў горадзе Каменка, на левым беразе Днястра. Яшчэ адно паведамленьне аб гуках выбухаў атрымалі ад жыхароў вёскі Чэрніца (раён Фларэшты).
Пазьней паліцыя ўдакладніла, што выбух адбыўся на полі паблізу фэрмы каля вёскі Чэрніца. Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто не пацярпеў.
Праз пэўны час паліцыя паведаміла, што выяўлены ў раёне Фларэшты бесьпілётнік мае характарыстыкі, уласьцівыя апаратам тыпу «Гербера», якія выкарыстоўвае Расея супраць Украіны.
«Папярэдне, гэта першы выпадак выяўленьня на тэрыторыі Рэспублікі Малдова лётнага апарата такога тыпу, абсталяванага бартавой камэрай. Паводле экспэртаў, перад падзеньнем на зямлю і выбухам бесьпілётнік сутыкнуўся з дрэвам», — адзначаецца ў паведамленьні паліцыі.
Для дакладнай ідэнтыфікацыі дрона правядуць спэцыялізаваную экспэртызу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці пагражаў самалёту Зяленскага расейскі дрон? Што кажуць у Кішынёве і ОслаЗафіксавалі прылёт зь Беларусі толькі аднаго расейскага дрона
Украінскія маніторынгавыя каналы сталі радзей паведамляць аб расейскіх дронах, якія залятаюць ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі.
У ноч на 24 верасьня, калі расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 282 ударнымі і гібрыднымі дронамі, нібыта толькі адзін бесьпілётнік заляцеў зь Беларусі ў кірунку Народзічаў Жытомірскай вобласьці.
Апошні раз пра значную колькасьць расейскіх дронаў, што рухаліся паўз украінскую мяжу з боку Беларусі, паведамлялі 12 верасьня. Пазьней, калі арыентавацца на паведамленьні ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, такія выпадкі былі адзінкавыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Над Украінай рой расейскіх дронаў. Яны зноў ляцяць празь Беларусь. На Жытоміршчыне два чалавекі загінуліЗа некалькі дзён да гэтага інцыдэнту начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Алег Івашчанка ў інтэрвію, апублікаваным 11 верасьня ў брытанскай газэце The Times, заявіў, што ў Беларусі зноў працуюць рэтрансьлятары для навядзеньня расейскіх бесьпілётнікаў.
«На нейкі час яны перасталі іх усталёўваць, але цяпер мы бачым, што некаторыя рэтрансьлятары зноў працуюць. У нас дастаткова магчымасьцяў, каб з гэтым разабрацца», — сказаў Івашчанка.
Што папярэднічала
Згодна з інфармацыяй апэратыўнага камандаваньня Паветраных сілаў Украіны, у ноч на 24 верасьня расейскія войскі атакавалі Ўкраіну супрацькарабельнымі ракетамі «Цыркон», балістычнымі ракетамі Іскандэр-М/С-400/KN-23, а таксама 282 ударнымі і гібрыднымі дронамі.
Асноўныя ўдары былі скіраваныя на Адэскую і Кіеўскую вобласьці.
У Кіеве два чалавекі загінулі, 6 атрымалі раненьні. Паводле ўладаў, у выніку расейскіх абстрэлаў пацярпела камунікацыйная кампанія, зьнішчаныя склады «Новай пошты», пашкоджаньні атрымалі радзільня і дыягнастычны цэнтар.
У Адэскай вобласьці пацярпелі прынамсі два чалавекі. У выніку абстрэлаў пашкоджаныя лякарня, гімназія, жылыя дамы, гандлёвы цэнтар, склады, іншыя цывільныя аб'екты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея атакавала ракетамі Кіеў, у ААН разгледзелі пытаньне Ўкраіны, Масква ня будзе спыняць вайну дзеля перамоўВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.