16 верасьня ў выніку двухдзённых перамоў спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 25 зьняволеных іх вывезьлі ў Літву, у тым ліку валянтэрку гомельскай «Вясны» Сьвятлану Якубовіч.
Сьвятлана распавяла «Вясьне» дэталі сваёй справы, умовы зьняволеньня, а таксама заклікала зрабіць усе магчымыя захады дзеля вызваленьня іншых жанчын-палітзьняволеных, якія застаюцца за кратамі.
Паводле Сьвятланы Якубовіч у гомельскай жаночай калёніі, дзе яна адбывала пяцігадовы тэрмін, у верасьні зьявіліся чуткі пра хуткае вызваленьне 150 палітвязьняў: 100 мужчын і 50 жанчын. Аднак на волю 16 верасьня датэрмінова выпусьцілі толькі 25 чалавек, зь іх 7 жанчын.
Былая палітзьняволеная Сьвятлана Якубовіч заклікае зрабіць усё, каб хутчэй на волю выйшлі ўсе жанчыны, асуджаныя «за палітыку», і найперш тыя, хто знаходзіцца ў цяжкім фізычным стане.
«Мне вельмі крыўдна, што так мала жанчын вызвалілі», — кажа яна.
Сьвятлана перакананая, што па стане здароўя тэрміновае вызваленьне патрэбнае для дзясяткаў жанчын, якіх трымаюць у калёніях.
«У нас за кратамі засталося вельмі шмат жанчын з крытычным станам здароўя, а ўсё, чым могуць ім дапамагчы, — гэта пігулка супраць болю. Я сама піла шмат пігулак і толькі свой страўнік псавала. Але іншых варыянтаў няма, патрэбна працаваць, і ніхто не глядзіць на твае захворваньні», — кажа Сьвятлана.
Паводле былой зьняволенай гомельскай калёніі нумар 4, працаваць ёй там даводзілася па 14–20 дзён без выходных.
«У нядзелю рабілі добраахвотна-прымусовыя зьмены, з адным выхадным на месяц. Там засталіся мае сяброўкі, якія вельмі чакаюць вызваленьня. Таму сэрца за іх баліць. Яны губляюць здароўе. А шмат у каго на волі застаюцца дзеці, якім патрэбная маці. Прычым здаровая маці. Трэба рабіць усё магчымае, каб вызваліць хаця б усіх палітычных зьняволеных жанчын», — заклікае Сьвятлана Якубовіч.
За кратамі застаўся муж Сьвятланы Станіслаў Мачанаў, таксама валянтэр «Вясны», якага ў 2025 годзе асудзілі на 4 гады няволі. Гэта другі тэрмін зьняволення Мачанава з 2021 году. Цяпер ён адбывае пакараньне ў ПК № 8 ў Воршы.
Хто такая Сьвятлана Якубовіч
Сьвятлана Якубовіч, валянтэрка гомельскай «Вясны», затрымалі 31 кастрычніка 2024 году ў Гомлі і абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне «экстрэмісцкай» дзейнасьці).
26 лістапада 2025 году асудзілі на пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Яе вызвалілі і вывезьлі ў Літву 16 верасьня 2025 году пасьля перамоваў прадстаўніка прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі ў складзе групы з 25 палітвязьняў.